Ушачский уголь европейского качества. ООО «Компания Прорыв» начало производство угля в нашем районе

Экономика и малый бизнес

Мала хто з нас не выкарыстоўваў гатовы драўняны вугаль, адпраўляючыся, скажам, на пікнік. Зручна набыць у магазіне пакет і не клапаціцца пра дровы дзеля гэтай мэты. Менавіта вытворчасцю такога вугалю вырашыла заняцца на тэрыторыі нашага раёна таварыства з абмежаванай адказнасцю “Кампанія Прарыў”. Як “нараджаецца” прадукт мы даведаліся, адправіўшыся на новае прадпрыемства.

Перш чым прыступіць да арганізацыі такой справы, мінчане Алег Алегавіч Гіра і Аляксей Аляксандравіч Ісайкін вывучалі запатрабаванасць прадукцыі, магчымыя рынкі збыту і прыйшлі да высновы, што ў краіне гэтая ніша не надта занята. “На Ушаччыне раней даводзілася бываць, а дакладней адпачываць. Ваш раён славіцца чыстай экалогіяй і мноствам прыгожых азёр. Таму, калі пачалі шукаць у краіне падыходзячае месца для бізнесу, спыніліся на прапанове паблізу вёскі Вацлавова. Нельга не адзначыць разуменне і падтрымку ў кіраўніцтва раёна, за што дзякуй старшыні райвыканкама У.Г.Аўдошку. Развіццё малога бізнесу тут вітаюць не на словах, а на справе! Ну а ў аснову назвы вырашылі вынесці тое, з чым яшчэ акрамя азёр асацыіруецца гераічная Ушаччына – гэта, канечне, ваш вядомы “Прарыў”, – расказвае Аляксей Аляксандравіч.

“Базай” таварыства абралі былы жывёлагадоўчы комплекс (ці дакладней усё, што ад яго засталося) непадалёк ад Вацлавова, які быў пабудаваны ў савецкія часы і належаў калгасу імя Дуброўскага. Рашаючым фактарам падчас выбару месца стала ўдалае размяшчэнне паблізу буйной шашы, а таксама аддаленасць ад населеных пунктаў, каб нікому не перашкаджалі вытворчыя моманты – дым, гул бензапіл.

Што да тэхналогіі вырабу вугалю, то яна прадугледжвае выкарыстанне спецыяльнага абсталявання – вуглевыпальваючых печаў, іх на прадпрыемстве зараз тры. Перш чым лес трапіць у печ (адна ўмяшчае 10 кубаметраў дроў), яго трэба падрыхтаваць, распілаваўшы на кавалкі патрэбнага памеру. Загружаная драўніна выпальваецца на працягу трох дзён, прычым, без доступу паветра і звыклага гарэння, бо ў адваротным выпадку матэрыял проста згарыць. На чацвёрты дзень вугаль “даходзіць” да кандыцыі і пасля астывання выгружаецца, змяльчаецца да патрэбных памераў і затарваецца ў мяхі і пакеты. Затым працэс паўтараецца. Сыравіну ж для сваёй вытворчасці прадпрыемства закупляе ва Ушацкім лясгасе. Для вырабу вугалю падыходзяць многія пароды дрэў акрамя асіны і елкі.

Першыя партыі прадукцыі ўжо паспяхова сышлі з “канвеера” і чакаюць сваёй адгрузкі заказчыкам. Зрэшты, уладальнікі таварыства ў першую чаргу нацэлены на экспарт і гэты вугаль павінен адправіцца ў Францыю і Бельгію. Такая прадукцыя выкарыстоўваецца ў многіх сферах жыццядзейнасці: у нас асацыіруецца з шашлыкамі, а вось за мяжой без драўнянага вугалю не абысціся тым, хто мае ў доме камін. Прычым, гэты від паліва лічыцца экалагічна чыстым і бяспечным.

Трэба адзначыць і тое, што патрабаванні ў Еўропе да такога тавару высокія, а таму ТАА “Кампанія Прарыў” у першую чаргу робіць стаўку менавіта на якасць. У будучым жа пры наяўнасці попыту не выключаюць, што будуць пастаўляць прадукцыю і на ўнутраны рынак. Напрыклад, ушацкім вугалем ужо зацікавілася гандлёвая сетка “Гіппа”.

Канечне, перш чым парадавацца выпушчанаму, на прадпрыемстве была зроблена вялікая падрыхтоўчая работа, нават без уліку афармлення шматлікіх дакументаў. Тэрыторыю неабходна было ачысціць ад смецця і зарасніку, падрыхтаваць месца для ўстаноўкі дарагога абсталявання, складзіравання сыравіны і гатовай прадукцыі. “Вельмі ўдзячны кіраўніку ААТ “Ільюшынскі” С.А.Халімоненку, які не адмовіў у дапамозе, калі на падрыхтоўчых работах нам неяк было абысціся без тэхнікі”, – адзначае А.А.Ісайкін.

Новае прадпрыемства – гэта і новыя рабочыя месцы. Зараз тут працуе 7 чалавек. Трэба сказаць, што дрэнных работнікаў і гультаёў не трымаюць, а на што чалавек здольны – высвятляецца падчас выпрабавальнага тэрміну.

– Даведаліся, што непадалёк ад нашай вёскі адкрываецца новая вытворчасць і вырашылі ўладкавацца сюды, бо дабірацца ў Ільюшына на работу куды складаней. Канечне, фізічная праца нялёгкая, але ж усюды каб зарабіць, трэба шчыраваць. Своечасова атрымалі і першую зарплату – 500 рублёў, – кажуць жыхары Вацлавова Сяргей Салавей і Мікалай Марозаў.

Не толькі вяскоўцы з бліжэйшых населеных пунктаў імкнуцца ўладкавацца ў таварыства, да прыкладу, Аляксандр Далжонак і Арцём Кляшчонак ездзяць сюды з гарпасёлка. У бліжэйшай перспектыве плануецца нарошчваць аб’ёмы, хутка да трох дзеючых печаў дабавіцца яшчэ 7, адпаведна павялічыцца і колькасць працоў­ных месцаў. Дарэчы, сам А.Ісайкін не проста штодня знаходзіцца на вытворчасці і кіруе працэсам, а і нароўні з іншымі бярэцца за работу – ці за падрыхтоўку сыравіны, ці за фасоўку вугалю. “Як кажуць, асабісты прыклад – самы лепшы! Мае карані – у вёсцы, з дзяцінства работы не баяўся. Вось прывёз з сабой сюды і сына Данілу, ён таксама працуе поруч з усімі без паслаблення, праца яшчэ ніводнага чалавека не зрабіла горшым”, – справядліва зазначае Аляксей Аляксандравіч.

Яшчэ шмат трэба зрабіць і давесці да ладу на прадпрыемстве як у працэсе вытворчасці, так і ў плане добраўпарадкавання. І шмат працаваць, каб укладзенае сябе акупіла. Думаецца, што ў кампаніі з сур’ёзнымі намерамі, такой мэтанакіраванасцю і гучнай назвай усё атрымаецца, і пра вугаль з Ушаччыны будуць ведаць далёка за яе межамі.

Вольга КАМАРКОВА.

* * *

! Па ўсім свеце штогадовыя аб’ёмы вытворчасці драўнянага вугалю дасягаюць 9 млн.т., а лідарам з’яўляецца Бразілія. Першынство па спажыванні належыць Японіі (60 кг у год на аднаго грамадзяніна), у краінах Еўропы – каля 20 кг на чалавека.

На здымках: Аляксей і Даніла Ісайкіны;

М.Марозаў, С.Салавей;

А.Далжонак.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *