Здесь все условия для развития талантов! Ушачская детская школа искусств отпраздновала новоселье

Общество

Дырэктар Ушацкай дзяцічай школы мастацтваў Сяргей Васільевіч Парашкін добра памятае той восеньскі дзень 2016-га, калі на сустрэчу з працоўным калектывам установы завітаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У.П.Андрэйчанка, які наведваў наш рэгіён з рабочым візітам і праводзіў прыём грамадзян. Педагогі і кіраўніцтва раёна звярнуліся да дэпутата з просьбай аб будаўніцтве новага памяшкання для ўстановы. Было вырашана выкарыстаць для гэтых мэт старую школу, якая пуставала. І неўзабаве на ёй ужо пачаліся работы. А першае верасня ва Ушачах сёлета атрымалася двайным святам – на Дзень ведаў у гарпасёлку ўрачыста адкрылі і новую дзіцячую школу мастацтваў.

На яе будаўніцтва затрачана звыш трох мільёнаў рублёў бюджэтных сродкаў, а ход узвядзення У.П.Андрэйчанка ўзяў пад асабісты кантроль, заўсёды знаходзіў час наведаць аб’ект падчас візітаў у сваю выбарчую акругу. Таму 1 верасня быў у ліку ганаровых гасцей падчас урачыстасці, разам са старшынёй райвыканкама Уладзімірам Генадзьевічам Аўдошкам і старшынёй Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімірам Уладзіміравічам Цярэнцьевым перарэзаў сімвалічную чырвоную стужку.

Спікер беларускага парламента назваў новы дом для юных талентаў і іх педагогаў чарговым падарункам ушачанам ад дзяржавы. І сапраўды, у райцэнтры пры падтрымцы дэпутата рэканструяваны многія сацыяльна значныя аб’екты, пабудаваны і паспяхова працуе фізкультурна-аздараўленчы комплекс “Юнацтва-Ушачы”, дзе займаюцца не толькі жыхары нашага і суседніх раёнаў – яго выбіраюць месцам правядзення вучэбна-трэніровачных збораў нават члены зборных каманд краіны па розных відах спорту, дэлегацыі з рэгіёнаў Расійская Федэрацыі ад Санкт-Пецярбурга да Сахаліна. Зараз адной з адметнасцяў райцэнтра стаў і новы аб’ект.

– Не адна з лепшых, а лепшая музычная школа ў вобласці, – адзначыў на цырымоніі адкрыцця У.У.Цярэнцьеў. – 21 шыкоўны кабінет, пры праектнай магутнасці больш 360 навучэнцаў 100 маюць магчымасць займацца адначасова. Гэта з’яўляецца доказам таго, што сёння дзяржава звяртае ўвагу не толькі на развіццё эканомікі, сельскай гаспадаркі, прамысловасці, а і на сферу культуры, у тым ліку і ў малых гарадах.

У.П.Андрэйчанка, У.У.Цярэнцьеў, кіраўніцтва раёна дзякавалі будаўнікам і праектантам. На цырымонію былі запрошаны дырэктары прадпрыемства “Інстытут Віцебсксельбудпраект” Уладзімір Сяргеевіч Жукаў і Шумілінскай ПМК-70 Аляксей Юр’евіч Крыўко, выконваючы абавязкі дырэктара Ушацкай ПМК-66 Мікалай Паўлавіч Грыневіч. У.У.Цярэнцьеў асабліва адзначыў прафесіяналізм шумілінскіх будаўнікоў: “За які аб’ект яны не ўзяліся б – атрымліваецца цацка!”

Дырэктар ушацкага Дома рамёстваў Юрый Канстанцінавіч Пашковіч выразаў з дрэва прыгожы сімвалічны ключ, які А.Ю.Крыўко перадаў дырэктару школы С.В.Парашкіну і навучэнцы эстраднага аддзялення Надзеі Раманоўскай. У.Г.Аўдошка павіншаваў усіх са святам і падкрэсліў, што ва Ушацкай школе мастацтваў заўсёды быў цудоўны калектыў педагогаў-прафесіяналаў, цудоўныя дзеці, а зараз яны атрымалі цудоўныя ўмовы для развіцця сваіх талентаў. Таму кіраўнік раёна выказаў упэўненасць, што і вынікі будуць адпаведнымі – таксама цудоўнымі.

Ад імя будаўнікоў слова трымаў дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва Ушацкага раёна Аляксандр Сяргеевіч Лосеў, які, дарэчы, сам адносіцца да кагорты творцаў, піша вершы. Ён адзначыў, што прыемна, калі новую старонку свайго школьнага жыцця дзеці пачнуць у новай школе. “Такія аб’екты даўно не будаваліся ў нашым рэгіёне, – казаў А.С.Лосеў. – Улічваючы яго ўнікальнасць, сціслыя тэрміны здачы, гэта накладала свой адбітак на характар работ. Дзесьці прыходзілася і вечарамі працаваць, выхаднымі… Баставаць было некалі – будавалі для сябе, сваіх дзяцей, для нашага пасёлка і раёна. Школа – гэта не толькі будынак, гэта і калектыў педагогаў, і той высокі культурны ўзровень, які дзеці панясуць адсюль у дарослае жыццё… Талентамі Ушаччына багата і ў новым храме мастацтваў нам іх яшчэ адкрываць і адкрываць!”

Як сапраўдны храм і асвяціў новую школу благачынны Ушацкага раёна айцец Вячаслаў. Начальнік упраўлення культуры аблвыканкама Пётр Мікалаевіч Падгурскі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы культуры і па справах моладзі райвыканкама Пётр Аляксандравіч Алексяёнак і С.В.Парашкін правялі для гасцей экскурсію па будынку – зараз тут ёсць усё, аб чым у былым прыстасаваным памяшканні ўстановы можна было толькі марыць – прасторныя гукаізаляваныя кабінеты, вялікая канцэртная зала, класы для заняткаў танцамі, душавыя. Набыта новая мэбля, светлавое і гукавое абсталяванне, якое яшчэ будзе даўкамплектавана, закуплены новы кабінетны раяль, акустычныя і электрагітары, домры, ударная ўстаноўка і некаторыя іншыя інструменты.

Педагогі школы не скупіліся на словы ўдзячнасці У.П.Андрэйчанку, абласным і раённым уладам, навучэнцы перад тэлекамерамі казалі пра новы імпульс для ўдасканалення сваіх талентаў і роўныя магчымасці для заняткаў з аднагодкамі з буйных гарадоў. Зараз ва Ушацкай школе мастацтваў культывуюцца напрамкі інструментальны, харэаграфічны і выяўленчага мастацтва, педагогі і дзеці з’яўляюцца пераможцамі і прызёрамі многіх прэстыжных творчых конкурсаў і праектаў, у тым ліку і міжнародных. У.П.Андрэйчанка пажадаў калектыву ўстановы не спыняцца на дасягнутым, у новых умовах развіваць новыя напрамкі, напрыклад, тэатральны.

Завяршылася ўрачыстасць невялікім канцэртам, дзе юныя навучэнцы прадэманстравалі гасцям свае таленты. Зала не змагла змясціць усіх жадаючых. Зрэшты, на мерапрыемствах, якія рыхтуе Ушацкая дзіцячая школа мастацтваў, заўсёды так.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *