Ушачская ветеранская организация

Общество

РАЁННАЯ ветэранская арганізацыя аб’ядноўвае старэйшых людзей нашага грамадства, якія шмат перажылі, зведалі і засталіся верныя сваім ідэалам, дастойнымі людзьмі. А іх у нас 107 ветэранаў вайны і 86 узнагароджаных ордэнамі і медалямі за працоўныя заслугі.

Нашы жанчыны і мужчыны паважанага ўзросту жывуць паўнацэнна і цікава, удзельнічаючы ў важнейшых вехах краіны. Вось і на днях адбыўся пленум ветэранскай арганізацыі, вылучалі свайго прадстаўніка ў раённую выбарчую камісію па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Узначальваюць усе 33 нашы пярвічныя арганізацыі людзі неабыякавыя, спагадлівыя да іншых. Яны добра разумеюць, што ветэраны сёння не пакрыўджаныя: атрымліваюць пенсіі, адчуваюць клопат з боку розных службаў, ім неабходна толькі як мага больш увагі. Ад раённай арганізацыі мне прыемна дасылаць віншаванні юбілярам, размаўляць з імі асабіста.

У гушчыні мясцовых спраў, клопатаў ветэранаў вайны і працы знаходзяцца старшыні “пярвічак”: Дубраўка – А.З.Кучко, Ільюшына – М.Я.Рацько, камунгаса – В.А. Шляхтунова, прадпрыемства меліярацыйных сістэм – В.П.Кароткі, Арэхаўна – Н.А.Долгая, Вяркуды – Н.В.Кірпічонак.

Сёлета абноўлены старшынскі састаў пярвічных ветэранскіх арганізацый. Прыйшлі да грамадскай работы людзі ініцыятыўныя, цікавыя, энергічныя. Гэта В.В.Шэндзель (Матырына), Т.І.Макрыдзіна (Жары), М.В.Жмайловіч (Вялікія Дольцы), Л.Г.Ільюшэвіч (Касары), М.А.Тарасевіч (Сарочына), П.М.Мажэйка (Слабада), У.У.Шкіндзер (РАУС), Н.І.Есіпава (агароднінасушыльны завод), Л.П.Гардзіёнак (Градзянец), Н.І.Клындзюк (Кублічы), М.М.Асташонак (Пліна) і іншыя.

Асабіста я і мае памочнікі па прэзідыуме савета ветэранаў А.К. Первянёнак, Г.А.Барадулька, В.П.Кароткі, Н.А.Долгая і іншыя настройваюць новых старшыняў пярвічак на тое, каб ніхто не быў забыты. Трэба даходзіць да кожнага члена арганізацыі, падкрэсліваем мы. І асабліва гэта ажыццяўляецца на святы: Дзень абаронцаў Айчыны, 8 сакавіка, Дзень пажылых людзей. На такія мерапрыемствы звычайна збіраецца шмат ветэранаў, яны рады сустрэцца з сябрамі сваёй маладосці і пазнейшых гадоў. Паважаным людзям нашага грамадства падносяцца кветкі, аб іх гавораць добрыя словы. На раённых святах, прысвечаных Дню пажылых людзей, штогод адбываецца ўзнагароджванне пераможцаў конкурсу па добраўпарадкаванні.

Вельмі падабаюцца нашым ветэранам калектыўныя паездкі па гераічных месцах краіны, а таксама наведанне культурных адметнасцей Беларусі. Гэта збліжае людзей, узбагачае іх. Яны адчуваюць клопат да сябе.

На мінулай сесіі раённага Савета дэпутатаў я выказаў думку, каб кіраўнікі калектываў больш увагі ўдзялялі пажылым людзям. І сур’ёзна адносіліся да іх зваротаў, і не забывалі віншаваць, напрыклад, з днямі нараджэння, і проста знаходзілі хоць некалькі хвілін паразмаўляць пры сустрэчы.

Што датычыцца зваротаў у нашу ветэранскую арганізацыю, то адношуся да гэтага вельмі ўважліва. У цяперашнюю пару асабліва актуальнай з’яўляецца праблема забеспячэння пажылых дрывамі. Хто звярнуўся да мяне, таму імкнуўся дапамагчы. Траім ветэранам праз “Райаграсервіс” сёлета бясплатна было завезена ўгнаенне, толькі з коштам за паслугу транспарту. На днях ветэран вайны пазваніў наконт неабходнасці машыны для здачы яблыкаў. Былой настаўніцы, якая аказалася некалі без гаспадара, цяпер трэба было пафарбаваць хату, у гэтым ёй дапамог камбінат бытавога абслугоўвання. Былі званкі з просьбай аб абмалоце збожжавых. Даводзіцца праяўляць клопат і калі нашы ветэраны адыходзяць з жыцця. Вось і некалькі дзён назад не стала Ганны Цімафееўны Дольнікавай. Дачка захацела пахаваць яе на малой радзіме, на Магілёўшчыне. Дзякуй ад сям’ і ветэрана Міхаілу Пугачову, які па маёй просьбе згадзіўся дапамагчы транспартам. Усім пайшоўшым з жыцця спачуванні ад раённай ветэранскай арганізацыі даём у раённай газеце.

Трымаем пад увагай стан тых месцаў, дзе спачываюць удзельнікі вызвалення нашай мясцовасці ад захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай. За апошні час мне давялося прыняць удзел у абнаўленні помнікаў у Вялікіх Дольцах, Антунове, Пораўне. Ва Ушачах былі ўстаноўлены новыя пліты.

І сённяшніх ветэранаў не крыўдзім. Клопат аб пажылых людзях – адзін з прыярытэтных момантаў палітыкі нашай дзяржавы. І выканаўчая ўлада пастаянна дапамагае нашым ветэранам — актыўнай частцы насельніцтва.

У.МАЛАТКАВЕЦ, старшыня раённай ветэранскай арганізацыі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *