Механизаторы ОАО «Ильюшинский» Антон Ковшель и Дмитрий Бурак на любых полевых работах в передовиках

Сельское хозяйство

Ушанаванне працаўнікоў сяла ніколі не абыходзіцца без прадстаўнікоў “Ільюшынскага”. Сярод пераможцаў раённых спаборніцтваў сёлета і гэтыя два механізатары, якія задзейнічаны практычна на ўсіх палявых работах – вопытны Дзмітрый Бурак і малады Антон Коў­шаль.

Падчас жніва Антон на трактары МТЗ-952 перавёз 1321 тону зерня ад камбайнаў, адстаўшы ад свайго калегі з “Маяка- Ушацкага”, які працаваў на куды больш хуткім і ўмяшчальным МАЗе, толькі на 8 тон. На пытанне, як гэта яму ўдалося, хлопец зазначае: “Штодня сачыў за станам агрэгатаў – і абышлося без паломак, ды і дзейнічаў аператыўна”. У гаспадарцы ён працуе ўжо трэці год, а якую прафесію для сябе абярэ – ведаў яшчэ з дзяцінства. Ад тэхнікі хлопца было не адцягнуць, ды і выдатным прыкладам з’яўляўся бацька Міхаіл Іванавіч, механізатар сельгаспрадпрыемства. Пасля ж заканчэння прафесійна-тэхнічнага ліцэя Антон з задавальненнем вярнуўся працаваць на сваю малую радзіму. У гаспадарцы маладога спецыяліста не баяліся ставіць на адказныя ўчасткі сельскагаспадарчага цыкла – сеяць, касіць, адвозіць зерне. Зімой ён звычайна задзейнічаны на вывазцы арганікі ці іншых работах на жывёлагадоўчых аб’ектах. Калі трэба – падмяняе іншых работнікаў. Напрыклад, на гэтым тыдні перасеў на “Амкадор” і загружаў рулоны ў стрэйч-плёнцы. Маючы ж спецыяльнасць яшчэ і слесара-зваршчыка, з лёгкасцю спраўляецца і з непазбежнымі тэхнічнымі няспраўнасцямі і рамонтам тэхнікі. “Талковы хлопец, з запалам бярэцца за ўсё, спадзяемся, у горад не збяжыць!” – з жартам зазначаюць калегі Антона, на што той адказвае, што пераезд пакуль у яго планы не ўваходзіць.

У свой час гэтак жа адмовіўся ад гарадскіх выгод і застаўся ў родным Ільюшыне і Д.Бурак, за плячыма якога ўжо амаль два дзясяткі год механізатарскага стажу. “Памятаю, мяне так цягнула да тэхнікі з самага дзяцінства, што іншыя варыянты прафесій нават і не разглядаў”, – кажа Дзмі­трый, які штогод трапляе на старонкі газеты ў якасці перадавіка. Вось і сёлета яму не аказалася роўных сярод механізатараў па выпрацоўцы ўмоўных эталонных гектараў на энерганасычаных трактарах. Напрыклад, у летні час ён запрасаваў амаль тысячу тон сенажу, які гэтымі днямі з месца захоўвання непадалёк ад Наваселля і адвозіў на сержаноўскую ферму. А ў цяперашнюю пару Дзмітрый займаецца і ўздымам зябліва, закладваючы аснову пад будучы ўраджай. Усе палеткі “Ільюшынскага” ўжо ведае як свае пяць пальцаў, а кіраўніцтва гаспадаркі зазначае, што гэта сапраўдны прафесіянал, які ўсе даручэнні разумее з паўслова. Такіх працаўнікоў тут цэняць, паважаюць і стараюцца заахвочваць.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *