«Чай» с крана больше не течёт. В Ушачском районе заработали 2 станции обезжелезивания, ещё 2 готовятся к запуску

Общество

Праблема наяўнасці жалеза ў вадзе характэрная не толькі для Ушацкага раёна, а і многіх іншых рэгіёнаў Беларусі. Таму будаўніцтва станцый абезжалезвання стала часткай дзяржаўнай палітыкі, замацаванай праграмай “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе” на 2016-2020 гады. У яе падпраграме “Чыстая вада” забеспячэнне насельніцтва якаснай пітной вадой названа прыярытэтнай задачай. Такія патрэбныя аб’екты фінансуюцца з рэспубліканскага і абласных бюджэтаў у рамках інвестыцыйных праграм.

Што акрамя негатыўнага ўплыву на чалавечы арганізм нясе вада з павышаным утрыманнем жалеза? Карозію сантэхнічных вырабаў і награвальных элементаў у бойлерах і пральных машынах, іржавыя разводы на ванне і посудзе, фільтры імгненна забіваюцца адкладамі ржы. Сёлета аб такой праблеме забудуцца жыхары некаторых буйных сельскіх населеных пунктаў раёна – станцыі абезжалезвання ўжо запушчаны ў Дубраўцы і Старым Сяле Жарскага сельсавета, а на бягучым тыдні вяліся пусканаладачныя работы ў Сарочыне.

Сама станцыя – модуль кантэйнернага тыпу, устаноўлены на бетонны фундамент. Унутры яе размешчана тэхналагічнае абсталяванне. Вада, якая падымаецца з артэзіянскіх свідравін, паступае на станцыю абезжалезвання, дзе ачышчаецца ў спецыяльных фільтрах, пасля чаго па трубах паступае насельніцтву. “Станцыі тыпавыя, тэндар на ўзвядзенне вось гэтай, у Сарочыне, выйграла мінская фірма “Еўравада”, разам з яе спецыялістамі і вядзём наладку, робім прамыўку. Абсталяванне цалкам аўтаматызавана, разлічана на бесперапынную работу, перыядычна будзе праводзіцца яго абслугоўванне. Хоць памер станцыі і невялікі, аднак магутнасць складае 6 кубоў у гадзіну, а гэтага поўнасцю дастаткова, каб забяспечыць чыстай вадой такі населены пункт, як Сарочына. Нават калі часова спыніцца падача электраэнергіі, ачышчаная вада будзе паступаць спажыўцам з рэзервуара”, – расказвае начальнік участка энергаслужбы філіяла “Наваполацкводаканал” Аляксандр Бараўкоў.

У адказным моманце запуску ўдзельнічалі і ўшацкія працаўнікі, сярод іх і малады слесар Віталь Майсеенка. “Ведаем, як чакаюць чыстай вады нашы вяскоўцы, а таму ахвотна ўдзельнічаем у прыемнай місіі будаўніцтва і запуску аб’екта”, – кажа хлопец. Трэба адзначыць, што і на падрыхтоўчых работах – абсталяванні пляцоўкі, бетаніраванні фундамента, добраўпарадкаванні тэрыторыі станцый абезжалезвання – працаўнікі “Наваполацкводаканала” і нашага ўшацкага ўчастка шчыравалі разам.

Згодна з санітарнымі нормамі і правіламі, гранічна дапушчальная канцэнтрацыя жалеза ў пітной вадзе не павінна перавышаць 0,3 міліграма на літр. Як патлумачылі спецыялісты, вада прыкметна паляпшаецца і адпавядае ўсім спажывецкім якасцям прыкладна праз 5-7 дзён з моманту запуску станцыі. Прыемныя перамены ўжо адчулі жыхары Дубраўкі: “Раней увечары наберыш, а за ноч сценкі ёмістасці становяцца аранжавымі, а на дне – вялікі асадак. Зараз жа пасля адстойвання яго няма, вада цячэ чыстая, прыкметна змяніўся ў лепшы бок і смак, розніца адчувальная! Вельмі рады, што наша Дубраўка трапіла ў спіс вёсак, дзе будуюцца станцыі. Дзякуй уладам за клопат аб вяскоўцах”, – адзначыла Тамара Іванаўна Целепень.

І ў Старым Сяле пачалі заўважаць паступовыя змены з вадой, узровень жалеза ў якой у некалькі разоў перавышаў норму – і яна адпавядала тэхнічнай. “Адкрыццё станцыі для нашай вёскі – значная падзея. Спачатку не заўважылі ніякіх змен, але з кожным днём вада губляе свой “рыжы” колер і на смак ужо не такая, як раней”, – кажа старэйшына Валянціна Іванаўна Крысёнак.

Хутка чыстая вада прыйдзе і ў дамы жыхароў Глыбачкі – у аграгарадку ўжо вядуцца работы па падрыхтоўцы пляцоўкі пад чарговую станцыю абезжалезвання.

Вольга КАМАРКОВА.

Факт

  • За апошнія гады ў сельскіх населеных пунктах краіны пабудавана 272 станцыі абезжалезвання. Згодна дзяржпраграмы “Чыстая вада” на 2021-2025 гады яны з’явяцца яшчэ ў 1461 населеным пункце.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *