Иван Царёв — один из лучших механизаторов ОАО «Деменец»

Сельское хозяйство

Знакаміты выраз “Хвала рукам, што пахнуць хлебам…” – канечне, высакамоўны і насамрэч шурпатым хлебаробскім далоням з чым толькі ні даводзіцца мець справу за сельскагаспадарчы сезон. Падумала пра гэта, калі назірала за Іванам Царовым, які на мехдвары “Дземенца” рыхтаваў свой камбайн да пастаноўкі на зіму, апрацоўваючы шлангі чорным ахоўным саставам.

КЗС-1218 “Палессе” сваю функцыю на сёлета ўжо выканаў. Паслужыў спраўна: разам з напарнікам Ільёй Шалонькам намалацілі больш 800 тон зерня. Палітра культур у гаспадарцы традыцыйна шырокая: рапс і свірэпіца, лубін і гарох, ячмень і трыцікале. “Асабліва прыемна было ўбіраць азімую пшаніцу ля Вяркуд: з участка, куды ў былыя часы вывозілі з мясцовай фермы арганіку, малацілі за дзень па 9 бункераў”, – расказвае малады механізатар.

“Дземенец” сёлета прырос пасяўнымі плошчамі за кошт былых арэхаўскіх палеткаў. На жніве працавала да пяці камбайнаў, за штурваламі якіх прызнаныя майстры хлебаробскай справы Аляксандр Яловік, Аляксандр Спірыдовіч. І ў такой дастойнай кампаніі Іван зусім не губляецца, ды гэта і нядзіўна: хоць хлопцу няма яшчэ 30, за яго плячыма некалькі сезонаў у “Райаграсэрвісе” і ўжо трэці – у “Дземенцы”. У механізатарскую справу ён прыйшоў па слядах бацькі Віктара Фёдаравіча Царова, які ў свой час працаваў у “Сельгасхіміі”. Іван скончыў Полацкі сельгасліцэй, адслужыў у паветрана-дэсантных войсках і вярнуўся ва Ушачы, стварыў тут сям’ю і на наступны год ужо будзе адпраўляць у школу сына.

Адказнае стаўленне да справы і адметнае прафесійнае майстэрства работніка ацаніла не толькі кіраўніцтва “Дземенца”: на сённяшняй урачыстасці з нагоды свята аграрыяў яму будзе ўручана Ганаровая грамата аблсельгасхарча.

Зрэшты, у поўнай меры адзначаць фініш палявых работ дземянецкім хлебаробам яшчэ рана: вось і на мехдвары непадалёк ад “Палесся” І.Царова стаяў напагатове МТЗ-3022 з прычэпленымі плугамі – у гаспадарцы дбаюць пра новы ўраджай, і пакуль спрыяе надвор’е, мяркуюць весці ўздым зябліва. Натруджаныя хлебаробскія рукі не ведаюць стомы і сапраўды пахнуць хлебам і жыццём.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *