Пневмоний в области становится меньше, обработка мест общего пользования продолжается

Здравоохранение

Аднаўляюць работу па профілі

Адпаведна інфармацыі, агучанай падчас правядзення на гэтым тыдні абласнога штаба па папярэджанні завозу, распаўсю­джання выпадкаў і абароне насельніцтва ад інфекцыі, выкліканай COVID-19, у Віцебскай вобласці змяншаецца колькасць пацыентаў з пнеўманіямі, што патрабуюць лячэння ў стацыянарных умовах. Гэта, у сваю чаргу, дазваляе перепрафіляваць бальнічныя ложкі для далейшага аказання спецыялізаванай медыцынскай дапамогі ў штатным рэжыме.

Так, з 8 мая ўжо не функцыяніруе цэнтр на базе санаторыя “Лётцы”, дзе назіралі за кантактамі першага ўзроўню і далечвалі пацыентаў з пнеўманіямі, нядаўна аднавілі работу па профілі хірургічны корпус анкадыспансера і абласны цэнтр псіхіятрыі і наркалогіі, пераходзяць у звычайны рэжым і аддзяленні абласной бальніцы.

Тэсціраванне метадам ПЦР на каранавірус арганізавана ў 8 лабараторыях. Па звестках на пачатак бягучага тыдня, усяго ў вобласці было праведзена каля 56 тысяч тэстаў, за суткі ў сярэднім даследуецца каля 1600 проб. Акрамя таго ў медустановах рэгіёна актыўна праводзяцца экспрэс-тэсты на антыцелы да COVID-19.

Апрацоўка працягваецца

“Ці абеззаражваюць зараз камунальнікі пад’езды і грамадскія месцы? Нешта апошнім часам іх асабліва не бачна…” – з такімі меркаваннямі звярнуліся ў рэдакцыю некалькі чытачоў з гарпасёлка. Ну а мы пераадрасавалі пытанні намесніку дырэктара УП ЖКГ Вользе Віктараўне Шчэрбік.

– Хачу заўважыць, што калі нехта чагосьці не бачыць на свае вочы, гэта не значыць, што працэс не адбываецца. Санапрацоўка пад’ездаў шматпавярховак па-ранейшаму праводзіцца штодня, пры гэтым работы могуць весціся ў розны час – і ў сем гадзін раніцы, і ў дзесяць, і ў другой палове дня. Апрацоў­ваюцца растворам уваходныя дзверы, поручні лесвіц, падаконнікі, а вось ручкі дзвярэй кватэр у першы час абеззаражвалі, а зараз не, бо паступіла некалькі скаргаў ад жыльцоў, якім гэта не падабалася. Такім чынам, грамадзянам варта праціраць іх самастойна. Таксама ў дні, калі няма дажджу, праводзіцца апрацоўка дзіцячых пляцовак у дварах і гарадскім скверы – арэляў, спартыўных збудаванняў, лавачак, малых архітэктурных формаў. Занятыя на гэтых працэсах рабочыя па абслугоўванні жылфонду, і штораз складаюцца адпаведныя акты выкананых работ.

Перыядычна – канечне ж, у пагодлівыя дні – дэзрастворам з дапамогай трактара паліваюцца тратуары.

Кватэра – на дэзінфекцыю!

Ушачане, напэўна, ніколі не займаліся такой шчырай уборкай кватэр, як зараз. Аднак інфармацыі па дэзінфекцыі стала зашмат: эфектыўныя парады змяшаліся з выдумкамі. Мы пацікавіліся ў раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, якія сродкі можна выкарыстоўваць для абароны ад каранавіруса і ці трэба запрашаць спецыялістаў на дом пасля хворага.

Адразу скажам, што заўзятага фанатызму для апрацоўкі не патрабуецца: сама па сабе кватэра не з’яўляецца фактарам рызыкі – небяспеку ўяўляюць толькі інфіцыраваныя людзі. Для абароны ад вірусаў раз у два дні праводзьце вільготную ўборку з выкарыстаннем любых мыйных сродкаў. Калі дома нехта мае ВРВІ ці іншыя прастудныя захворванні, рабіце гэта кожны дзень з дапамогай хлорутрымліваючых раствораў. Можна выкарыстоўваць воцат і дэзінфіцыруючыя сурвэткі. Рэгулярна праветрывайце памяшканні (са скразнякамі), падтрымлівайце тэмпературу на ўзроўні +18 +20 °C. Сачыце за вільготнасцю паветра: лепш трымаць яе на адзнацы 40-60 працэнтаў (частыя вільготныя ўборкі дапамогуць у гэтым). Некалькі разоў на дзень апрацоўвайце паверхні, да якіх часта датыкаецеся рукамі. Калі нехта з блізкіх захварэў на COVID-19, не адмаўляйцеся ад візіту работнікаў санслужбы.

– Праводзім грунтоўную дэзінфекцыю ў ачагу распаўсюджання віруса – кватэры і пад’ездзе хворага – на працягу сутак (час узгадняем з гаспадарамі) пасля пастаноўкі чалавеку дыягназу “каранавірус”, – расказвае галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ушацкага раёна Павел Аляксандравіч Саўчанка. – Хлорутрымліваючым дэзсродкам апрацоўваем абсалютна ўсе паверхні: не толькі дзвярныя ручкі, сталы, выключальнікі, змяшальнікі, але і падлогу, сцены… Робім гэта ў прысутнасці блізкіх хворага, пакуль той праходзіць шпіталізацыю. Былі ў нас выпадкі, калі з просьбай правесці дэзінфекцыю пад’езда звярталіся суседзі інфіцыраванага. У гэтым таксама не адмаўляем.

Прэстыж прафесіі расце

Каля 300 студэнтаў Віцебскага дзяржаўнага медуніверсітэта, у тым ліку 80 сёлетніх выпускнікоў установы, працавалі апошнія месяцы ў клініках абласнога цэнтра, падставіўшы ў цяжкую хвіліну плячо дапамогі сваім будучым калегам і ў пэўным сэнсе пацвердзіўшы правільнасць выбару прафесіі. На гэтым тыдні ва ўніверсітэце прайшло размеркаванне выпускнікоў, якіх сёлета ва ўстанове каля 800. Па меркаванні рэктара ВДМУ А.Шчаснага, вялікая ўвага, якая з пачаткам распаўсюджання каранавіруснай інфекцыі надаецца рабоце ўрачоў, істотна павысіць прэстыж прафесіі, прыцягне ў яе рады яшчэ больш людзей, шчыра адданых сваёй справе. Сярод тых, хто днямі стане дыпламаванымі ўрачамі, ёсць і нашы землякі. Як паведамілі нам ва Ушацкай ЦРБ, сёлета тут чакаюць некалькіх маладых спецыялістаў. Так, ужо дакладна вядома, што штат установы папоўняць урач агульнай практыкі і два інтэрны.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *