Хору народного клуба «Ветеран» — 35!

Общество

Любоў Рыгораўна, прыгажуня наша”, – рэпетыцыя перад урачыстасцю перарвалася, калі ў пакой клуба “Ветэран” зайшла расійская госця і першы хормайстар Л.Р.Кулак. “Клаўдзія Васільеў­на, Вольга Уладзіміраўна, як я рада бачыць усіх, з кім разам спявалі”, – шчырыя абдымкі, чарада ў­спамінаў. Яшчэ больш іх будзе потым, за святочным сталом. У зале ж, калі пайшлі фотаздымкі хору з 80-х, 90-х гадоў і загучалі песні – слёзы. Гэта былі мелодыі іх маладосці. Ды і свята атрымалася выключна іх і для іх – адзінай сям’і, якая на працягу 35-год завецца клубам “Ветэран”.

Яе адметнасць у тым, што пакаленні мяняюцца часцей, чым у звычайнай. І калі ў першым саставе клуба былі выключна ветэраны Вялікай Айчыннай, то зараз – іх дзеці. Васіль Сцяпанавіч Дук, Фёдар Фаміч Гусёнак, Пётр Парфенавіч Коршун, сямейныя пары Ігнат Трыфанавіч і Мальвіна Пракопаўна Коршун, Канстанцін Максімавіч і Соф’я Васільеўна Літвінавы, Дзмітрый Цярэнцьевіч і Лідзія Сцяпанаўна Пугачовы, Пётр Сяргеевіч і Марыя Антонаўна Шчагловы… Гэта далёка не поўны спіс таго першага саставу хору, дэбют якога адбыўся ў 1984-м, на 40-годдзе вызвалення Беларусі. А да 75-годдзя хор падрыхтаваў песню “Героі нашы партызаны” на словы і музыку самадзейнага кампазітара Уладзіміра Нікіценкі, якая і прысвячалася ім – былым партызанам і папярэднікам цяперашняга складу Івану Іванавічу Лапіцкаму, Міхаілу Рыгоравічу Казлоўскаму, Віктару Якаўлевічу Шкеціку, Любові Дзмітрыеўне Журко, Валянціне Сяргееўне Паршанка, Зінаідзе Сцяпанаўне Жданко, Андрэю Маісеевічу Спірыдзёнку, Аляксандру Дзмітрыевічу і Валянціне Сцяпанаўне Пышковым… Дачка апошніх, паэтэса Галіна Варатынская, у сваім віншаванні юбілярам шчымліва і трапна перадала сутнасць клуба – яна ў адзінстве ў радасці і горы. Калі памёр яе бацька Аляксандр Дзмітрыевіч, удзельнікі хору прыйшлі падтрымаць, стаялі маўклівай сцяной. Яны – сцяна, што імкнецца захінуць адзін аднаго, падставіць плячо, абавязкова павіншаваць на юбілей, а ў жалобную хвіліну разам праводзіць у апошні шлях.

“Сёння нікога з першага саставу няма. Членства клуба, дарэчы, заканчваецца толькі з адыходам чалавека з жыцця. Не інакш. Таму і цяперашні састаў клуба “Ветэран” – 34 чалавекі, не супадае з колькасцю ўдзельнікаў хору – 27. Вось не выходзіць са сваёй кватэры былая салістка Кацярына Мікалаеўна Васілеўская, затое гурткоўцы заўсёды наведваюцца да яе на дні нараджэння. Не ў ранейшай бадзёрасці Ядвіга Ігнатаўна Тарасевіч, Зінаіда Іванаўна Лапіцкая, аднак пра іх не забыліся. Па стане здароўя не прыйшла Зоя Сяргееўна Хвошч, але пірог, як заўсёды да такіх выключных дзён, спякла і верш напісала. Завітала павіншаваць перад святам калег і Раіса Васільеўна Маршалкіна, усе прыгадалі яе яшчэ і падчас выканання гасцямі – глыбоцкім клубам “Ветэран” песні “Мимо вишни”, якую яна выконвала.

Канцэртная дзейнасць, рэпетыцыі з унікальнай цёплай атмасферай – гэта выключна важная частка жыцця. Памятаю, з якой шчымлівасцю гартала асобны, “ветэранскі” альбом Ганна Іванаўна Карабань, называючы гады, паездкі і пайменна сяброў. Яна не змагла ўсядзець дома, прысутнічала на свяце і не хавала слёз, калі гучалі любімыя мелодыі. Яна ў клубе больш чвэрці века. К.В.Іванова, В.У.Пальвінская, З.М.Зыль, ­Я.М.Ушакова – больш 20-ці. Яўгенія Мікалаеўна раней пешшу хадзіла з Цялічына разам з Раісай Варламаўнай Косай, якая і прывяла яе ў хор, а зараз, у 75 – толькі па пятніцах, калі ідзе аўтобус.

Толькі з сакавіка ў “Ветэране” Ніна Васільеўна Заруба, хоць першая спроба адбылася дзесяць год таму. Ды захварэў муж і яе вакальныя здольнасці, а ў райгазе, як вядома, спяваюць усе, праяўляліся толькі ў сценах дома. Колькі год выключна ў якасці слухачкі назірала з залы за хорам Лілія Міхайлаўна Мураўская: “Яны спяваюць, а ў мяне дрыжыкі па скуры. Зразумела аднойчы, што больш сядзець не магу”.

Такія як яна хутка ўліваюцца ў шматгалоссе, бо маюць багаты сцэнічны вопыт. Колькі год удзельнічала ў хоры ПМК-66, які Любоў Пятроўна і Леанід Аляксандравіч Власенкі хутка вывелі ў народны. У якасці заахвочвання іх тады прэміравалі падарожжам у Балгарыю, якое выдатна памятае і В.М.Лукашонак. Яна з тых нямногіх чужых, хто дапаўняў дружныя рады спяваючых будаўнікоў. А ў райспажыўтаварыстве, дзе працавала, быў свой хор, з яго складу ў “Ветэран” прыйшлі Зінаіда Максімаўна Зыль і Ірына Віктараўна Шасцярэнь, з такога ж калектыву аддзела культуры – Галіна Максімаўна Жаланкоўская, у вакальнай групе сада №1 спявалі выхавальніцы Надзея Міхайлаўна Бондал і Тамара Паўлаўна Залатухіна.

“На сцэну я выходзіла з пачатковых класаў, – прыгадвае Лілія Мураўская. – З-за печкі, якая служыла ў прыстасаваным памяшканні ў Глінішчах нам закуліссем.” Ды і В.М.Лукашонак добра памятае ўрокі музыкі і іх выступленні перад сялянамі навакольных вёсак, якія рыхтавала ў Плінскай школе пад мандаліну настаўніца Марыя Кірылаўна Яцына. Бывала, што і зрывалі канцэрты – убачыўшы ў адной з хат кальсоны, у якіх захоўвалася цыбуля, не маглі ад смеху распачаць другі куплет.

Зараз у іх таксама весела, аднак толькі на рэпетыцыях: вострае смешнае слоўца раней магла “завярнуць” Кацярына другая – К.Д.Пліскевіч, зараз Аляксандр Дзмітрыевіч Курбака. На сцэне ж засяроджана назіраюць за рукамі і мімікай Іны Сяргееўны Клімавай – бяззменнага кіраўніка клуба на працягу гэтых 35 год. Няпроста працаваць з такім узроставым калектывам. Адзін прыхварэў, другі – глядзіш, з трохгалосся хор ператварыўся ў двух, паўнацэнна песні не прагучаць… Аднак не было ніводнага разу, каб яна адмяніла збор.

– Людзі павінны ведаць, што рэпетыцыя адбудзецца пры любых умовах, тады і ў маіх падначаленых не паўстане думкі, а мабыць сёння не ісці. Хаця прычыны няяўкі ў нас – толькі ўважлівыя, усе ходзяць з задавальненнем. Мы ж спяваем для сябе, хаця любім і выступаць са сцэны, нягледзячы на ўзрост, часта пускаемся ў падарожжы. Аб’яднанне не ставіць сваёй мэтай дасягнуць нейкіх вышынь, заняць прызавыя месцы. Проста ідзём з песняй па жыцці, хоць з усіх маіх артыстаў толькі Жорж Георгіевіч Чарняўскі знаёмы з нотнай граматай. Але многія, напрыклад, Ала Фёдараўна Кавалёва збіраюць і прапаноўваюць песні. Мы абмяркоўваем і развучваем.

Сёння ў іх рэпертуары амаль 250 разнапланавых твораў, калектыў пастаянна прымае ўдзел у фестывалі “Не старэюць душой ветэраны”, неаднойчы станавіўся лаўрэатам іншых конкурсаў. Але галоўнае, іх любяць гледачы. Гэта асабліва адчувалася на свяце, дзе спявалі юбіляры, а таксама клубы “Ветэран” з Лепеля, Бешанковіч, Глыбокага і Полацка. За гэты час з суседзямі склаліся цёплыя стасункі, гэта бачылася па шчырых віншаваннях, вялікіх саставах. Асабліва вылучаўся калектыў з Полацка, у якім званне Народны мае не клуб, а непасрэдна хор. А кіруе ім наша зямлячка Зоя Ягораўна Красненка (Бычкова) (на здымку).

– Калі запыталіся, хто хоча паехаць ва Ушачы на свята, аказалася што палова саставу мае ўшацкія карані. На Ушаччыне спяваюць усе. Сама ж я на гэтай сцэне з пятага класа, – казала Зоя Ягораўна, а некаторыя песні, напрыклад, “Сівы конь бяжыць” суправаджала каментарыям: “Яе спяваў і наш глыбачанскі хор”. Яна скончыла Глыбачанскую школу і кіравала хорам пры Доме культуры аграгарадка. Ушацкім аказаўся і акампаніятар Фёдар Гайко з аднайменнай вёскі, што зараз улілася ў Ляс­неўшчыну.

Чыё выступленне яшчэ здзівіла, дык гэта Л.Р.Кулак. Любоў Рыгораўна не толькі пераадолела вялікую адлегласць, прыехала з Тульскай вобласці, аднак і падарыла дзве песні. На сцэну 82-гадовая жанчына падымалася як заўсёды на абцасах. Дарэчы, яна да гэтага часу працуе, узначальвае невялікі клуб аматараў песні.

За час існавання клуба “Ветэран” яго наведвала амаль сотня чалавек – гэта самае працяглае аматарскае аб’яднанне Ушаччыны. Таму, прабачце, прыгадалі не ўсіх былых і сённяшніх яго ўдзельнікаў. А на працягу гэтых 35 год хору на баяне акампаніравалі Сяргей Парашкін, Наталля Дзямешка, Фёдар Пацэйка, Юрый Канстанцінаў, Віктар Голік, Кацярына Зелянік. А зараз удзячны за супрацоўніцтва піяністцы Веры Кароткай.

Свята мінула, ну а ўчора ўсе зноў былі на рэпетыцыі. Аўторак і пятніца – іх дзень пры любых умовах.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *