На вопросы потребителей газа во время «прямой линии» ответил начальник Ушачского РГС Евгений Счастный

Зваротная сувязь

На “прамую лінію”, якую ў рэдакцыі праводзіў начальнік Ушацкага раёна газазабеспячэння ВУ “Полацкгаз” Яўген Сяргеевіч Шчасны, паступіла некалькі пытанняў. Мяркуем, што адказы на іх будуць цікавымі многім спажыўцам газу.

Тэрмін службы маёй газавай пліты 10 гадоў, у эксплуатацыі яна 8. Наколькі можа быць падоўжаны час яе карыстання пры дыягностыцы і ў якую суму яна абыдзецца?

– Згодна Правілаў карыстання газам у быце, па заканчэнні нарматыўнага тэрміну эксплуатацыі газавай пліты (ён пазначаны ў дакументах да абсталявання) спажывец газу абавязаны замяніць пліту або заключыць дагавор з газавай службай на правядзенне дыягностыкі яе тэхнічнага стану для вызначэння рэшткавага рэсурсу і магчымасці далейшай эксплуатацыі. Па выніках першай дыягностыкі тэрмін службы можа быць падоўжаны на перыяд да 4-х гадоў. Далейшая эксплуатацыя пліт, якія выпрацавалі нарматыўны і дазволены тэрмін эксплуатацыі па выніках першай дыягностыкі, дапускаецца па выніках паўторнай на перыяд да 3-х гадоў. У выпадку адсутнасці тэхнічнай магчымасці ліквідацыі няспраўнасцей у гэты перыяд, пліта падлягае вываду з эксплуатацыі да заканчэння ўстаноўленага па выніках дыягностыкі тэрміну. Гранічны перыяд далейшай эксплуатацыі пліт, якія выпрацавалі нарматыўны тэрмін, не павінен перавышаць 10 гадоў. Правядзенне ж дыягностыкі каштуе 19 рублёў 74 капейкі. Зразумела, што калі неабходна замена запчастак, то сума павялічыцца.

Жывём з мужам у доме, дзе зарэгістраваны толькі ён. Ліміт газу ў балонах, які адпускаецца па льготнай цане, ужо выбралі. На той жа вуліцы размешчана мая сядзіба і сваю “порцыю” я наогул не выкарыстоўвала. На льготы ў такім выпадку мы можам разлічваць?

– Каб разлічваць на льготную цану, вам трэба зарэгістравацца разам з мужам, бо згодна Палажэння аб парадку разлікаў і ўнясення платы за камунальныя паслугі і платы за карыстанне жылымі памяшканнямі, па субсідзіраваных цэнах адпускаецца да 5 балонаў (50 літраў) уключна на кожнага грамадзяніна, зарэгістраванага ў жылым памяшканні. Калі спажывец выкарыстоўвае звыш 5 балонаў на кожнага грамадзяніна – то па цэнах, якія забяспечваюць поўнае пакрыццё выдаткаў на аказанне паслуг па забеспячэнні звадкаваным газам ад індывідуальнай балоннай устаноўкі.

– Раён газазабеспячэння рэалізуе насельніцтву газавыя катлы толькі маркі “Гефест”? І ці можна набыць абсталяванне ў растэрміноўку, пакупка ж нятанная?

– Рэалізуем спажыўцам прыроднага газу катлы розных марак, якія прывозяцца пад заказ. Набыць кацёл можна ў растэрміноўку ад 6 да 9 месяцаў. Больш падрабязную інфармацыю пра рэалізацыю газавага абсталявання можна атрымаць, звярнуўшыся непасрэдна да нас на прадпрыемства або па тэлефоне 5-71-04.

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *