36 учеников Ушачской школы весело и интересно проводят время в оздоровительном лагере «Солнышко»

Образование и молодежь

Як адпачыць летам, каб яркія ўражанні засталіся надоўга? Адказ на гэтае пытанне дакладна ведаюць вучні малодшых класаў, якія трапілі сёлета ў дзённы аздараўленчы лагер “Сонейка”. Летнік на базе Ушацкай школы адчыніў свае дзверы для 36 хлопчыкаў і дзяўчынак у Дзень абароны дзяцей. Працягнецца ж змена да 25 чэрвеня.

– Няпростая эпідэмічная абстаноўка ўнесла карэктывы ў работу “Сонейка”, але ж на якасць адпачынку школьнікаў гэта не паўплывала, – расказвае начальнік лагера Тамара Уладзіміраўна Аваднёва. – Так, не праводзім зараз масавыя мерапрыемствы, асабліва ў закрытых памяшканнях. Стараемся больш часу быць з дзецьмі на свежым паветры – ладзім для іх вясёлыя квесты, конкурсы малюнкаў на асфальце, спартыўныя спаборніцтвы. Гэтак жа на вуліцы прайшла нядаўняя сустрэча з работнікамі дзіцячай бібліятэкі, якія падрыхтавалі насычаную забаўляльную праграму. Палюбіліся нашым выхаванцам музычныя гадзіны, інтэлектуальныя шоу, віктарыны, джаз-дэнс…

Усе мерапрыемствы ў “Сонейку” прадуманы да дробязяў, у чым заслуга вопытнага педагога-арганізатара Святланы Міхайлаўны Ільюшэнкі. Дапамагаюць жа рэалізаваць задумы выхавацелі лагера. Паралельна дбаюць пра захаванне сацыяльнай дыстанцыі, ва ўсіх памяшканнях маюцца антысептыкі.

Аздараўленню ў летніку спрыяюць трохразовае вітамінізаванае харчаванне – на сталах у дзяцей заўсёды ёсць салаты са свежай агародніны, фрукты і сокі. Для вучняў 1-2 класаў і ўсіх жадаючых прадугледжаны дзённы сон.

Да завяршэння работы лагера – цэлы тыдзень, а значыць многа адкрыццяў яшчэ наперадзе.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *