У школах Ушаччыны прайшоў Дзень роднай мовы

Общество

У мінулую пятніцу пяцікласнікі Ушацкай школы ўвесь дзень спрабавалі выказваць свае думкі на роднай мове – і хоць іншы раз крыху блыталіся, акцыя “Гаворым па-беларуску” ўнесла ў размераны школьны дзень цікавую разнастайнасць і, канечне, дала нагоду запомніць многія ходкія фразы.

А на год старэйшыя вучні ў гэты дзень крэатывілі падчас шлэшмобу: падзяліўшыся на каманды, складалі і графічна афармлялі слоган, які ўслаўляе нашу мову і краіну. “Аказалася, што прыдумаць кароткі і арыгінальны выраз не лягчэй, чым напісаць вялікае сачыненне!” – дзеліцца ўражаннямі вучаніца 6 “А” класа Мілена Апёнак (на здымку). Але ж дзецям гэта ўдалася, а галоўнае – яны адчулі радасць сумеснай творчасці, прасякнутую патрыятычнымі матывамі. І сапраўды, веды, якія падносяцца недакучліва, у займальным працэсе, засвойваюцца куды лепей. Менавіта такія формы – віктарыны і конкурсна-гульнявыя праграмы, адмысловыя выставы і інфармацыйныя гадзіны – абіралі арганізатары мерапрыемстваў, якія ладзіліся ў навучальных установах раёна да Сусветнага дня роднай мовы, што адзначаўся 21 лютага.

Так, напрыклад, вялікадолецкія школьнікі сабраліся ў цікавую гасцёўню “Размаўляй са мной па-беларуску”, падчас якой глядзелі ролікі, разгадвалі рэбусы, падбіралі прадметам беларускія назвы. Ды і як не гучаць роднаму слову ў мясцінах, што далі свету вялікіх Быкава, Барадуліна, Броўку, Лось.

Гэты лейтматыў лёг і ў аснову сустрэчы “Галасы нашай зямлі”, падчас якой паэтэса Людміла Дунец гутарыла з ушацкімі старшакласнікамі як пра каштоўнасць роднай мовы, так і пра яе вялікага вяшчальніка Рыгора Барадуліна, які 24 лютага мог бы справіць свой 85-гадовы юбілей, чытала і ўласныя вершы.

Вялікай павагі заслугоўваюць людзі, якія аддана служаць роднаму слову і зараджаюць сваёй любоўю іншых: настаўнікі, бібліятэкары, літаратары, навукоўцы, грамадскія дзеячы. Агульная ж выснова, якую зрабілі ўдзельнікі ўсіх мерапрыемстваў, – родную мову абавязкова трэба шанаваць, бо ў ёй захавана гісторыя народа, яго сіла і ўнікальнасць.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

Паводле ацэ­нак ­ЮНЭСКА, палова з 6 тысяч моў свету знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Спыніць гэты пра­цэс, садзейнічаць іх абароне і захаванню і закліканы Міжнародны дзень роднай мовы. Дата ж яго правядзення звязана з трагічнай падзеяй, калі ў 1952 годзе загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданне бенгальскай мове  статусу дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *