На выборах Президента Республики Беларусь стартовало досрочное голосование

Общество

 4 жніўня, стартавала датэрміновае галасаванне па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. З 10 гадзін раніцы пачалі працу члены ўчастковых камісій. Мы накіраваліся на ўчастак для галасавання №3, размешчаны ў будынку раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, каб даведацца, чаму грамадзяне аддаюць перавагу менавіта датэрміноваму галасаванню.

Праз паўтары гадзіны пасля адкрыцця на дне празрыстай апламбаванай скрыні на вока было звыш дзясятка бюлетэняў. Візуальныя ўражанні пацвердзілі і члены камісіі: “Чалавек дваццаць ужо прагаласавала”. Пакрыху людзі падыходзілі, пераважна пенсіянеры, здавалася б, самая “вольная” ў часе катэгорыя выбаршчыкаў. “Цёплы сезон года праводжу ў вёсцы на дачы, – патлумачыў сваё жаданне прагаласаваць датэрмінова Леанід Уладзіміравіч Грэцкі (на здымку). – Сёння ж наведаў райцэнтр па справах, заадно вырашыў і выканаць грамадзянскі абавязак, каб не ехаць спецыяльна ў нядзелю”. А вось Віктар Васільевіч Федарэнка свой датэрміновы візіт на ўчастак матывуе іншымі прычынамі: “У асноўны дзень выбараў многа людзей, а я мітусні не люблю. Добра, што маецца магчымасць прагаласаваць загадзя ў спакойнай абстаноўцы”. А ёсць і такія, хто проста эканоміць свой вольны час. Напрыклад, маладыя бацькі, якія выхоўваюць двух маленькіх дзетак, тлумачаць: “Вызваляем сабе выхадны. Нядзеля для нас – магчымасць актыўна і з карысцю адпачыць разам”.

Галасуюць датэрмінова і многія людзі ў пагонах. І на тое ёсць аб’ектыўныя прычыны. Некаторыя супрацоўнікі МНС, напрыклад, у асноўны дзень выбараў заступаюць на дзяжурства, значная іх колькасць задзейнічана на выбарчых участках для забеспячэння супрацьпажарнай бяспекі. Тое ж датычыцца і пэўнай часткі супрацоўнікаў міліцыі. Ды і ў іншых сферах ёсць службы, работнікі якіх у асноўны дзень галасавання не маюць магчымасці зрабіць выбар з-за занятасці на працы – медыкі, супрацоўнікі газавай службы, электрасувязі, вадзіцелі аўтатранспартных прадпрыемстваў і іншыя. Датэрміновае галасаванне прадстаўляе такую магчымасць, а скарыстацца ёй або не, вырашаюць самі грамадзяне.

Д.Раманоўскі.

! 9 жніўня ўчасткі для галасавання будуць працаваць з 8 да 20 гадзін.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *