И животным нужен паспорт! В Кубличском сельсовете активно регистрируют домашних питомцев

Общество

“Сабачку рэгістраваць будзем?” З такім пытаннем пасля прывітання старшыня Кубліцкага сель­вы­канкама М.В.Ярмош (на здымку) звяртаецца амаль да кожнага гаспадара Селішчаў, нават калі не бачыць у двары чатырохногага ахоўніка. Падказкі звычайна дзве – брэх ці сшытак, у якім спіс усіх жыхароў сельсавета, хто пагадзіўся зарэгістраваць сабаку. Маленькага ці вялікага, з радаслоўнай або дварняка – не мае значэння – пашпарт павінен быць у кожнага. Таму папярэдне супрацоўнікі сельвыканкама або старэйшыны вёсак абыходзілі жыхароў, якія і пісалі заяву на згоду. Адпаведна гэтай колькасці і набываліся жэтоны – маленькія металічныя палоскі з нумарам, якія мацуюцца на ашыйніку. І цяпер, калі сабака згубіцца, па ім лёгка адшукаюць гаспадара.

Гэта Марыя Васільеўна тлумачаць Але Мікалаеўне Майсяёнак, Бой якой атрымлівае жэтон з нумарам “31”. Паралельна выдаецца і пасведчанне, у якім значыцца мянушка, парода – нямецкая аўчарка, афарбоўка і ўзрост. Сюды ж ставіцца адзнака аб вакцынацыі сабакі ад шаленства. “Вельмі дарэчы, кажа гаспадыня, – да яго на госці часта ліса прыходзіць”.

– А ў нас пашпарт на сабак ёсць, уколы рабіць таксама не трэба, мы іх у Полацкую ветэрынарную лячэбніцу возім, – тлумачыць Ганна Канстанцінаўна Мялешка. – З дакументамі сабакі з 2014 года, і ў падатковай інспекцыі былі. Так што ўсё ў парадку, мы законы ведаем. Звярталіся і ў камунгас па рэгістрацыю, там паведамілі, што трэба ў свой сельсавет ехаць.

Так і высветлілася, што сабакі хоць і з пашпартамі, ды без рэгістрацыі. І Марыя Васільеўна тлумачыць, што ісці ў сельсавет не трэба, гэта самастойна робяць толькі жыхары аграгарадка, а да астатніх вяскоўцаў прыходзяць з бланкамі заяў, жэтонамі і пасведчаннямі самі.

Пакуль запаўняюцца паперы, гаспадары расказваюць пра сваіх разумных гадаванцаў. Берта, калі ідзе з вуліцы ў дом, у калідоры адразу плюхаецца на спіну, каб ёй лапы выцерлі. У лячэбніцы пры слове “ўкол” таксама паслухмяна кладзецца на падлогу. А Ігар Анатольевіч Сталярэнка прыносіць кружку, на якую нанесена выява іх таксы Лёліка. Любімца ўжо няма, а дачка спецыяльна ўзяла сабе з прытулка падобнага, цяпер Джэсі часова таксама ў іх. “Мы б і суседскага даглядалі, якога прыкормліваем. Гаспадары паехалі, а яго на галодную смерць пакінулі. Але ж калі трымаеш больш чым аднаго сабаку, трэба плаціць. Многія людзі бяруць бадзяжных, стэрылізуюць, лечаць – шкадуюць жывёлу. Навошта ж іх за чалавечнасць караць рублём”.

Ну а бабуля, якой за 80 год, наогул усміхаецца, калі чуе пра мэту візіту: “Ніколі раней сабак і катоў не рэгістравалі”. Затое яе дачка Жанна Аляксандраўна Жванская законы ведае, таму без лішніх слоў афармляе свайго Боша. Пагаджаецца і на прышчэпкі яму і кату: “У нас аўчарка з пітомніка была, абучаная, з радаслоўнай. Аднойчы толькі з яе дапамогай злодзеяў, якія кралі салярку, затрымала, а памерла ад чумы. Нам сказалі, што сабакі ва ўзросце ёй ужо не хварэюць. А аказалася, пародзістых трэба прышчэпліваць штогод”.

І калі папяровыя справы займаюць з дзясятак мінут, то ўкол У.С.Бурак робіць за секунду, так што рэдкая жывёла паспявае зразумець, што яе “крыўдзяць”.

Як прышчэпкі ад шаленства, так і рэгістрацыя – справа добраахвотная. Але калі адмова ад першай можа абярнуцца смерцю любімца, то ад другой – адміністрацыйнай адказнасцю. У Беларусі яшчэ ў 2001 годзе прынята пастанова Саўміна, якая абавязвае гаспадароў рэгістраваць хатніх гадаванцаў. Працэдура, дарэчы, як і прышчэпкі – бясплатная, 4 рублі 50 капеек з уласнікаў бяруць толькі за жэтон. І практычна ўсе вяскоўцы пагаджаюцца. Толькі адзінкі адмаўляюцца. “Я сам пакуль не зарэгістраваны, а вы хочаце, каб сабака быў?” – чулі нават такі адказ.

Па Кубліцкім сельсавеце 76 чалавек напісалі заявы на рэгістрацыю жывёлы, а 37 гаспадароў ужо трымаюць яе ў адпаведнасці з заканадаўствам. Падобныя работы распачаты і па іншых сельсаветах.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *