Меньше краж, больше киберпреступлений. Ушачские правоохранители подвели итоги 2019 года

Закон - один для всех

Ва Ушацкім РАУС падвялі вынікі аператыўна-службовай дзейнасці за 2019 год, вызначылі галоўныя напрамкі, па якіх будуць працаваць сёлета, каб на тэрыторыі раёна панавалі правапарадак  і законнасць. Пра ўсё гэта мы папрасілі расказаць начальніка райаддзела міліцыі А.І.ІСПЯНЬКОВА:

– Аляксей Іванавіч, у цэлым якім выдаўся мінулы год для калектыву РАУС? Якія вынікі дасягнуты?

– Асноўныя намаганні былі накіраваны на прафілактыку правапарушэнняў, як самы эфектыўны рычаг супрацьдзеяння злачыннасці, на папярэджванне п’янства, ахову грамадскага парадку. Мы па-ранейшаму цесна ўзаемадзейнічаем з насельніцтвам, удасканальваем работу са зваротамі грамадзян, падтрымліваем высокі ўзровень аператыўнасці рэагавання.

Калі звярнуцца да лічбаў, ці можна сказаць, што ўдалося захаваць тэндэнцыю па скарачэнні злачыннасці?

– Так. Летась на Ушаччыне зарэгістравана 121 злачынства, што на 17 менш, чым было ў 2018-м. Самай напружанай у гэтым сэнсе выдалася вясна: 45 фактаў. Нягледзячы на станоўчую агульную дынаміку, стала больш злачынстваў на тэрыторыі Вялікадолецкага, Жарскага і Сарочынскага сельсаветаў. Радзей рэгістраваліся ў нас крадзяжы (55 супраць 63 у 2018-м), злачынствы эканамічнай накіраванасці (4 супраць 12), факты рэцыдыву (26 супраць 38) і грабяжу (1 супраць 2), цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы (10 супраць 23). Апошніх больш за ўсё адбылося ў г.п.Ушачы (3), Кубліцкім і Вяркудскім сельсаветах (па 2). Разам з тым палепшылася якасць раскрывальнасці: злодзеі выяўлены больш чым у 80 працэнтах выпадкаў.

– Што выклікае асаблівую заклапочанасць?

– Павялічылася колькасць злачынстваў, здзейсненых непаўналетнімі (з 1 да 2), у стане алкагольнага ап’янення (з 14 да 34), у грамадскіх месцах (з 13 да 20). Стала больш грабяжоў, хуліганстваў, угонаў, фактаў пагрозы забойствам, а таксама незаконных дзеянняў у адносінах агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў. Як паказвае практыка, часта парушаюць закон асобы, якія нідзе не працуюць, не вучацца.

Сапраўдным “бічом” апошняга часу сталі злачынствы ў сферы высокіх тэхналогій. Прычым, калі ў 2016-м і ­2017-м іх было па 1, у 2018-м – 2, то летась ужо 6. Гаворка ідзе пра ўзлом акаўнта сябра будучай ахвяры ў сацыяльнай сетцы, просьбу ад яго імя паведаміць рэквізіты банкаўскай карткі ці перавесці грашовыя сродкі. На Ушаччыне ў 4 выпадках гэта рабілася праз “ВКонтакте”.

– Якія меры прымаліся для барацьбы з алкагалізацыяй насельніцтва?

– У лячэбна-працоўныя прафілакторыі, як і ў 2018-м, накіраваны 21 жыхар раёна, 43 прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне антыалкагольнага заканадаўства, у адносінах 6 устаноўлены прэвентыўны нагляд. Канфіскавана амаль 500 літраў спіртаўтрымліваючай вадкасці. Радуе, што не дапушчана фактаў атручвання грамадзян сурагатамі алкаголю.

– А наколькі бяспечна на нашых дарогах?

– За мінулы год зарэгістравана 3 дарожна-транспартныя здарэнні (у 2018-м было 5), у выніку якіх 1 чалавек загінуў, 3 атрымалі траўмы. Нецвярозых вадзіцеляў, якія сталі віноўнікамі аварый, не было. Усяго ж супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі выявілі 59 выпадкаў кіравання аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення. На пастаянным кантролі таксама спраўнасць транспартных сродкаў у арганізацыях раёна, годны стан вулічна-дарожнай сеткі – праведзена адпаведна 76 і 24 праверкі, вінаватыя пасадныя асобы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

– Якія задачы стаяць перад супрацоўнікамі райаддзела міліцыі на перспектыву?

– Працягнем адпрацоўку населеных пунктаў са складанай аператыўнай абстаноўкай, работу з непаўналетнімі, беспрацоўнымі, схільнымі да злачынстваў грамадзянамі. Сістэмна вывучым аварыйныя ўчасткі дарог, зрабіўшы ўсё магчымае для паляпшэння сітуацыі на іх.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *