Пройти платное тестирование на коронавирус теперь можно и в Ушачах. Как это сделать — читайте в нашем материале!

Главное Здравоохранение

Прайсці платнае тэсціраванне на каранавірусную інфекцыю цяпер можна і ва Ушачах. Першая партыя сертыфікаваных экспрэс-тэстаў паступіла на бягучым тыдні ў райбальніцу – пачаўся прыём усіх жадаючых. Што ўяўляе сабой працэдура? Колькі грошай і часу патрэбна на яе праходжанне? За адказамі на гэтыя пытанні накіравалася ў медустанову і праверыла ўсе нюансы такога даследавання.

Адразу ўдакладню, што здаць кроў для тэсціравання можна толькі з 8.00 да 9.00 ці з 14.00 да 16.00. Рабіць гэта рэкамендуецца ў першым выпадку нашча, а ў другім – абышоўшыся лёгкім сняданкам.

На гадзінніку 8.20 – падыходжу да рэгістратуры. Інфармацыя пра платную паслугу здачы тэста на каранавірус размешчана тут ля акенца, як і на ўваходзе ў паліклініку. Супрацоўніца, дастаўшы журнал для запісаў, удакладняе: “На 8.28 падыдзе?”. З атрыманым на аплату талонам і тлумачэннямі, што рабіць далей, накіроўваюся да касы на другім паверсе. Чаргі няма, заходжу без затрымкі. Як пазней нагадала намеснік галоўнага ўрача па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва Н.В.Дрозд, трэба карыстацца выгодамі талоннай сістэмы – і пры наяўнасці пад кабінетам пацыентаў, якія здаюць аналізы бясплатна (час на гэта больш працяглы!), не дэманстраваць сваю “ветлівасць”, а заходзіць у вызначаны ў талоне час.

Далей чакала звычайная працэдура забору крыві з вены і невялікае анкетаванне – спецыяліст удакладніла асабістыя даныя і інфармацыю пра тое, ці ў першы раз праходжу экспрэс-тэсціраванне. “Вынікі можна будзе забраць у рэгістратуры ў 11.30. Абавязковая ўмова – наяўнасць пашпарта”, – атрымліваю далейшую “схему дзеянняў”. Гэта датычыцца ўсіх, хто здае кроў раніцай. Калі ж выберыце пасляабедзенны час, то будзеце чакаць вынікаў да 17.30.

Роўна ў 11.30 я зноў ля рэгістратуры. Паглядзеўшы пашпарт, супрацоўніца выдае лісток з вынікамі даследавання. Паколькі робіць гэта спакойна, без просьбы наведаць тэрапеўта ці іншага спецыяліста, здагадваюся, што каранавіруса ў арганізме няма. Самастойнае вывучэнне запісаў гэта пацвярджае. Трэба сказаць, што нічога складанага ў “паперцы” няма. У невялікую таблічку фельчарам-лабарантам, які рабіў тэсціраванне, унесены два запісы: пра наяўнасць у плазме крыві імунаглабулінаў M і G. Прысутнасць першых гаворыць пра тое, што чалавек ужо перахварэў на COVID-19 (дарэчы, ва Ушачах былі выпадкі, калі кантакты першага ўзроўню пасля праходжання экспрэс-тэсціравання са здзіўленнем даведваліся пра гэта), наяўнасць другіх – нагода біць трывогу зараз! Два адмоўныя запісы ў лістку пацвярджаюць, што каранавірус абышоў вас бокам.

Праверка завершана. Парадавалі не толькі адносная хуткасць у атрыманні вынікаў, якасць абслугоўвання, але і кошт паслугі – на сённяшні дзень гэта 18 руб. 84 кап. (танней, чым у абласным цэнтры, дзе тэсціраванне пачалі праводзіць раней). Да таго ж не трэба папярэдне праходзіць рэнтген-даследаванне, наведваць участковага тэрапеўта, гінеколага…

Па словах Н.В.Дрозд, экспрэс-тэсты на каранавірус паступілі нядаўна на ўсе базы медтэхнікі краіны. У выпадку, калі паслуга акажацца запатрабаванай у жыхароў Ушаччыны, бальніца закупіць іх у патрэбнай колькасці яшчэ. Праўда, новыя партыі не гарантуюць трывалага кошту – невялікія змены могуць адбыцца як у бок павелічэння, так і змяншэння.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *