Ушачская ЦРБ работает в штатном режиме. Интервью с главврачом С.А.Моисеевым

Здравоохранение

Сітуацыя з каранавірусам зараз у шэрагу самых актуальных тэм. Уласная бяспека і штодзённая барацьба нашых медыкаў за здароўе людзей – тое, што цікавіць кожнага. Рабоце Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы ў цяперашняй сітуацыі і прысвячалася наша гутарка з галоўным урачом установы С.А.МАІСЕЕВЫМ.

– Сяргей Анатольевіч, ці змянілася сітуацыя ў арганізацыі работы ўсіх устаноў ЦРБ?

– Паколькі паступленне хворых з COVID-19 невялікае, мы працуем у штатным рэжыме, з адзіным выключэннем, што часова прыпынены некаторыя планавыя шпіталізацыі, паслугі, напрыклад, стаматалагічныя. Аднак экстранная дапамога, з вострым болем, аказваецца, як і лячэнне захворванняў любога профілю, а не толькі рэспіраторных. Адзінае, што змянілася – гэта санітарна-эпідэміялагічны рэжым ва ўстановах. Літаральна ва ўсіх бальніцах раёна ўведзены каранцін на наведванне хворых, вядзецца ўзмоцненая апрацоўка памяшканняў і медыцынскія работнікі ў мэтах асабістай бяспекі працуюць у сродках аховы. Зразумела, што мы загадзя рыхтаваліся да таго, што вірус можа прыйсці і да нас, таму Вялікадолецкая бальніца была перапрафілявана пад размяшчэнне грамадзян, якія з’яўляюцца кантактамі першага ўзроўню. Пацыенты, што знаходзіліся там, пераведзены ў Дубраўскую бальніцу сястрынскага догляду, якая, як і Глыбачанская, таксама працуе ў штатным рэжыме. У Вялікадолецкай жа зараз знаходзіцца толькі два чалавекі.

– Ці змяніўся графік работы ўрачоў, дзяжурстваў? Мабыць, была іх перастаноўка з іншых аддзяленняў на дапамогу тэрапеўтам і інфекцыяністам?

– У гэтым няма неабходнасці. Сітуацыя з захворваннямі ў нашым раёне поўнасцю кантралюемая, штодзень паступае пацыентаў не намнога больш, чым раней у такі ж паслязімовы перыяд. Урачы па графіку працуюць на сваіх месцах. Прымаюць хворых у штатным рэжыме спецыялісты ўсіх профіляў, робяцца даследаванні крыві, ультрагукавыя, флюараграфія, нават і тым, хто нядрэнна сябе адчувае, але хоча перастрахавацца. Фельчары ФАПаў вядуць прыёмы, наведваюць пацыентаў па месцы жыхарства, толькі з усімі абавязковымі мерамі перасцярогі. Не павялічылася і колькасць выклікаў на “хуткую дапамогу”. Аднак ёсць і такія: “… мой тэрмометр ці танометр дрэнна працуе, мабыць ваш іншае пакажа”. Хацелася, каб спецыялістаў не адрывалі ад спраў па падобных дробязях.

– У паліклініцы, прычым у першай палове дня, заўважыла зусім мала людзей…

– Гэта гаворыць аб грамадзянскай свядомасці ўшачан, якія без вострай неабходнасці не ідуць на прыём. Як і рэкамендавалі раней, калі вам дрэнна, тэмпература, можна на дом выклікаць свайго участковага тэрапеўта, дзіцячага доктара. Ды і рэцэпт варта выпісаць электронны, патэлефанаваўшы спачатку ў рэгістратуру 5-21-57. Прычым, рабіце гэта на максімальна працяглы тэрмін. Ну а літаральна ўсіх людзей з рэспіраторнымі захворваннямі мы абследуем, і хто хворы на пнеўманію, абавязкова шпіталізуем.

У нас у бальніцы існуе размежаванне патокаў, каб хворыя з павышанай тэмпературай не сутыкаліся з астатнімі пацыентамі?

– Такіх хворых аглядаюць у інфекцыйным кабінеце на другім паверсе паліклінікі – уваход там, дзе і ў раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Астатнія заходзяць праз цэнтральны ўваход у паліклініку.

Вы – урач-пульманолаг. Ці прымаеце ўдзел у лячэнні хворых з каранавірусам?

– Безумоўна, далучаюся, у прыватнасці, кансультую ўрачоў у аглядзе здымкаў лёгкіх. Магу сказаць, што ў хворых з каранавірусам малюнак крыху адрозніваецца ад звычайнай пнеўманіі. Нядаўна кансультаваў знаёмага з Віцебска, у якога наогул не было ніякіх сімптомаў, а тэст пацвер­дзіў у яго наяўнасць COVID-19. Так што меры перасцярогі трэба выконваць літаральна ўсім, нават калі вы “ўпэўнены”, што здаровыя.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *