Интерьерные картины, оригинальные подставки и не только из эпоксидной смолы изготавливает ушачанка Анастасия Лёля

Общество

У дзіцячым садку яе малюнкі выдзяляліся сярод іншых, а ў школе і каледжы ёй заўсёды давяралі афармленне розных плакатаў і сценгазет. І сёння Анастасію Лёля (Клопаву) многія ведаюць як крэатыўнага і творчага чалавека. Сваю ж энергію яна вырашыла накіраваць у патрэбнае рэчышча і нядаўна адкрыла рамесніцтва.

“Мой тата і сястра заўсёды добра малявалі. Мама раіла мне паступаць у мастацкае вучылішча, але я абрала спецыяльнасць, звязаную… з дарожным будаўніцтвам. Тры гады адпрацавала ў ДРБУ-105 інжынерам па якасці, а зараз на такой жа пасадзе ва Ушацкім лясгасе. Шчыра кажучы, без творчасці за гэтыя гады стала сумаваць. Вось і ўзялася за малюнкі, першы невялікі пейзаж атрымаўся ўдалым. Так і стала ў вольны ад работы час усё больш брацца за фарбы. Усе мае работы зроблены акварэллю”, – расказвае Анастасія.

Сярод мноства сваіх работ самай складанай Насця лічыць… партрэт свайго мужа Ігара. “Гэтая задумка была сюрпрызам для каханага і першай партрэтнай спробай. Над работай правяла нямала часу і калі заставаліся апошнія штрыхі, на палатно выпадкова трапіла кропля фарбы. Плён старанняў адправіўся ў сметніцу, а я ўсё зрабіла нанова. Атрымалася добра, ацаніў сюрпрыз і муж. Аналагічным спосабам зрабіла і аўтапартрэт. Калі купім уласны дом, абавязкова павесім свае выявы ў цэнтральным пакоі. А яшчэ мару ў будучым уласным жыллі размаляваць адну са сцен. Зрэшты, хутка патрэніруюся: такой адну са сцен для мяне ў сваім доме “ахвяравала” мама”, – расказвае Анастасія.

Усю душу ўклала дзяўчына і ў арыгінальны малюнак трактара, які рыхтавала да юбілею свёкра Сяргея Уладзіміравіча. Такі незвычайны падарунак вельмі спадабаўся перадавому механізатару. А колькі розных карцін упрыгожваюць кватэру яе сястры і пляменніцы!

Акрамя малюнкаў захапілася Анастасія і яшчэ адным цікавым і папулярным у апошні час накірункам – вырабамі з эпаксіднай смалы. У прыватнасці, арыгінальнымі падстаканнікамі і падстаўкамі. “Гэта сінтэтычная смала, якая пры ўзаемадзеянні з зацвярджальнікам утварае вязкую кансістэнцыю і выкарыстоўваецца ў якасці залівачнага матэрыялу. Такія вырабы зусім няшкодныя ў гатовым выглядзе, і зусім не пахнуць. Падстаўкі пад кубкі, бакалы для сервіроўкі стала ўпрыгожаць любую сучасную кухню. Смалу заліваю ў спецыяльныя формачкі, ну а малюнак, колер, дызайн – гэта ўжо справа фантазіі. Паспрабавала пераўвасобіць такім метадам і звычайныя драўляныя кухонныя дошчачкі, заліўшы іх смалой – атрымалася нядрэнна!” – гаворыць дзяўчына.

Убачыўшы гэтыя арыгінальныя вырабы і малюнкі ў Анастасіі дома ці на яе старонках у сацыяльных сетках, многія сябры і знаёмыя пачалі прасіць вырабіць штосьці і для іх. Так у А.Лёлі і нарадзілася ідэя афармлення сваёй справы, тым больш што ў нашай краіне для гэтага створаны выдатныя ўмовы – рамеснікі плацяць адзіны падатак раз у год. Усе патрэбныя для справы матэрыялы набывае ў спецыялізаваных магазінах і заказвае ў інтэрнэце, трацячы на гэта часам немалыя сродкі. Але галоўнае, што як працэс работы, так і вынік прыносіць ёй вялікае задавальненне.

У дамашняй міні-майстэрні дзяўчына вырабляе на заказ падстаўкі, робіць інтэр’ерныя карціны і партрэты ў стылі попарт. Прычым, у кожную рэч яна кладзе ў прыгожа аформленую скрыню са сваімі візіткамі, якія таксама афармляла і друкавала сама. Аб тым, што вырабы ў яе атрымліваюцца выдатна, сведчаць шматлікія станоўчыя водгукі задаволеных кліентаў.

Як вядома, у творчых людзей заўсёды нямала задум і планаў. Так, на вялікіх палотнах у бліжэйшы час Анастасія збіраецца маляваць “эпаксідкай”, а яшчэ паспрабуе заліць ёй сталешніцу стала. А таксама марыць прайсці якія-небудзь адпаведныя курсы. Ну а для ажыццяўлення задум у яе ёсць усе перадумовы – талент, упэўненасць у сваіх сілах і падтрымка родных людзей.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *