На Ушаччине активно ведутся работы по уничтожению борщевика

Общество

Разам з сакавітай майскай зелянінай шпарка пайшоў у рост баршчэўнік – адпаведна, разгарнулася ў раёне і маштабная кампанія па яго знішчэнні. “Кожны дзень зараз на ўліку, бо найбольшая эфектыўнасць апрацоўкі хімікатамі ў той час, пакуль пабегі не перасягнулі памеру 10-15 сантыметраў”, – зазначае начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя М.А.Шук.

Старт аказаўся неблагім: на пачатак бягучага тыдня па раёне было апрацавана хімічным спосабам 254 гектары забруджаных плошчаў. Сярод арганізацый у перадавіках лясгас, на рахунку якога больш 92 га, 9 апрацавалі энергетыкі, каля 7 – ДРБУ-105 у паласе адводу аўтадарог, на асобных участках па гарпасёлку знішчылі расліну работнікі УП ЖКГ.

Самыя ж вялікія плошчы – 145,6 гектара – апрацавалі работнікі сталічнага прыватнага прадпрыемства “Прафхімабарона”, якое, як мы ўжо паведамлялі, выйграла тэндар на выкананне адпаведных работ у нашым раёне, прапанаваўшы самыя выгадныя ўмовы. Прадстаўнікі арганізацыі знаходзяцца на Ушаччыне ўжо трэці тыдзень: калі дазваляе надвор’е, палеткі з дапамогай ранцавых апырсквальнікаў апрацоўваюць дзве брыгады, а гэта паўтара дзясятка чалавек. Пад увагай работнікаў фірмы населеныя пункты, тэрыторыі ў наваколлі дарог. Складзены тры маршруты, па якіх рухаюцца брыгады. Першы пачынаецца ад Градзянца і ідзе ўздоўж трасы Ушачы-Бешанковічы-Віцебск – работнікі ўжо прайшлі да вёсак Баброва і Салаўёўка. Другі напрамак – ад мяжы раёна з боку Зябак праз Селішча да райцэнтра, трэці – па Вялікадолецкім боку. “На Ушаччыне нас сустрэлі гасцінна, – дзеляцца ўражаннямі мінчане. – Вельмі спадабаліся ўмовы пражывання ў інтэрнаце спартыўнага комплексу. Пастараемся ўнесці дастойны ўклад у вырашэнне экалагічнай праблемы вашага прыгожага краю!”

Усяго, адпаведна дагавору, прафхімабаронцы апрацуюць 450 гектараў забруджаных плошчаў. А паколькі іх паслугі аказаліся даволі таннымі, з’явілася магчымасць правесці дадатковы тэндар на апрацоўку хіміяй яшчэ 170 гектараў – мяркуецца, што гэта будуць плошчы ў наваколлі населеных пунктаў, не ахопленых трыма прыгаданымі вышэй маршрутамі.

Барацьба са шкоднай раслінай з’яўляецца ў нашым раёне, як кажуць, справай усіх і кожнага. Да пачатку сезона складзены план адпаведных мерапрыемстваў, дзе даведзены заданні ўсім землекарыстальнікам, старшынёй райвыканкама зацверджаны падэкадны графік яго выканання з указаннем плошчаў, на якіх неабходна правесці работы, каб яны былі завершаны ў аптымальныя тэрміны. Раённая прыродаахоўная інспекцыя праводзіць кантрольныя мерапрыемствы па выкананні графіка, і тым, хто ад яго адхіляецца, выдаюцца прадпісанні.

“Хочацца нагадаць жыхарам, што, адпаведна заканадаўству, на ўласных участках яны павінны самастойна знішчаць небяспечную расліну. Трэба ўсведамляць, што пры ўсім жаданні “добры дзядзька” з касой ці апырсквальнікам да кожнага двара не дойдзе. Таму вельмі разлічваем і на тое, што шэфы з замацаваных арганізацый, старэйшыны, неабыякавыя вяскоўцы, дачнікі ўключацца ў агульную работу і дапамогуць знішчыць баршчэўнік на грамадскіх тэрыторыях населеных пунктаў і ў наваколлі вёсак”, – адзначае М.Шук.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *