Уборочная кампания в ОАО «Ильюшинский» набирает темпы

Сельское хозяйство

Ідэальны жнівеньскі малюнак давялося назіраць днямі за аграгарадком Ільюшына: на прыгожым жоўтым полі гулі камбайны, пакідаючы за сабой залацістыя палосы саломы.

Хутка напаўняліся чыстым зернем прычэпы трактароў і машын. Традыцыйна прагульваліся за тэхнікай на іржышчы кантралёры-буслы. Прыўзнятым быў і настрой працаўнікоў ААТ “Ільюшынскі”, яно і зразумела – азімая пшаніца на гэтым участку дала не менш 40 цэнтнераў з гектара!

Жніво ў сельгаспрадпрыемстве набірае тэмпы, сёлета адной з самых буйных гаспадарак раёна трэба ўбраць 2 тысячы гектараў. На палі выйшла 5 камбайнаў. Як правіла, яны раз­дзелены на дзве каманды, на адных палетках працуюць тры больш магутныя КЗС-1218, асобна збіраюць ураджай “дзясяткі” – КЗС-10К. Такі падзел тлумачыцца найперш зручнасцю – на невялікіх участках пяць камбайнаў заміналі б адзін аднаму. Гэтымі днямі першыя якраз і працавалі ў наваколлі аграгарадка на самых ураджайных палях. “Калі так добра і хутка сыплецца ў бункер – працаваць адно задавальненне! Днём раней на суседнім полі ўраджайнасць была і больш 40 цэнтнераў!” – кажа нязменны перадавік “Ільюшынскага” Уладзімір Лёля. У гаспадарцы ён ужо больш трох дзясяткаў гадоў, а на сёлетнім жніве ў дапамогу бацьку памочнікам прыйшоў сын Віктар. Сямейны экіпаж у першыя дні ўборачнай кампаніі вырваўся ў лідары раённага спаборніцтва сярод камбайнаў сваёй маркі. Не займаць вопыту і Анатолю Спірыдзёнку, якому неаднаразова даводзілася трапляць у лік “тысячнікаў”, у гэтым годзе механізатар вырашыў змагацца у адзіночку, без памочніка. І калі У.Лёля і А.Спірыдзёнак даўно прывыклі да аб’ектываў фотакамер, то сціплы Васіль Калітуха на старонкі “раёнкі” трапляў надзвычай рэдка. Не таму, што працаваў дрэнна, проста быў задзейнічаны на другарадных работах, якія, як правіла, застаюцца за кадрам. Напрыклад, сёлета ўносіў на палі “хімію”.

Нядрэнны ўраджай вырас і ў старасельскай зоне, дзе ўжо не адзін дзень шчыруюць на КЗС-10К Мікалай Ступко і Анатоль Усовік. Для апошняга механізатара сёлетняе жніво юбілейнае – трыццаць пятае. “Памятаю, як пачынаў працаваць у калгасе імя Дуброўскага на “Ніве”, потым шмат гадоў убіраў ураджай на “Доне-1500”. Цяпер ужо каторы сезон на гэтым камбайне. Тэхніка не новая, але ў цэлым не падводзіць. На родных палетках паблізу Вацлавова і Старога Сяла працаваць мне найбольш зручна і прыемна”, – расказвае Анатоль Віктаравіч, які ў прамым сэнсе слова пажынае свае плады, усю вясну ён засяваў гэтыя землі.

З адвозкай гаспадарка спраўляецца практычна самастойна: толькі адна адзінка прыватніка прыйшла ёй на дапамогу. І калі б не аддаленыя ўчасткі, то хапіла, пэўна, і ўласных рэзерваў: чацвёрты сезон задзейнічаны на адвозцы зерня малады вадзіцель Ігар Кароткі на МАЗе, Анатоль Дайлідзёнак з корманарыхтоўкі, дзе працаваў на валкаванні, пераключыўся на жніво на трактары МТЗ-952. Далучаюцца да іх пры неабходнасці і іншыя механізатары.

З палёў збожжа паступае на зернесушыльны комплекс у Ільюшыне, які працуе ў дзве змены, каб закласці насенне ў сховішчы, а таксама пачысціць і пасушыць зерне, якое ідзе на дзяржзаказ.

– Спадзяёмся, што “каравай” гэтага года будзе больш важкім, чым у папярэднія. У цэлым зерневыя на палях нядрэнныя, сярэдняя ўраджайнасць зараз складае каля 30 цэнтнераў з гектара. Найбольш парадавала азімая пшаніца, насенне якой закуплялі на сортавыпрабавальнай станцыі. Стараемся не губляць час і ўкласціся ў аптымальныя тэрміны, – расказвае кіраўнік сельгаспрадпрыемства С.А.Халімоненка.

Галоўнымі героямі жніва з’яўляюцца камбайнеры і вадзіцелі, аднак перыяд уборачнай напружаны і для астатніх працаўнікоў гаспадаркі: на зернесушылцы пастаянна дзяжураць спецыялісты, эканоміць дарагі час хлебаробаў спецыяльная рамонтная брыгада, якая адпраўляецца на поле ў выпадку паломак, прама на палеткі падвозіць паліва бензавоз, сюды ж прывозяць і абеды, якія для ільюшынскіх хлебаробаў гатуе Ушацкі філіял аблспажыўтаварыства. Усе працуюць на адну важную мэту – своечасова ўбраць хлеб. Нездарма кажуць: летні дзень год корміць.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *