Раритет в моде. Посещение фотосалона Виктора Ярмоша с недавнего времени стало ещё и познавательным!

Общество Экономика и малый бизнес

Наведанне фотасалона індывідуальнага прадпрымальніка В.М.Ярмоша, што ў РКБА, з нядаўняга часу стала яшчэ і пазнавальным. Пры ўдзеле многіх аматараў фотасправы Ушаччыны тут створана ўнікальная выстава, на якой прадстаўлены рарытэтныя фотаапараты і фотаабсталяванне. Адна з галоўных яе вартасцяў – інтэрактыўнасць. Усё можна патрымаць у руках, пра кожны экзэмпляр Віктар Мікалаевіч падрабязна раскажа, зверне ўвагу на цікавыя дэталі.

– Спецыяльна рабіць выставу не збіраўся, проста неяк выставіў на паліцы шафы некалькі старых фотаапаратаў, з якімі ў свой час працаваў, – расказвае В.М.Ярмош. – Убачыўшы іх, адзін з кліентаў прынёс свой плёначны апарат. Пазней у працэс збору ўключыліся і мае сябры… Вынікам я задаволены, на выставе – цэлая гісторыя фотасправы.

Адным з любімых экспанатаў Віктар Мікалаевіч называе “Змену-7”. Яшчэ падчас вучобы ва Ушацкай школе ён наведваў фотагурток, дзе ім, заахвочаным юнакам і дзяўчатам, па чарзе давалі такі апарат, каб злавіць цікавыя кадры – пасадку льну ці праполку прышкольнага ўчастка. Грошай на плёнку наш герой ніколі не шкадаваў. Вельмі любіў і праяўляць яе, рабіць здымкі разам з кіраўніком гуртка Яўгенам Пятровічам Васілеўскім. А пасля ўрокаў абавязкова падыходзіў да будынка РКБА, дзе праз акно назіраў за работай прафесіянальных фатографаў (фотаатэлье размяшчалася тады на першым паверсе).

Бачачы такую любоў сына да фатаграфіі, тата Віктара Мікалаевіча падарыў яму апарат “Чайка-2”, які мог здымаць па 72 кадры замест звыклых 36. Такія фотамагчымасці меў і прадстаўлены на выставе “Агат”, набыты В.М.Ярмошам у 80-я гады. Прыгаданую ж вышэй “Змену” ён даўно прыглядаў на “Куфары”, а атрымаў абсалютна бясплатна ад удзячнага кліента.

Багатую гісторыю мае “Масква”, якую Віктар Мікалаевіч у тыя ж 80-я выкупіў у свайго сябра, фотамастака і колішняга фотакарэспандэнта рэдакцыі газеты “Патрыёт” Мікалая Данілавіча Васілеўскага. Апарат, выпушчаны яшчэ ў 50-я гады, прадугледжваў выкарыстанне шырокай плёнкі і варыянтнасць памеру – 6*6 і 6*9, што было надзвычай зручна, а таму каштоўна. Гэтай камерай В.М.Ярмош зняў не адно вяселле ў раёне, браў з сабой на адпачынак у Крым, а пазней прадаў свайму сябру Івану Сісковічу, які таксама працаваў у КБА і захапляўся фатаграфіяй. Дарэчы, гэтай справай цяпер займаецца і яго дачка. І ўсё ж рарытэтную “Маскву” яны аддалі ў якасці экспаната названай выставы.

Шмат гадоў праслужылі фотамастаку “Кіеў-6” і “Аматар-2”. Апошні, дарэчы, мог здымаць і ў непрывычным для непрафесіянала вертыкальным становішчы.

– Вельмі шкадую, што не ўдалося захаваць “Іскру”, – кажа В.М.Ярмош. – Аднак такі апарат абяцаў прынесці мой даўні сябар Уладзімір Леднік, які таксама займаўся фотасправай, актыўна супрацоўнічаў з санаторыем “Лясныя азёры”. Недзе згублены, на жаль, і ўсе павільённыя, дарожныя камеры, што выкарыстоўваліся ў фотасалоне РКБА. Цяпер пазнаёміцца з такім абсталяваннем на ножках, упэўнены, было б цікава многім.

Расказваць пра фотатэхніку, работу з ёй індывідуальны прадпрымальнік можа бясконца. А ўсё таму, што любімай справе аддадзены не адзін дзясятак гадоў. Успамінае ён, як у 90-я ўвесь трэці паверх РКБА быў аддадзены пад фоталабараторыі. Працаваў тут даўні сябар В.М.Ярмоша Вячаслаў Андрэйчык, дачка якога пайшла па яго стопах і зараз з’яўляецца гаспадыняй фотасалона “Фокус” ва Ушачах. Доўгі час фатаграфавала кліентаў камбіната бытавога абслугоўвання Валянціна Крахотка. Усяго ж фатографаў у розныя гады тут было па 8-9. Штогод ім выдавалася па дзве, а то і тры новыя камеры, якія цяпер – сапраўдны рарытэт.

Магчыма, апантаныя фотакалекцыянеры не знойдуць на выставе В.М.Ярмоша нічога прынцыпова новага – але адчуюць настальгію дакладна! Юных жа фотааматараў чакае нямала цікавых адкрыццяў. Ужо зараз яны наладжваюць тут адмысловыя фотасесіі з экспанатамі.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *