Более сотни вышитых картин и не только. Ушачанка Оксана Гардиёнок не может представить себя без вышивки крестиком

Калейдоскоп

“Не можа быць, што гэта ручная работа!” – такія водгукі пра вышыты крыжыкам зімовы пейзаж Аксане Гардзіёнак даводзілася чуць ужо неаднойчы. І сапраўды, на гэтай карціне настолькі ўсё бездакорна, што толькі прыгледзеўшыся можна ўбачыць вышыўку. Зрэшты, абсалютна кожны яе выраб дасканалы і арыгінальны.

З самага дзяцінства да творчасці ўшачанка была неабыякавая. Спачатку захаплялася бісерапляценнем, а апошнія 15 гадоў не можа ўявіць сябе без сучаснай вышыўкі крыжыкам. “Усё пачалося з паездкі ў Віцебск да маёй цёці, убачыла ў яе на сценах прыгожыя вышытыя карціны і тады падумала: я так не змагу, але маё жаданне паспрабаваць падмацавалася, калі мы накіраваліся ў горад майстроў на “Славянскім базары”. Цёця растлумачыла мне многія тонкасці і дала матэрыял. Я вырашыла, як кажуць, не разменьвацца на дробязі – і першая мая работа з няпростым прыродным пейзажам была памерам 60 на 40 сантыметраў. Усё атрымалася і я ўжо спыніцца не магла, пачалі з’яўляцца шматлікія ідэі, вобразы. Памятаю, падчас вучобы ў Лужаснянскім тэхнікуме сяброўкі, атрымаўшы стыпендыю, накіроўваліся за касметыкай, а я ў рукадзельныя магазіны за ніткамі”, – расказвае А.Гардзіёнак.

Тысячы крыжыкаў і сотні розных работ за гэты час зрабіла Аксана. І кожная яе вышыўка ўражвае. На палотнах – пейзажы, жывёлы, птушкі, кветкі, караблі, героі мультфільмаў і многае іншае. Часам нават робіць цэлыя цыклы карцін, асабліва вылучаецца сярод іх серыя вясёлкавых жывёл, выкананая ў адпаведных колерах. Дарэчы, майстрыха не абмяжоўваецца выключна карцінамі: так, зусім нядаўна аздобіла сваю летнюю кашулю выявай прыгожай лісічкі. Прызнаецца, што было нялёгка гэта зрабіць з-за структуры тканіны адзення, таму выкарыстоўвала водарастваральную канву. Вышыванымі элементамі ўпрыгожыла таксама джынсы, іншыя рэчы. А яшчэ ў якасці сувеніраў родным і сябрам робіць невялічкія магніты-вышыўкі. А да Вялікадня і Дня закаханых вышывала… па дрэве, папярэдне набыўшы спецыяльныя драўляныя нарыхтоўкі ў форме сэрцаў і яек. На сваё захапленне траціць і нямала сродкаў, купляючы не толькі непасрэдна матэрыялы, а і, напрыклад, спецыяльныя рамкі ў багетнай майстэрні ў Віцебску.

Найбольшы перыяд творчай актыўнасці прыпаў на дэкрэтны адпачынак, але і пасля яго ўрач-радыёлаг райветстанцыі пастаянна знаходзіць час для вышывання. “Як ты ўсё паспяваеш? – такое пытанне я чую часта, – з усмешкай адзначае Аксана. – Але я лічу, што нічога не паспявае толькі лянівы, галоўнае – жаданне. Напрыклад, проста сесці і глядзець фільм не магу, абавязкова бяру вышыванне. Дачушка гуляе ў пясочніцы, а я побач сяджу з ніткай і іголкай, вышываю і на фізкультурна-аздараўленчым комплексе, пакуль гадзіну чакаю яе з заняткаў па дзіцячай зумбе. А калі завочна вучылася ў ветакадэміі і ездзіла на сесіі, то і ў дызелі справай займалася!”

У яе шмат распачатых работ, а яшчэ больш ідэй, што яшчэ можна зрабіць. Задумамі, гатовымі вырабамі яна дзеліцца ў акаўнце ў “Інстаграм”, дзе ўжо больш за 800 падпісчыкаў. А нядаўна Аксана папоўніла рады клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў “Адраджэнне”. Пабачыць і набыць яе работы можна на пастаяннай выставе-продажы ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Тут жа яна з задавальненнем гатова правесці майстар-клас для тых, хто таксама хоча далучыцца да творчасці.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *