Весенние проблемы — палы травы и лесные пожары. Бросив спичку, можно не только пострадать, но и «прогореть» на круглую сумму

Профилактика и безопасность

У Браслаўскім раёне пенсіянер спальваў траву, а ў выніку згарэў хлеў суседа, аналагічным чынам на Полаччыне жанчына разам са смеццем пазбавілася сваёй надворнай пабудовы… і суседскага дома. У Чашніцкім раёне з травой зга­рэла дача, а ў Бешанковіцкім падчас палу травы абарвалася жыццё 90-гадовага мужчыны. Падобныя звесткі з’яўляюцца кожны дзень. Наколькі законапаслухмяныя ў гэтым плане ўшачане? Гэта мы высветлілі падчас сумеснага рэйду з выратавальнікамі, праехаўшы па населеных пунктах раёна.

Шматлікія чорныя плямы ўздоўж дарог, на палях, агародах, у садах сведчаць, што многія па-ранейшаму не ўсведамляюць, што выпальванне сухой расліннасці наносіць урон прыродзе, можа знішчыць дамы і пабудовы. Зусім не радуюць краявіды паблізу Дворыцы, дзе абапал дарогі выгарала трава, на шчасце, не дайшло да самой вёскі. А вось у Старым Сяле нехта вырашыў “зрабіць добрую справу” і з дапамогай запалак навесці парадак у самым цэнтры вёскі. Агонь хутка бег па сухой траве да магазіна, але яго ўдалося спыніць неабыякавым вяскоўцам, што ўзброіліся вёдрамі з вадой.

“Мы толькі сухое лісце спальваем, невялікі агонь кантралюем!” – казалі вяскоўцы ў Жарах, якіх засталі якраз за ўборкай. Пазбавіцца такім чынам ад смецця можна, толькі выключна ў бязветранае надвор’е пад наглядам і не забываючыся пра “дыстанцыю” ад пабудоў, лясоў, сціртаў. Аднак прытрымліваюцца правілаў не ўсе – у тым жа населеным пункце ўбачылі, як дагарала смецце, а паблізу нікога не было.

– Адны наўмысна падпальваюць траву, іншыя наводзяць парадак на сваіх участках, спальваючы смецце, лісце і пажніўныя рэшткі, але часта не могуць кантраляваць агонь. Часцей за ўсё гэта людзі пенсійнага ўзросту. Віноўнікам пажару ў Шчучынскім раёне, дзе на мінулым тыдні згарэла 20 дамоў і 23 надворныя пабудовы, стаў 70-гадовы мужчына: ён пайшоў дадому, калі, здавалася, усё патухла, аднак агонь разгарэўся і ў папялішча ператварылася ўся вёска, узбуджана крымінальная справа, – расказвае інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю райаддзела па надзвычайных сітуацыях К.Карзянок.

Сляды палаў убачылі непадалёк ад Вяркуд, Казьяняў, Гары і іншых населеных пунктаў. Ды і далёка за прыкладамі хадзіць не трэба: штогод нехта спраўна падпальвае сухую траву на выездзе з Ушач у накірунку Пліна. У сёлетнім сезоне ўшацкім выратавальнікам даводзілася выязджаць больш трох дзясяткаў разоў на тушэнне смецця і невялікіх узгаранняў. Гэта значна менш, чым летась, калі пажарныя машыны не паспявалі вяртацца з аднаго выкліку, як паступаў другі.

З гэтай праблемы “выцякае” яшчэ адна бяда – лясныя пажары. “Вясной ужо 22 разы змагаліся за лес з агнём, які па сухой траве ішоў у лясны фонд з палёў і населеных пунктаў. На шчасце, пажараў удалося пазбегнуць. Мы трымаем руку на пульсе: ва ўсіх лясніцтвах кантралюем сітуацыю з вышак і пры дапамозе камп’ютарных тэхналогій, у лясгасе на сезон уведзена пасада пажарнага вартаўніка, леснікі ў сваіх угоддзях робяць абыходы”, – расказвае інжынер па ахове лесу Ушацкага лясгаса І.С.Шугалей.

І калі ў нас усё адносна спакойна, даволі напружаная сітуацыя зараз складваецца ў іншых абласцях. Толькі за нядзелю ў Беларусі адбылося 126 прыродных пажараў у 65 раёнах краіны. Самая горшая абстаноўка на Палессі, дзе ў Лельчыцкім раёне на тушэнне пажару прыцягвалі авіяцыю: верталёты 54 разы скідалі ваду, пасля чаго ўдалося лакалізаваць узгаранне на 60 гектарах. Усяго з пачатку пажаранебяспечнага сезона ў лясным фондзе адбылося больш за 350 выпадкаў узгаранняў, агульная плошча лясных пажараў склала амаль 2 тысячы гектараў! На 14 красавіка забарона на наведванне лясоў ужо дзейнічала ў 78 раёнах краіны.

– На Віцебшчыне ў цяперашні час лясы ва ўсіх раёнах адкрыты, але ўзмоцнены кантроль за выкананнем патрабаванняў пажарнай бяспекі, – адзначае І.Шугалей. – Настойліва просім грамадзян быць асцярожнымі з агнём, строга выконваць правілы пажарнай бяспекі: не кідаць падпаленых запалак і акуркаў, не разводзіць вогнішча ў лясных масівах, на тарфяніках і ў месцах з падсохлай травой, не пакідаць у лесе прамаслены альбо прамочаны гаручымі рэчывамі матэрыял. Калі вы заўважылі пажар, сталі сведкам падпальвання, паведамляйце аб гэтым у пажарную службу (101, 112,) і дзяржаўную лясную ахову (5-77-30).

І памятайце – штрафы за палы травы і парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах даволі ўнушальныя. А калі падраздзяленні МНС будуць заняты на тушэнні травы, камусьці спатрэбіцца дапамога.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *