«Для духовных потребностей людей» — девиз клуба творческих встреч «Муза»

Мир увлечений Творчество наших земляков

У канцы дзевяностых гадоў у раённых культустановах сталі ўтварацца літаратурна-музычныя аматарскія калектывы. З нуля трэба было фарміраваць іх, паступова прывучаць людзей, здатных да такой дзейнасці, наведвацца ў раённыя Дамы культуры, аб’ядноўваць, каб з’явілася жаданне несці іншым свае захапленні, удасканальвацца, а таксама і знаёміцца з набыткамі нацыянальнай культуры, прапагандаваць іх. Задача была няпростая. Тым больш кіраўнікамі такіх калектываў павінны былі стаць пазаштатныя аматары.На першае пасяджэнне ў наш РДК пятнаццаць гадоў назад прыйшло некалькі чалавек. Памятаю, у іх ліку былі ўрачы Святлана Лапіцкая, якая спрабавала пісаць вершы, і Іна Папок, аматар спеваў і музыкі. Мужчын сярод нас не было наогул. Размова і на гэты раз, і на наступны звялася да бытавой тэматыкі. Мне захацелася зрабіць нейкі адчувальны штуршок да творчасці, таму вырашыла запрасіць сваіх сяброў з Глыбокага: паэта Алеся Жыгунова і самадзейнага кампазітара Браніслава Грамакоўскага. Так і зрабіла, сабраўшы ў Дом культуры аматараў літаратуры і музыкі. Пазней да нас наведаліся ўдзельнікі такога ж аматарскага аб’яднання з Лепеля.

Але, згадзіўшыся ўзначаліць калектыў, амаль адразу зразумела, што ў аснову дзейнасці аматарскага клуба трэба пакласці іншае: перш за ўсё самадастатковасць. У гэтым напрамку і наладжвалася дзейнасць.

Вельмі неахвотна далучаліся тыя, хто меў літаратурныя і музычныя здольнасці, да ядра калектыву. Але дастаткова было наведацца адзін-два разы, і з’яўлялася жаданне пазнаваць нешта новае, акунацца на дзве-тры гадзіны ў хараство гукаў і рыфмы. Паступова ўдзельнікаў не спыняла ні занятасць на рабоце, ні сямейныя клопаты, ні адлегласць. З Вацлавова дабіралася на аўтобусе Галіна Аляксандраўна Лапёнак, радавала нас сваімі цікавымі вершамі, з выхадам на пенсію адступіўшы ад сваіх абавязкаў настаўніцы фізічнай культуры. У назначаны дзень заліваў бензін у бак, заводзіў, а то і разаграваў матор (у зімовы час) сваёй машыны і накіроўваўся ва Ушачы са сваіх Касароў дырэктар мясцовай школы Міхаіл Пятровіч Хоміч. З ім прыязджала і яго жонка, настаўніца роднай мовы і літаратуры Галіна Уладзіміраўна. Для іх было прыемна паспяваць пад гітару, абмяняцца вопытам выяўленчага мастацтва (а яны асвоілі нітачны дызайн і іншыя прыкладныя віды). А якімі ж цікавымі былі для ўсіх удзельнікаў такія творчыя зносіны. Да прыкладу, назаўсёды застануцца ўспаміны пра мастака і барда Міхаіла Антонавіча Казіцкага. У групе падтрымкі мы ездзілі на яго выставу ікон у бібліятэку Наваполацка, палюбіўшы гэту яго творчасць у працэсе дзейнасці клуба. А яшчэ на пасяджэннях ён мог спяваць пад гітару самыя розныя песні і па паўтары-дзве гадзіны запар. Вестка пра тое, што такога таленавітага нашага сябра не стала, была адчайнай. Тым разам мы сабраліся не для таго, каб спяваць…

Але жыццё працягвалася, майстэрства ўдзельнікаў удасканальвалася, назапашваліся здабыткі. Так, настаўнік Уладзімір Пятровіч Нікіценка пісаў і пісаў песні, “апрабаваў” іх на самых удзячных слухачах – сябрах па клубе. Тэматыка разнапланавая: і пра пачуцці на мемарыяльным комплексе “Прарыў”, і аб любові да маці, і прысвячэнне людзям гуманнай прафесіі – урачам. Безліч вядомых і незнаёмых нам песень прагучала ў выкананні Уладзіміра Васільевіча Есіпава пад уласны акампанемент, ігру на гармоні і акардэоне ён асвоіў у юнацтве самастойна. Штогод на раённым свяце “Грай, гармонь!” мы – яго самыя шчырыя прыхільнікі. Песні пад баян Таццяна Якаўлеўна Сандзюк звычайна выконвае спачатку адна, а потым падхопліваем усе. А яшчэ яна спрабуе сама пісаць музыку на вершы ўдзельнікаў клуба…

З гадамі ўсё больш і больш адточваў сваё літаратурнае майстэрства Сяргей Уладзіміравіч Каранеўскі. Адкуль што бярэцца і цяпер. Вершы жонцы, унукам, проста жанчынам, якія сустракаюцца на шляху, – не здараюцца час ад часу, а вылятаюць з-пад яго пяра амаль імгненна і пастаянна. Апошнія гады – нямала прысвечана хлебаробам сельгаспрадпрыемства “Ільюшынскі”, дзе аматар рыфмы працуе. Прычым дакладнасць у выкарыстанні вобразных сродкаў уражвае зноў і зноў. Не можа не радаваць сёння літаратурная творчасць нашых настаўніц Надзеі Леанідаўны Губко, Наталлі Анатольеўны Шарыпы, Галіны Сяргееўны Данілёнак, страхавога агента Таццяны Канстанцінаўны Палячэнкі. А колькі мудрасці, жыццялюбства ў тым, што выходзіць з-пад пяра пенсіянераў Лідзіі Кірылаўны Сідарэнкі і Любові Міхайлаўны Карабань, заслужанай настаўніцы Беларусі Марыі Сяргееўны Каплеўскай. Эрудыцыя, шчымлівае адчуванне радзімы, у той жа час здольнасць гумарыць, у некаторай ступені педантычнасць (заўсёды свае вершы аддрукуе) характарызуе вядучага спецыяліста ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Аляксандра Сяргеевіча Лосева як літаратурнага творцу. Штораз на клубных сустрэчах абавязкова парадуе нас нечым новым аматар чытання і беларускай літаратуры Генадзь Цітавіч Ларчанка; на апошнім, юбілейным пасяджэнні, праўда, не прысутнічаў, бо зусім нядаўна праводзіў у апошні шлях сваю верную спадарожніцу жыцця. Што ж, прычыны бываюць розныя. Але яны – не перашкода нашым захапленням і сяброўству.

Асноўны напрамак клуба творчых сустрэч “Муза” – літаратурна-музычны, але ён аб’ядноўвае і аматараў выяўленчага мастацтва. З задавальненнем наведваецца на пасяджэнні і мерапрыемствы народны майстар Беларусі Уладзімір Іванавіч Бязрукаў разам са сваёй памочніцай, жонкай Аленай Канстанцінаўнай. То ён прывязе з сабой новы слоік задымленай керамікі, то выраблены ўласнымі рукамі лук, то лапці, то кораб. І не толькі нашым удзельнікам дае майстар-клас, але і іншым жыхарам раёна. Такое было ў час выступленняў у вёсках Селішча, Рыбакі, родным яму Арэхаўне. Многія знаёмы з вырабамі майстрых бісерапляцення Вольгі Генадзьеўны Федарэнка, Таццяны Георгіеўны Бураўлёвай. А вышываныя карціны Соф’і Уладзіміраўны Бумага, яе дачкі Таццяны, унучак Кацярыны і Вольгі – асобная старонка кожнага пасяджэння.

Наогул маладыя ўдзельнікі – пастаянныя ў спісе “музаўцаў”. Са школьных гадоў на пасяджэнні са сваімі вершамі наведваюцца Вольга Шлёнская, Надзея Данішэўская і часам яе сястра Вольга, Крысціна Гайко, Антон Станевіч, а таксама Наталля Варатынская з уласнымі песнямі на вершы беларускіх аўтараў. Хто з іх атрымаў прафесію ўрача, хто – эканаміста, нехта стаў афіцэрам мытні, іншы – студэнт ВНУ, а захапленням сваім не здраджваюць. І застаюцца вернымі творчаму калектыву.

З талентамі аматарскага аб’яднання знаёмы нашы вядомыя землякі: народны паэт Беларусі Рыгор Іванавіч Барадулін; доктар тэхнічных навук, прафесар Белдзяржуніверсітэта, паэт Генадзь Пятровіч Броўка; паэт-гумарыст Міхась Канстанцінавіч Мірановіч з Віцебска. Не раз наведваліся на пасяджэнні (у тым ліку на апошняе, юбілейнае) паэт і бард Уладзімір Мікалаевіч Хвашчэўскі з Наваполацка і аўтар вершаў Валерый Ціханавіч Баркоўскі з Полацка. Для іх, а таксама для іншых гасцей клуба, прыкметных дзеячаў мастацтва і літаратуры, вельмі цікава знаёміцца з сённяшнімі творцамі Ушаччыны, даць ім сваю адзнаку. Так, пасля чатырохгадзіннай сустрэчы з вядомым тэатральным дзеячам, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі Мікалаем Пінігіным удзельнікі “Музы” пачулі ад яго прызнанне аб вельмі сяброўскай, творчай атмасферы ў аматарскім калектыве. А яшчэ яго брат Іван запрасіў аўтарку гумарыстычнай лірыкі Галіну Васільеўну Сурвіла для ўдзелу ў адной з папулярных тэлеперадач на рэспубліканскім тэлебачанні.

І ўсё ж самыя частыя выступленні “музаўцаў”– у школах, падшэфным дзіцячым садзе №4 гарпасёлка: там, дзе фарміруюцца культурныя ўяўленні, духоўныя прыярытэты. Выступаем у гарпасялковай і дзіцячай бібліятэках, пабывалі ў Арэхаўскай.

Наогул за пятнаццаць гадоў дзейнасці аматарскае аб’яднанне, якое ў 1994 годзе атрымала званне “народнага”, захавала творчы калектыў, склала сваю гісторыю, не губляе традыцый. І ў цяперашні няпросты час, калі клубныя ўстановы, існуючыя для духоўных патрэб людзей, стаяць перад праблемай адпаведнасці такому прызначэнню з-за запаўняльнасці пакояў і залаў, пераарыентацыі моладзі на камп’ютарнае праводжанне часу, надзейныя астраўкі накшталт “Музы”даюць падставу для аптымізму.

І завіруха стане танцам фей,

І новы дзень – падставай для ўспаміну,

Калі пяе паэзія ў табе,

Калі ў душы радкі паспець павінны…

Г.ВАРАТЫНСКАЯ, кіраўнік народнага клуба творчых сустрэч “Муза” РДК.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *