Каким был уходящий 2019 год и чего ждать в новом 2020-м? Интервью с председателем Ушачского райисполкома В.Г.Авдошко

Общество

Пераднавагодняе інтэрв’ю са старшынёй раённага выканаўчага камітэта – традыцыя газеты “Патрыёт”. Вось і сёння Уладзімір Генадзьевіч АЎДОШКА расказаў аб планах на наступны год, канечне, аналізуючы 2019-ы.

– Уладзімір Генадзьевіч, як бы Вы ў цэлым ахарактарызавалі адыходзячы год?

– Як прадукцыйны – плануецца, што рэальны сектар эканомікі спрацуе з чыстым прыбыткам 900 тысяч рублёў і рэнтабельнасцю продажу 1,5 працэнта. Хаця адназначна на гэта пытанне не адкажаш. Жыццё не стаіць на месцы, мяняюцца ўмовы гаспадарання, таму былі і страты, і здабыткі. Мяне радуе, што мы адкрылі на тэрыторыі раёна новы свінагадоўчы комплекс, рыхтуецца да запуску другі, што ўведзены перапрацоўчы цэх лясгаса, аднак засмучае, што на банкруцтва пададзена КУСГП “Арэхаўна”, а ў верасні спыніла вытворчасць ААТ “Ушачы”. Аднак гэта рэчаіснасць сённяшняга дня. Дзяржаўныя і прыватныя прадпрыемствы – роўныя на эканамічным рынку, не кожны вытрымлівае канкурэнцыю. І гэта нармальна. І там, і там працуюць нашы людзі, і галоўнае, каб яны заставаліся ў раёне і атрымлівалі годную зарплату.

– Вы закранулі самае актуальнае, дэмаграфічнае пытанне. Дакладныя вынікі перапісу будуць толькі ў наступным годзе, а што паказалі папярэднія і якія задачы ставіць перад сабой райвыканкам, каб не было адтоку насельніцтва?

– Чалавека павінна ўсё задавальняць: экалогія, заробак, умовы жыцця, перспектывы ў выхаванні дзяцей. У нас чысты раён, створаны выдатныя ўмовы для вучобы, заняткаў спортам і ўмацавання здароўя. Таму лічу Ушаччыну прывабнай для жыцця, тым больш што мне ёсць з чым параўноўваць. Галоўнае, каб была работа і годная зарплата. На сённяшні дзень у нас каля тысячы чалавек шукаюць яе па-за межамі раёна, зразумела з-за больш высокага ўзроўню заробкаў. І задача райвыканкама – не проста ствараць новыя працоўныя месцы – акрамя сёлетніх 70 на наступны плануецца яшчэ 60, існуе 66 вакансій, а і павышаць эфектыўнасць працы, каб расла зарплата. Дарэчы, сёлетняе заданне па сярэднямесячнай таксама будзе выканана. Ну а папярэднія вынікі перапісу паказалі зніжэнне колькасці насельніцтва прыблізна да 11 тысяч. Гэта агульная тэндэнцыя па рэспубліцы сярод маленькіх раёнаў, аднак, спадзяюся, часовая. Дзяржаўныя праграмы па развіцці аграгарадкоў, вёсак, рэгіёнаў павінны змяніць яе.

– Як выконваюцца паказчыкі, па якіх ацэньваецца сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна?

– Чакаецца выкананне 5 з 12 асноўных: аб’ём будаўніча-мантажных работ і экспарт паслуг (тэмп росту адпаведна 117 і 135 працэнтаў пры заданні 107 і 105), стварэнне новых прадпрыемстваў – 4 і колькасць працаўладкаваных на іх грамадзян – 70, а таксама зніжэнне ўзроўню затрат – мінус 3,1. Забяспечана станоўчая дынаміка адносна мінулага года па валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, рознічным тавараабароце гандлю і грамадскага харчавання, рэнтабельнасці продажу. А вось па экспарце тавараў і вытворчасці прамысловай прадукцыі не дасягнулі ні задання, ні ўзроўню 2018 года.

Акрамя двух узводзімых гандлёвых аб’ектаў, дзе яшчэ могуць знайсці работу ўшачане?

– У 2020 годзе 26 працоўных месцаў ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” прапануе ў Слабадзе, плануецца пачаць работы па вытворчасці драўнянага вугалю прыватным прадпрыемствам “Інтэрбовіс” на выкупленых плошчах райаграсэрвіса – патрэба ў працаўніках каля 20 чалавек, аналагічная вытворчасць арганізуецца новаўтворанай кампаніяй “Прарыў” паблізу вёскі Завыдрына, а ў аграгарадку Вяркуды ТАА “ПК Цеплагран” будзе выпускаць пялеты.

Днямі ключы атрымаюць навасёлы 40-кватэрнага жылога дома ў мікрараёне вуліцы Віцебскай. Новабудоўлі, як вядома, лепшая прыкмета развіцця, на што спадзявацца ўшачанам у 2020 годзе?

– Пачата праектаванне яшчэ аднаго 40-кватэрнага дома, у якім, у прыватнасці, частка жылля будзе арэндным, што створыць умовы для затрымання ў раёне іншагародніх спецыялістаў. Увогуле штогод будуецца каля 2 тысяч квадратных метраў жылля, у тым ліку і індывідуальнымі забудоўшчыкамі – трое з іх ужо атрымалі льготныя крэдыты. На сённяшні момант у гарпасёлку 6 свабодных участкаў, чарговы квартал індывідуальнай забудовы разгорнецца ля бальніцы, а шматпавярховак – па вуліцы №5 (ад АЗС у напрамку спартыўнага комплексу). Рыхтуецца праектная дакументацыя па рэканструкцыі моста, на гэты аб’ект патрэбна 1053 тысячы рублёў. Завяршаецца рэканструкцыя школы мастацтваў і музея народнай славы, праведзены капітальны рамонт 5 шматпавярховак, на наступны год запланавана яшчэ чатыры. Працягваецца газіфікацыя прыватнага сектара: сёлета распрацаваны праекты кааператываў па Каранеўскага і Кірава, вулічны газаправод плануецца пракласці ў наступным годзе. Значна павялічылі аб’ём будаўніча-мантажных работ Ушацкі лясгас, санаторый “Лясныя азёры”, РУП “Белтэлекам”. У наступным годзе плануецца завяршыць будаўніцтва гандлёвых цэнтраў па Ленінскай і Дзяржынскага.

Наш раён называюць аграрным. Чым могуць пахваліцца сельгаспрадпрыемствы Ушаччыны?

– Станоўча спрацавалі ў раслінаводстве. Раён атрымаў 20521 тону зерня, што на 49 працэнтаў больш мінулагодняга, прырост назіраецца ў валавой прадукцыі тэхнічных культур, нарыхтоўцы кармоў. У жывёлагадоўлі ж захавалі паказчыкі, чакаецца, што валавая вытворчасць складзе 100 працэнтаў, гэта з улікам паказчыкаў племяннога рэпрадуктара “Хадакова”. На ўзроўні мінулага года пагалоўе жывёлы, не ніжэй будзе і вырошчванне буйной рагатай, а вось вытворчасць малака толькі 90,8 працэнта. Стратнымі з’яўляюцца КУСГП “Арэхаўна” і філіял “Сарочына”. У наступным годзе на 515 гектараў павялічацца пасяўныя плошчы і плануецца на 6 працэнтаў павысіць вытворчасць зерня і тэхнічных культур. Пастаўлены і абсалютна рэальныя задачы па малацэ – 3 тысячы кілаграмаў на карову, і прывагах – 600 грамаў, сёлета – 518. Гэта магчыма ажыццявіць аднак пры захаванні тэхналогіі і наяўнасці камбікармоў. Увогуле ж раён ужо можна назваць гандлёвым, паколькі менавіта на гэту галіну і сферу паслуг даводзіцца больш 40 працэнтаў адлічэнняў у бюджэт.

Заслуга ў гэтым Ушацкага райспажыўтаварыства?

– Менавіта яно было і застаецца асноўнай гандлёвай арганізацыяй, што задавальняе патрэбы ўшачан. Тэмпы росту па тавараабароце і грамадскім харчаванні складуць 102 і 100 працэнтаў. Гэтыя паказчыкі крыху не дацягваюць да даведзенага задання, аднак высокія, калі ўлічыць, што адкрыліся “Дабраном”, “Мясная лаўка”, “Востраў чысціні”, на якія прыходзіцца 17 працэнтаў тавараабароту. Дарэчы, з новага года адбываецца рэарганізацыя спажывецкай кааперацыі вобласці, і прыемна, што сярод усяго чатырох створаных філіялаў ёсць і Ушацкі, які будзе абслугоўваць пяць раёнаў. Калі ж казаць пра экспарт паслуг, то вялікая заслуга ў выкананні паказчыкаў калектываў санаторыя “Лясныя азёры” і фізкультурна-аздараўленчага комплексу.

– Уладзімір Генадзьевіч, якім бы хацелі бачыць для раёна год з прыгожай лічбай 2020?

– Канечне, хацелася б, каб ажыццявілася ўсё задуманае, каб нябесная канцылярыя была больш літасцівай, чым сёлета, да аграрыяў, каб больш прыходзіла інвестараў і адчыняліся такія прадпрыемствы, як “Твестуба” ці філіял Ушацкі “Віцебскаграпрадукт”. Ну а паколькі на “залатую рыбку” разлічваць не даводзіцца, то ведаю, што год, як і ўсе папярэднія, будзе няпростым. Наш дабрабыт напрамую залежыць ад рэальнага сектара эканомікі, таму давядзецца многа працаваць, прычым прадумана, тэхналагічна, са зніжэннем страт. Аднак менавіта наяўнасці работы ў першую чаргу хачу пажадаць ушачанам, няхай яна прыносіць задавальненне і прыбытак. Хацелася б, каб у раёне больш нараджалася дзяцей і ўсе сем’і былі шчаслівымі. І галоўнае, каб мы ў пагоне за прыбыткам не прапускалі само жыццё, а цанілі тое добрае, што маем, – а маем мы многа.

Гутарку вяла Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *