На уборке картошки в «Агро-Селище»

Общество

Сёлетні год выдаўся нялёгкім для сельгаспрадпрыемства менавіта ў плане вырошчвання бульбы. Вясной не хапала пасадачнага матэрыялу і даводзілася завозіць яго з Мінскай вобласці. Ну а што казаць пра надвор’е, якое штомесяц прыпадносіла нечаканыя сюрпрызы: у пачатку лета ішлі дажджы, а потым наступіла небывалая спякота. Улічваючы гэтыя фактары, сёння можна гаварыць, што ўсё ж такі ў гаспадарцы вырас нядрэнны ўраджай. Гэта адразу заўважылі і людзі з цэнтра занятасці, яны, як і ў мінулым годзе, дапамагаюць збіраць ураджай менавіта гэтай гаспадарцы. Некалькі крокаў — і вядро ўжо напаўняецца. Толькі за першы дзень 12 чалавек выкапалі больш пяці тон бульбы.

На полі ў Мажуйках вось ужо каторы дзень з раніцы да вечара мнагалюдна. Акрамя беспрацоўных на дапамогу сельгаспрадпрыемству прыбылі навучэнцы Полацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа, а таксама вучні Плінскай школы. За якасцю ўборкі пастаянна сочаць прадстаўнікі гаспадаркі, яны ж і прыкмячаюць, што абсалютна ўсе стараюцца, з энтузіазмам прыступілі да работы ў першы ж дзень.

Студэнты, а дакладней адны студэнткі, прыехалі ва Ушацкі раён на месяц, прызнаюцца, што з задавальненнем, бо гэта не толькі адпачынак ад вучобы і лекцый, але і магчымасць зарабіць, тым больш – для многіх вясковая праца з’яўляецца прывычнай. Таму не лянуюцца, у дзень збіраюць у сярэднім па 200, а то і больш вядзёр.

Ударна працаваць дазваляе і надвор’е. А на выпадак дажджоў на полі пастаянна знаходзяцца аўтобусы.

Многае залежыць і ад тэхнікі. Паколькі ў гаспадарцы маецца адна капалка, то разганяць барозны яна пачынае ў начны час, каб да васьмі гадзін раніцы паспець забяспечыць усіх працаўнікоў работай.

Вырашчаная бульба пераважна сартоў беларускай селекцыі – “Талісман”, “Брыз”, “Скарб”, “Журавінка”. Сярэдняя ўраджайнасць пакуль складае 101,7 цэнтнера з гектара. Мяркуецца, што на некаторых участках яна будзе вышэй.

Па-ранейшаму ў “Селішчы” ўпэўнены, што бульба – прыбытковая культура, і адмаўляцца ад яе вырошчвання не трэба. Не ва ўсіх урадзіла яна ў гэтым годзе. Ужо сёння вырашчаны ўраджай другога хлеба карыстаецца попытам. У далейшым аграрыі задумваюцца пра набыццё новых сартоў, а таксама пра тэхніку, без папаўнення якой бульбу не вырасціць.

В.ПОЛАЗАВА

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *