В копилке достижений пятиклассника Ореховской школы Максима Первенёнка немало учебных достижений

Наши дети

Яшчэ ў першым класе Максім Первянёнак з Арэхаўскай школы вызначыў для сябе прыярытэты: трэба не толькі старанна вучыцца, але і пастаянна самаўдасканальвацца. Вынікі такога сур’ёзнага падыходу не прымусілі сябе чакаць. Ужо зараз у скарбонцы дасягненняў пяцікласніка нямала перамог на інтэлектуальных спаборніцтвах рознага ўзроўню. Дзякуючы ім хлопец у ліку лепшых школьнікаў Беларусі пабываў на дабрачынным навагоднім свяце ў сталіцы, якое штогод проводзіцца ў рамках акцыі “Нашы дзеці”.

Падчас гутаркі з намі юны жыхар вёскі Сарочына расставіў усе кропкі над “і”: да такога выніку ішоў не адзін год. У алімпіядах удзельнічае пастаянна. У трэцім класе быў у раёне лепшым па матэматыцы. У чацвёртым акрамя стобальнага выніку па названым прадмеце атрымаў упэўненую перамогу яшчэ і па беларускай мове. Цяпер гэтая дысцыпліна, якую выкладае Вера Васільеўна Венжык, у Максіма ў ліку любімых.

– Удзячны сваёй першай настаўніцы Таццяне Пятроўне Гардзіёнак, якая навучыла многаму, – кажа хлопец. – Пад яе кіраўніцтвам прымаў удзел таксама ў матэматычным конкурсе “Кенгуру”, прыродазнаўчым “Каласку”. Колькі часу правялі за вывучэннем матэрыялу – не злічыць. Яна дагэтуль сочыць за маімі поспехамі, падтрымлівае. Як, дарэчы, і цяперашні класны кіраўнік Таццяна Уладзіміраўна Ліленка.

На звыклае пытанне, кім хоча стаць у будучым, Максім пакуль адказу не шукае, таму адказна адносіцца да вывучэння абсалютна ўсіх прадметаў. У дзённіку хлопца за чвэрць – выключна васьмёркі і дзявяткі. Асабліва радуецца дзясяткам, атрыманым на ўроках англійскай мовы і фізкультуры. Дарэчы, апошняй нярэдка прысвячае час і ў шосты школьны дзень – са старэйшым братам Аляксандрам, які вучыцца ў 11 класе, прыязджае ў Арэхаўна на спартыўныя мерапрыемствы і трэніроўкі.

– Калі чалавек нечага хоча, ён абавязкова гэтага дасягне. Трэба проста верыць у сябе, зрабіць крок ад мары да рэальнасці, – заўважае герой нашага аповеду. Гэтаму мяне заўсёды вучылі тата Аляксей Аляксандравіч і маці Алеся Мікалаеўна. – Хачу ў бягучым годзе зноў аказацца ў ліку лепшых на раённай алімпіядзе і ўтрымаць лідарскія пазіцыі ў класе, дзе нас 9. А для гэтага зараз даводзіцца вывучаць шмат дадатковага матэрыялу.

Сакрэт паспяховасці Максіма Первянёнка – яшчэ і ў актыўнай жыццёвай пазіцыі. Хлопец імкнецца не прапускаць мерапрыемствы, што ладзяцца ў Арэхаўскай школе, сваім прыкладам натхняе таварышаў. Бацькі, настаўнікі, сябры не сумняваюцца, што наперадзе ў хлопца яшчэ нямала перамог, якія дазволяць ім ганарыцца.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *