Про пневмонию, ношение масок и аппараты ИВЛ. Интервью с главврачом Ушачской ЦРБ

Здравоохранение

Каб засцерагчы нашых чытачоў ад “каранавірусных” слыхаў, мы сустрэліся з галоўным урачом Ушацкай ЦРБ Сяргеем Анатольевічам Маісеевым і адкрыта пагутарылі на тэмы, што зараз актыўна абмяркоўваюцца жыхарамі раёна.

– Абодва пацыенты, у якіх афіцыйна пацверджана заражэнне на COVID-19, першапачаткова трапілі ў бальніцу з пнеўманіяй. У гэтай сувязі многіх турбуе павелічэнне выяўленых у раёне фактаў названага захворвання…

– Хачу супакоіць: да каранавірусу пнеўманія не заўсёды мае дачыненне, яна рэгіструецца штогод. Дарэчы, у параўнанні з аналагічным перыядам 2019-га росту гэтага захворвання (як і вострых рэспіраторных вірусных інфекцый) у нас не назіраецца. На сённяшні дзень пад наглядам медыкаў – 35 пацыентаў з пнеўманіяй, усім ім у поўным аб’ёме гатовы аказаць неабходную дапамогу! У аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі такіх хворых няма.

– Правяраеце людзей з пнеўманіяй на наяўнасць каранавірусу?

– Мазкі для наступнага вызначэння інфекцыі бяруцца ва ўсіх пацыентаў з падазрэннем на COVID-19, з атыповым або цяжкім цячэннем пнеў­маніі. Лабараторныя даследаванні праводзяцца ў адмысловых установах Віцебска і Мінска. Адказ мы атрымліваем на працягу ўжо 6-12 гадзін.

Кожны дзень Міністэрства аховы здароўя прыводзіць статыстыку наконт колькасці хворых на каранавірус, памерлых і тых, хто знаходзіцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх. Якая сітуацыя ў нашай бальніцы з такім абсталяваннем?

– Зараз у рэанімацыйным аддзяленні, разлічаным на шэсць ложкаў, устаноўлена чатыры сучасныя апараты ШВЛ, яшчэ два ёсць у запасе. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў укамплектаванасці на Віцебшчыне. У экстранным выпадку (аднак спадзяюся, што гэтага не спатрэбіцца!) можна выкарыстоўваць наркозна-дыхальныя апараты, якія таксама ў дастатковай колькасці маюцца ў нашых аперацыйных.

Ці праўда, што адзін апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх з нашай ЦРБ перададзены Докшыцам?

– Праўда. Такое рашэнне прынята на ўзроўні Віцебскага галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя. Заўважу, што ўкамплектаванасць медустаноў рэгіёна неабходным абсталяваннем аналізуецца ў так званым “рэжыме рэальнага часу” – не выключана і зваротнае пераразмеркаванне.

– Як медыкі рэагуюць на новыя ўмовы працы?

– Усе прымаюць іх з належным цярпеннем і разуменнем, што не можа не радаваць. Ніхто з маіх калег не адмовіўся ад аказання дапамогі пацыентам, не пайшоў на самаізаляцыю за свой кошт. Спадзяюся: пацыенты гэта ацэняць.

Інтэрнэт “пярэсціць” інфармацыяй пра тое, што бальніцы адчуваюць вострую патрэбу ў сродках аховы і іншым. Дарэчы, жадаючыя дапамагчы знаходзяцца. Ці актуальна гэта для Ушач?

– У цяперашні час ніякіх дадатковых рэсурсаў нам не патрабуецца. Сітуацыя з распаўсюджаннем каранавірусу, аказаннем належнай медыцынскай дапамогі хворым трымаецца на кантролі райвыканкама, штодня збіраецца і аналізуецца інфармацыя, прымаюцца аператыўныя рашэнні.

– Нашэнне медыцынскіх масак засцеражэ ад заражэння?

– Не лічу гэты сродак аховы панацэяй. Маскі трэба насіць найперш хворым людзям: пры правільным выкарыстанні (дарэчы, не больш за 3-4 гадзіны) яны будуць змяншаць распаўсюджанне вірусу, які актыўна выдзяляецца пры чханні, кашлі. Аднак гэта ўсё роўна не застрахуе акружаючых ад заражэння. У тым ліку тады, калі яны таксама ў масках. І ўсё ж калі з такім сродкам на твары адчуваеце сябе больш спакойна, у бяспецы, насіце на здароўе.

– З прафілактычнай мэтай многія ўшачане пачалі прымаць супрацьвірусныя прэпараты. Ці правільна гэта?

– Не зусім. Такія сродкі могуць садзейнічаць павышэнню імунітэту чалавека, аднак няма ніякай гарантыі, што гэта абароніць ад заражэння COVID-19. Да таго ж прыём любога прэпарата (нават простых вітамінаў!) павінен прызначыць урач, які ведае ўсе нюансы вашага здароўя і тое, якія лекавыя сродкі ўжо прымаеце. Бескантрольнае ўжыванне таблетак, пра якія пачулі ў рэкламе ці ад знаёмых, можа сур’ёзна нашкодзіць. Не рызыкуйце, а пракансультуйцеся ў спецыялістаў! Падкрэслю: ісці для гэтага ў паліклініку цяпер не трэба – звязацца з медработнікамі можна па тэлефоне.

Што параіце ўшачанам для захавання бадзёрасці і здароўя?

– Не паддавайцеся паніцы! Сітуацыя з распаўсюджаннем каранавірусу сур’ёзная, аднак кантралюемая. Мінімізуйце наведанне месцаў масавага знаходжання людзей. Усюды – у магазінах, аптэках, банках – захоўвайце дыстанцыю ў 1,5-2 метра. Не забывайцеся рэгулярна мыць рукі з мылам, выкарыстоўваць антысептычныя спіртаўтрымліваючыя сродкі. Пазбягайце блізкага кантакту з людзьмі, у якіх маюцца сімптомы, падобныя на прастуду ці грып. Калі ж такія з’явяцца ў вас, звяртайцеся ў “хуткую дапамогу” па нумары 103 ці рэгістратуру – 5-21-57.

Гутарыла Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *