Портреты людей и изображения богов. Уроженец Ушаччины Тарас Щербик увлекается рисованием

Мир увлечений

Творчы тандэм былых настаўнікаў Плінскай школы Веры Васіль­еўны Дрозд і Ірыны Генадзьеўны Марковіч вельмі плённа і крэатыўна праяўляе сябе і на культурнай ніве. Сельскі клуб і бібліятэка, дзе яны заразпрацуюць, сталі сапраўдным цэнтрам прыцягнення для жыхароў Двор Пліна і навакольных вёсак. Што і нядзіўна, бо жанчыны пастаянна генерыруюць неардынарныя творчыя ідэі, шукаюць цікавыя формы работы. Так, напрыклад, усім падабаецца віншаванне вясковых юбіляраў, да якіх культработніцы прыходзяць з падарункамі на дом. А яшчэ ў клубе пастаянна ладзяцца выставы работ мясцовых аўтараў – як дзяцей, так і дарослых. Менавіта адзін з такіх “вернісажаў” і прыцягнуў нашу ўвагу.

“Летась да нас завітаў выпускнік мясцовай школы Тарас Шчэрбік, – расказвае В.Дрозд гісторыю з’яўлення выставы. – Хлопец паведаміў, што хутка пойдзе на службу ў армію, і перадаў вялікі стос сваіх малюнкаў. Папрасіў захаваць да часу, пакуль вернецца. Пра іх мы прыгадалі, калі планавалі мерапрыемствы да 8 Сакавіка. Сярод работ аказалася вельмі шмат жаночых партрэтаў, як акварэльных, так і графічных. Атрымалася адмысловая выстава, якую мы назвалі “Усё на зямлі ад матчыных рук”. А паколькі наведвальнікам яна вельмі спадабалася, вырашылі пакінуць яе і пасля свята”.

Трэба сказаць, што мастацкі талент у Тараса праявіўся яшчэ ў пачатковых класах. Пасля заканчэння дзевяці ён пайшоў вучыцца ў віцебскі каледж на ювеліра. Партрэты з’яўляюцца яго любімым жанрам і піша іх хлопец у асаблівым стылі. У Тараса ёсць і іншыя захапленні: ён любіць рок-музыку і сам добра іграе на гітары, а яшчэ цікавіцца гісторыяй, з’яўляецца прыхільнікам папулярнай зараз суб-культуры гістарычных рэканструкцый – пра тое, прынамсі, сведчаць створаныя ім партрэты скандынаўскіх багоў і вікінгаў.

У Тараса шмат сяброў-аднадумцаў, з якімі ён ладзіць вандроўкі па цікавых мясцінах роднага краю. Летась, напрыклад, яны пабывалі ў Бікульнічах, дзе на беразе возера Янова знаходзіцца так званы беларускі стоўн-хэндж. Навукоўцы маюць шэраг версій наконт паходжання гэтых старажытных валуноў: магчыма, тут знаходзілася капішча, дзе нашы продкі, маліліся язычніцкаму богу Купале. “Калі сядзіш ноччу ля вогнішча ў такім чароўным месцы, нібы на яве адчуваеш подых стагоддзяў, – дзеляцца ўражаннямі Тарас і яго сябры. – А яшчэ ў галаве адразу нараджаюцца гістарычныя карціны і вобразы”. У Тараса, напрыклад, старыя валуны выклікалі ва ўяўленні фігуру бога Одзіна – і за час паходу хлопец выразаў з галіны яго выяву. А яшчэ павязаў на дрэўцы ля камянёў сімвалічную стужачку – каб вярнуцца сюды пасля таго, як пройдзе службу.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *