Главное — поверить в себя! Александра Зильберт стала дипломантом 1 степени международного телевизионного проекта «Кубок дружбы»

Образование и молодежь

Творчых людзей, як правіла, прырода надзяляе не адным талентам. Вось і настаўнік па класе фартэпіяна Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў Аляксандра Зільберт імкнецца не толькі ўдасканальваць сваё майстэрства ў валоданні інструментам, развівацца ў педагогіцы. З нядаўняга часу яна спрабуе сябе ў вакальным жанры – і робіць гэта паспяхова.

“Шчыра кажучы, на такі крок падштурхнулі абставіны: нечакана трапіла ў склад вакальнага ансамбля, а паколькі лічыла сябе не надта моцным выканаўцам, запісалася ва ўзорную вакальную студыю Цэнтра культуры “Полацк”. Мне пашанцавала трапіць да выдатнага педагога Ірыны Львоўны Гражэўскай, якая здолела захапіць мяне спевамі, прымусіла паверыць у свае сілы”, – расказвае Аляксандра. Ну а плёнам сумеснай работы стаў удзел у вакальных праектах. Паспяховым і насычаным быў мінулы год: перамога на раённым конкурсе “Песні юнацтва нашых бацькоў”, дыпломы лаўрэата міжнародных фестываляў “Вясёлка над Віцебскам” і “Залатая мара”, што праводзіцца ў Магілёве.

Поспех нашай зямлячцы прынёс і пачатак гэтага года: яна стала дыпламантам І ступені міжнароднага тэлевізійнага праекта “Кубак сяброўства”. Конкурсны канцэрт праходзіў у сталічным Палацы культуры прафсаюзаў, а сярод членаў журы былі кіраўнікі, рэдактары і педагогі праектаў “Голас”, “Голас. Дзеці”, “Новая хваля”, “Славянскага базару ў Віцебску”. І прыемна, што яны высока ацанілі лірычную песню “Я не магу без цябе жыць”, якую вельмі пранікнёна выканала Аляксандра. “Выбрала гэты твор з рэпертуару расійскай спявачкі Зары, бо ён, як кажуць, адразу лёг на душу”, – расказвае ўшачанка. Удала падкрэсліў вобраз і ўбор, падабраны для канцэрта. Да слова, гэты элегантны касцюм – беларускай вытворчасці, а прыгледзела яго дзяўчына ў інтэрнэт-магазіне “Трыкатаж Бай”.

“Дыпломы атрымліваць вельмі прыемна, але не меншую асалоду дастаўляе магчымасць прасякнуцца творчай атмасферай, пазнаёміцца з цікавымі выканаўцамі. Сцэна сапраўды вельмі прыцягвае, і я абавязкова буду прадаўжаць удзельнічаць у конкурсах”, – кажа А.Зільберт.

А яшчэ яна спадзяецца, што конкурсныя эмоцыі зведаюць і вучні, якія пад яе кіраўніцтвам асвойваюць фартэпіяна. Да кожнага з іх настаўнік з ужо 10-гадовым стажам шукае асаблівы падыход, стараецца быць не проста педагогам, а і старэйшым сябрам: некаторых малышоў нават сама прыводзіць на заняткі са школы, а іншы раз праводзіць і да дому. Так што будзем чакаць ад Аляксандры Ігараўны новых здзяйсненняў ва ўсіх яе справах.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *