Для учителя-дефектолога Ольги Гурлени работа и есть главное увлечение

Общество

Ёсць людзі, якія з першай хвіліны знаёмства заваёўваюць прыхільнасць да сябе, і калі з імі размаўляеш, час ляціць непрыкметна. Менавіта такім чалавекам з’яўляецца настаўнік-дэфектолаг Вольга Уладзіміраўна Гурленя. А з якім задавальненнем да яе на заняткі ідуць выхаванцы з ясляў-сада №4 г.п.Ушачы!

Трэба адзначыць, што дзейнасць яе даволі спецыфічная – каб вучыць дзетак з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, парушэннямі маўлення, трэба валодаць не толькі адмысловымі ведамі, а і мець асаблівыя рысы характару. І задачай Вольгі Уладзіміраўны з’яўляецца выпраўленне сітуацыі, развіццё навыкаў. А гэта, найперш, цярплівасць і ўраўнаважанасць, бо практыкаванні ці тэму часта трэба паўтараць і тлумачыць па некалькі разоў, а каб дабіцца правільнага вымаўлення асобных гукаў – яшчэ больш. “У гэтай справе няма шаблонаў і стандартаў, да кожнага дзіцяці трэба знайсці асобны падыход. У маёй спецыяльнай групе 12 выхаванцаў рознага ўзросту з цяжкімі парушэннямі маўлення, мы ўжо вельмі пасябравалі, яны прывыклі да мяне, а я да іх. Добра наладжаны кантакт і з бацькамі, прыемна, калі яны звяртаюцца за парадамі – недастаткова толькі адведзеных на гэта гадзін у дашкольнай установе. Неабходна замацоўваць засвоенае, напрыклад, ідучы па дарозе дадому, у зносінах з блізкімі. Ды і наогул, бацькам як мага больш часу трэба займацца з дзецьмі, абмяжоўваючы іх карыстанне камп’ютарамі і тэлефонамі. І я радуюся, калі бачны плён агульнай працы – чыстае, граматнае маўленне дзіцяці”, – гаворыць Вольга Уладзіміраўна.

Гэтымі днямі яе выхаванцы ў садку разбіралі восеньскую тэму. І як радаваўся кожны з іх, калі ўдавалася правільна вымаўляць словы, называць прыкметы пары года, запамінаць назвы грыбоў! 27 гадоў педагагічнага стажу, памножаныя на веды і характар, дапамагаюць дасягаць станоўчых вынікаў. Свае ж першыя працоўныя крокі выпускніца Ушацкай школы рабіла ў Кублічах. Атрымаўшы вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “настаўнік пачатковых класаў”, выкладала ва Ушацкай школе, а крыху пазней у інстытуце павышэння кваліфікацыі скончыла факультэт дэфекталогіі. Працавала ў раённым карэкцыйным цэнтры, зараз жа асноўная яе дзейнасць сканцэнтравана ў прыгаданым садку, дзе займаецца не толькі з выхаванцамі сваёй групы, а і іншымі дзецьмі, з’яўляецца настаўнікам і для некаторых вучняў Ушацкай школы на надомным навучанні. На пытанне аб захапленнях у вольны час жанчына, не задумваючыся, адказала, што работа і ёсць галоўнае. Менавіта таму паспявае займацца яшчэ і рэпетытарствам, рыхтуючы дзетак да садка ці школы. Да кожнага з іх яна адносіцца з непадробнай цеплынёй і ўвагай, быццам да сваіх, родных. А мнагадзетнай мамай з’яўляецца і ў прамым сэнсе – у Вольгі Уладзіміраўны трое дачушак, а нядаўна яна стала і бабуляй.

В.У.Гурленя з задавальненнем кожную раніцу спяшаецца на працу і заўсёды верыць у свае сілы і магчымасці тых, чые вочкі штодня глядзяць на яе з надзеяй.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *