Председатель Витебского облисполкома Николай Шерстнев провёл пресс-конференции, посвященную развитию агропромышленного комплекса области и проведению фестиваля-ярмарки «Дажынкі»

Сельское хозяйство

Сёння аграрыі Віцебшчыны адзначаюць заканчэнне чарговага сельскагаспадарчага цыкла – на абласным свяце “Дажынкі” ў Браславе ўшаноўваюць герояў палёў, заслужаныя ўзнагароды знойдуць тых, хто ўнёс важкі ўклад у агульны каравай вобласці. Чым быў адметны сёлетні год, у якім напрамку развіваецца аграпрамысловы комплекс рэгіёну, і якія перспектывы яго чакаюць? На гэтыя і іншыя пытанні, звязаныя са станам спраў на сяле, планамі галіны, у аўторак на прэс-канферэнцыі для сродкаў масавай інфармацыі адказаў старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Мікалаевіч Шарснёў.

Аб выніках і ўроках жніва.

Валавы збор зерня на Віцебшчыне дасягнуў сёлета 980 тон – на 30 працэнтаў больш, чым у 2018-м. Ураджайнасць на 4,7 цэнтнера з гектара больш мінулагодняй. Вобласць на другім месцы ў краіне па выхадзе зерня на бала-гектар – 106 кілаграмаў (у Брэсцкай – 112). Старшыня аблвыканкама адзначыў, што гэты вынік дасягнуты ў няпросты год. Сяўба яравых пачалася вельмі рана – на Віцебшчыне да канца сакавіка ніколі не сеялі тысячу гектараў. І, маючы вопыт у аграрнай галіне, М.М.Шарснёў ужо тады зразумеў, што нас чакаюць анамальныя прыродныя з’явы. І сапраўды – красавік выдаўся сухім, з сярэдзіны мая прыйшла спёка, ліпень аказаўся халодным, а навальніцы і ліўні ў жніўні значна ўскладнілі ўборку – зерневыя моцна палеглі, зараслі пустазеллем, частку плошчаў прыйшлося ўбраць на кармы. Менавіта па гэтай прычыне недабрана 150-200 тысяч тон. “Усё было зроблена для таго, каб атрымаць мільён 150 тысяч тон зерня – гэты хлеб на палях быў”, – рэзюмаваў Мікалай Мікалаевіч.

Затое год выдаўся неблагі для іншых культур. Па ўсёй вобласці вырасла добрая кукуруза, Віцебшчына мае лепшую ў рэспубліцы ўраджайнасць бульбы. І калі ў першы ўкос спёка перашкаджала, то ў наступныя месяцы сфарміраваліся выдатныя травы, нават зараз іх яшчэ можна ўбіраць. Гэта дае магчымасць пераадолець адставанне па валавой вытворчасці малака.

Падводзячы вынікі жніва і аналізуючы яго ўрокі, старшыня аблвыканкама агучыў відавочную выснову – аграрыям вобласці трэба падстройвацца пад надвор’е, быць у тэхналагічным плане хутчэй усіх: вясной, пакуль дастаткова вільгаці, праводзіць пасяўную за два тыдні, а не за два месяцы, і ўбіраць хлеб таксама ў самыя сціслыя тэрміны. Праблема – у недахопе тэхнікі. М.М.Шарснёў пацвердзіў свае словы лічбамі: “У 2002 годзе ў вобласці меўся 12131 трактар, зараз іх 6700. Энерганасычаных тады было 2204, сёння – 1184. На ўліку стаяла 2662 зернеўборачныя камбайны, сёлета – 1409. Такім чынам нагрузка на адзінку тэхнікі і на чалавека ўзрасла ў разы. Нам жыццёва неабходна стварыць магутны тэхнічны парк, каб забяспечыць сяўбу і ўборку ў самыя сціслыя тэрміны. Прыклады ёсць. Надвор’е для ўсіх аднолькавае, але ў філіяле “Мазалавагаз” Віцебскага раёна і ў аршанскай “Ларынаўцы” ўсе аб’ёмы работ паспяваюць зрабіць у тэрміны”.

Маякі, перадавікі і “поле старшыні”

У Аршанскім і Віцебскім раёнах сёлета пераадолелі планку ў 100 тысяч тон зерня – гэта своеасаблівыя маякі сельскагаспадарчай вытворчасці вобласці. Пастаўскі раён даў самы высокі прырост валавога збору – амаль 170 працэнтаў. Прыемна і пачэсна, што ў лідзіруючай групе па гэтым паказчыку знаходзіцца і наш раён – 144 працэнты да ўзроўню мінулага года. Такую ж прыбаўку атрымаў Чашніцкі раён, а Гарадоцкі і Верхнядзвінскі – 141 і 146 працэнтаў адпаведна. Калі браць у разрэзе фізічных аб’ёмаў, то больш за ўсіх прырос Аршанскі раён – 25 тысяч тон, Пастаўскі і Верхнядзвінскі – па 23, Віцебскі – 20. “Гэта нашы перадавікі” – адзначыў М.М.Шарснёў.

На пытанне аб ідэальных па тэхналогіях участках, так званых “палях старшыні” Мікалай Мікалаевіч адказаў, што сёлета асабліва ніхто не здзівіў, бо з-за ўмоў надвор’я нават на тых палетках, дзе былі створаны ідэальныя ўмовы, рэкордаў не зафіксавана. Але прывёў асобныя прыклады: “У гэтым годзе гібрыднае жыта выстаяла ў спёку і вытрымала пераўвільгатненне – у асобных гаспадарках ураджайнасць гэтай культуры даходзіла да 80 цэнтнераў з гектара, хаця ў мінулым годзе было і 100. Зноў прывяду ў прыклад “Ларынаўку” – на круг вырасцілі амаль 82 цэнтнеры, “Хацілы-Агра” Пастаўскага раёна – 65,7. У “Мнюце” Глыбоцкага жыта дало 78 цэнтнераў, у “Задняпроўскім” Аршанскага – 80.

Пералом у свядомасці і стаўка на моладзь

Па меркаванні старшыні аблвыканкама, каб у далейшым атрымліваць такія ўраджаі на кожным полі, акрамя тэхнічнага перааснашчэння неабходна настроіць кадры на тое, што мы можам і павінны працаваць лепш. М.М.Шарснёў добра памятае савецкія часы, калі ў аграрыяў не было недахопу ў мінеральных угнаеннях, а вынікаў атрымаць не ўдавалася. І ў спецыялістаў, якія сфарміраваліся ў мінулым стагоддзі, устойлівае меркаванне аб тым, што ў нашых кліматычных умовах добры ўраджай не вырасціш. Але ж сёння з’явіліся новыя сарты, якія патрабуюць новых падыходаў, догляду і ахоўных мерапрыемстваў. Дабіцца выканання тэхналогіі ад кіраўнікоў старой загартоўкі часта вельмі складана – нібы і слухаюць, а не робяць. Таму ў кадравай палітыцы стаўка робіцца на моладзь, якую не трэба перавучваць, якая з энтузіязмам адгукаецца на наватарствы, будзе ведаць, што Віцебская вобласць не горшая ў краіне, проста ў нас свае асаблівасці, да якіх трэба прызвычаіцца і прыстасавацца. “Моладзі фарміраваць патэнцыял сельскай гаспадаркі, – упэўнены старшыня аблвыканкама. – З 2017 года мы замянілі 7 старшынь райвыканкамаў, 13 начальнікаў упраўленняў сельскай гаспадаркі, ідзе амаладжэнне кадраў у сельгаспрадпрыемствах. Многа часу ўдзяляем навучальным установам: пашыраем практыку, праводзім прафесійныя конкурсы, заахвочваем лепшых. Усё гэта робіцца для таго, каб сфарміраваць разуменне, што і на сяле можна зарабіць”.

Прыярытэтная жывёлагадоўля

Адзін са шляхоў у гэтым напрамку – павелічэнне зарплаты спецыялістам у жывёлагадоўлі. І М.М.Шарснёў лічыць, што яна апраўдвае сябе. “У жывёлагадоўлі атрымаць імгненныя вынікі немагчыма, – патлумачыў Мікалай Мікалаевіч. – Тым не менш наша ідэалогія ўжо прыжываецца. Паглядзім зводку на 23 верасня: валавая вытворчасць – 103,8 працэнта, прадукцыйнасць вырошчвання на 620 грамаў вышэй мінулагодняй, продаж малака – 106 працэнтаў, 63 працэнты сортам экстра. Усе паказчыкі павелічэння закладзены ў сістэму прэміравання. Сярэднямесячная зарплата спецыялістаў ветслужбы па вобласці склала 970 рублёў, аператараў па штучным асемяненні – 1030. Гэта значна вышэй, чым у іншых спецыялістаў – аграномаў, інжынераў, бухгалтараў, эканамістаў. Такія прывілеі выцякаюць з таго, што жывёлавод працуе круглы год і справа яго сапраўды цяжкая. Акрамя таго мы будуем сучасныя комплексы, а працаваць на іх няма каму, многія выпускнікі ветакадэміі не заставаліся на вытворчасці – няма ўмоў і нізкая зарплата. Дык вось умовы па ўсёй вобласці адразу не створыш, а падняць зарплату – рэальна. І што мы бачым: выпускнікі ВНУ з іншых абласцей імкнуцца сёння трапіць у Віцебскую”.

Будучыня ў вёскі ёсць

Не маглі не пацікавіцца журналісты і меркаваннем старшыні аблвыканкама наконт “вёскі будучыні”. “Я разумею, мы кажам аб населеным пункце, які спалучае сельскі ўклад жыцця і ў той жа час мае гарадскую інфраструктуру, – агучыў сваё бачанне Мікалай Мікалаевіч. – Мы маем у Віцебскай вобласці 21 праект па пераўтварэнні пасёлкаў, кожны год абнаўляем адзін-два з іх. Не сакрэт і тое, што правядзенне фестывалю “Дажынкі” ў райцэнтрах было задумана як спосаб развіцця рэгіёну – кожны год мы комплексна паляпшаем выгляд аднаго з малых гарадоў. Гэта вялікія выдаткі: трэба ўзняць усе старыя камунікацыі, адрамантаваць школы, дзіцячыя сады і бальніцы, стадыёны і спартыўныя залы. Дык што, кінуць райцэнтры дзеля вёсак будучыні? Мне здаецца, што трэба шукаць баланс у гэтым пытанні. Тым больш што і там, дзе навялі парадак, трэба памнажаць зробленае”.

Абласныя “Дажынкі” ўжо прайшлі ў Гарадку, Сянно, Талачыне, Дуброўне, Верхнядзвінску. І бачна станоўчая дынаміка – там, дзе гарады сталі прыгожымі і камфортнымі, змяншаецца адток людзей, застаюцца і вяртаюцца выпускнікі. І гэта, як справядліва зазначыў М.М.Шарснёў, галоўнае, бо без моладзі ў сельскіх рэгіёнаў няма будучыні.

Падрыхтаваў Д.Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *