На таких работниках как Александр Селезень держатся предприятия

Ими гордятся Сельское хозяйство

За 15 гадоў сваёй прафесійнай дзейнасці трактарыст-машыніст ААТ “Ільюшынскі” Аляксандр Віктаравіч Селезень пастаянна трапляў у аб’ектывы нашых фотакамер і станавіўся героем публікацый. Вясной і восенню ён рыхтуе глебу пад сяўбу, у пачатку лета задзейнічаны на адвозцы кармоў, потым спяшаецца на зерневыя і кукурузныя палеткі, каб разгрузіць камбайны. А ўзімку працуе на вывазцы арганікі, пагрузцы-выгрузцы кармоў. І на любым участку дабіваецца высокіх паказчыкаў. Таму заканамерна, што сёлета яго прозвішча занесена на раённую Дошку гонару.

“Мне ўсе работы па душы, але найбольш люблю араць, асабліва калі раблю гэта ў наваколлі родных жарскіх палеткаў”, – адзначае Аляксандр. Гэтымі днямі механізатар якраз уздымаў зябліва, работа ў гаспадарцы наладжана ў дзве змены. Але ў панядзелак пасля абеду справу прыйшлося перарваць – са строю выйшлі плугі. Вярнуўшыся на мехдвор, Аляксандр без усякіх перапынкаў узяўся за рамонт, разам з Дзмітрыем Бураком “варажылі” да цёмнага, каб на наступны дзень не прастойваць і зноў выехаць у поле.

З дзяцінства ўраджэнец Жар цягнуўся да тэхнікі, заўсёды круціўся побач з дарослымі і імкнуўся больш даведацца пра машыны. Пазней хлопец займеў матацыкл і нямала часу ўдзяляў асваенню папулярнай у той час у вясковай моладзі тэхнікі. Пасля вучобы ў Лепельскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы і службы ў арміі не раздумваючы вярнуўся на малую радзіму. У першыя ж месяцы работы ў ААТ “Ільюшынскі” стала зразумела, што гэта той чалавек, якому не трэба па сто разоў тлумачыць, як рабіць, ці пераправяраць яго. Будучы яшчэ маладым спецыялістам, ён ужо абараняў гонар гаспадаркі і раёна на конкурсе прафмайстэрства сярод механізатараў.

У зоне адказнасці А.Селязня зараз дзве адзінкі тэхнікі – МТЗ-1221 і энерганасычаны МТЗ-3022. “Вы б бачылі, як ён да тэхаглядаў рыхтуецца і выездаў у поле! Так можа толькі той, хто сапраўды любіць тэхніку. За якую справу ні возьмецца – усё ладзіцца. Заўсёды з разуменнем адносіцца да слова “трэба” і графіку “сем дзён у тыдзень”, – гаворыць пра свайго работніка кіраўнік гаспадаркі С.А.Халімоненка.

Аляксандр заўсёды ў перадавіках. І не таму, што лідар па натуры, а таму, што як ніхто сумленна ставіцца да таго, што робіць. Прозвішча А.В.Селезня неаднойчы заносілася на Дошку гонару прадпрыемства, на маладзёжную Дошку гонару, ён з’яўляецца пастаянным удзельнікам раённых цырымоній ушанавання працаўнікоў сяла, неаднаразовым пераможцам спаборніцтваў сярод трактарыстаў-машыністаў. Напрыклад, сёлета займаў лідзіруючыя радкі на адвозцы зялёнай масы і падрыхтоўцы глебы на пасяўной. Ужо не раз у складзе дэлегацыі раёна адпраўляўся на абласныя “Дажынкі”, з хваляванннем сёлета ўспрыняў навіну і аб вылучэнні яго ў лік лепшых працаўнікоў раёна. “Шчыра кажучы, на рознага кшталту ўрачыстасцях адчуваю сябе няёмка, куды камфортней – у кабіне трактара. Прыемна ўсведамляць, што тваю працу цэняць, але падобнай пашаны заслугоўваюць многія іншыя мае калегі па гаспадарцы”, – зазначае нешматслоўны і спакойны Аляксандр.

Ён вырас у мнагадзетнай вясковай сям’і, і ніякай працай яго не спужаеш. Шчыруе не толькі на рабоце: ва ўласным доме на вуліцы Сонечнай аграгарадка, які яму выдзеліла гаспадарка, заўсёды знойдуцца справы для мужчынскіх рук. Ёсць у яго і захапленні – рыбалка і ціхае паляванне, аднак на гэта практычна не бывае часу. “Ён без жалезак ды тэхнікі не можа – гэта і ёсць яго хобі”, – з усмешкай гавораць пра Аляксандра родныя. І з упэўненасцю можна сказаць, што менавіта на такіх працаўніках і трымаюцца прадпрыемствы.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *