Аномально тёплая зима не расстраивает работников водопроводно-канализационного хозяйства

Общество

На днях пачулі ад адной ушачанкі забаўную гісторыю: калі яна перад сном чытала двухгадовай дачцэ казку пра Новы год, тая запыталася: “Мама, а што такое “снег”?” Анамальна мяккая сёлетняя зіма засмучае многіх, але толькі не работнікаў водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі. Тое, што зямля не скавана маразамі, прыкметна спрашчае многія вытворчыя працэсы. Вось і ўхіленне парыву трубы, якім займалася на гэтым тыдні ў Мосары брыгада ўчастка ВКГ Ушацкага раёна, заняла б прыкметна больш часу, калі б давялося адаграваць глебу.

Зрэшты, павазіцца рамонтнікам з гэтай аварыяй усё ж давялося. Пра ўцечку яны даведаліся самі, прааналізаваўшы паказанні прыбора ўліку на свідравіне. А вось месца, дзе прадзіравіўся водаправод працягласцю больш паўтара кіламетра, шукалі некалькі гадзін.

– Падобныя камунікацыі будавалі калгасы ў савецкія часы, ніякіх схем не засталося, так што пры вызначэнні іх “маршруту” даводзіцца спадзявацца на вопыт ды інтуіцыю, – кажа брыгадзір Андрэй Сяргеевіч Дзямешка і знаёміць нас са сваімі падначаленымі.

Найпершая справа – дабрацца да трубы, якая ў тым жа Мосары месцамі залягае аж на 4-мятровай глыбіні: з гэтай задачай упэўнена спраўляецца экскаватаршчык з вялікім стажам Мікалай Віктаравіч Радзюш. Каб ліквідаваць уцечку, наклаўшы рамонтны хамут, неабходна папрацаваць і балгаркай, і зварнымі апаратамі, таму рамонтнікі возяць з сабой генератар. Выдатна ведаюць сваю справу слесары аварыйна-аднаўленчых работ Анатоль Лявонавіч Лукашэвіч, Віталь Аркадзьевіч Дробыш, зваршчык Віталь Мікалаевіч Маісеенка. Апошні, дарэчы, хоць і сам яшчэ даволі малады, але працуе на “Водаканале” ўжо восьмы год, і калі ў брыгаду прыйшоў Уладзімір Маркевіч, дапамагаў навічку асвоіць прамудрасці зварачных работ. Валодзя ўладкаваўся ў арганізацыю пасля заканчэння Полацкага ліцэя і службы ў арміі. А паколькі навучальная ўстанова дала яму адразу дзве спецыяльнасці – зваршчыка і вадзіцеля – згадзіўся запоўніць і шафёрскую вакансію і зараз дастаўляе брыгаду ў розныя кропкі раёна.

– Калектыў мне вельмі падабаецца! – прызнаецца У.Маркевіч. – Усе працавітыя, добразычлівыя, пашанцавала нам і з начальнікам участка: Руслан Васільевіч Селезень справядлівы і аўтарытэтны кіраўнік. З такімі калегамі любая справа па плячы: упэўніўся ў гэтым, напрыклад, калі ў лістападзе цэлую ноч ухілялі складаную аварыю ля магазіна “Родны кут” у райцэнтры – хоць вымаклі ў ледзяной вадзе, але ніхто не скардзіўся, як і належыць сапраўдным мужчынам. Ведаю, што для нашых работнікаў такія выпрабаванні не ў навіну, для мяне ж гэта было “баявое хрышчэнне”.

Ухіляць парывы і аварыі даводзіцца нярэдка. Вось і 31 снежня за некалькі гадзін да Новага года аднаўлялі водазабеспячэнне ў Завячэллі. Займаецца брыгада, канечне, і планавымі работамі: у вёсках Баброва і Салаўёўка памянялі старыя металічныя трубы на даўгавечныя пластыкавыя, абнавілі водаправод у Дубраўцы – усе гэтыя аб’екты зараз рыхтуюцца да здачы. У бліжэйшых планах – замена камунікацый у Папоўцы. Аператыўна выконваюцца заяўкі жыхароў кватэр і прыватных дамоў: сярод запатрабаваных – устаноўка лічыльнікаў, урэзка ў сістэмы водаправода і каналізацыі – нядаўна, напрыклад, вялі такія работы ў Ільюшыне і ва Ушачах на вуліцы П.Броўкі.

– А яшчэ не даём спакойна жыць махлярам, якія не жадаюць заключаць дагаворы на карыстанне водаразборнымі калонкамі і майструюць самаробныя ключы: толькі за апошні час, аб’язджаючы вуліцы, назбіралі з дзясятак такіх прылад (іх “народныя ўмельцы” часта пакідаюць прама на калонках), – расказвае А.Дзямешка. – Не ра­зумею гэтых людзей: у зімні час законнае карыстанне вадой абыходзіцца ўсяго рублі ў тры, летам – да 10. Хіба ж гэта непад’ёмныя сумы за тое, каб жыць спакойна?

Работа водаканалаўцаў не заўсёды прыкметная, але вельмі неабходная для таго, каб маглі функцыянаваць вытворчыя аб’екты, а ў нашых дамах былі звыклыя выгоды – бо, напэўна, ніводнае маленькае дзіця не спытаецца ў мамы, што такое вада.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *