С высокой явкой и степенью ответственности, или Как в Ушачском районе прошли выборы Президента Республики Беларусь

Общество

Калі 9 жніўня каля 10 гадзін зайшоў на ўчастак для галасавання па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1, размешчаны ў адміністарацыйным будынку Дома Саветаў, у памяшканні знаходзілася каля дзясятка выбаршчыкаў. Члены камісіі правяралі дакументы, выдавалі бюлетэні – працэс ішоў поўным ходам. Даведаўся, што некалькі чалавек нават чакалі адкрыцця, ну а бліжэй да абеду часам усе кабінкі былі заняты і людзям даводзілася крыху пачакаць, – ушачане традыцыйна паказалі высокую яўку, зрэшты, як і ў час правядзення папярэдніх грамадска-палітычных кампаній.

Каля 10 гадзін члены камісіі Аляксандр Тарасеня і Віктар Турло з адмысловай урнай накіраваліся на галасаванне па месцы жыхарства грамадзян. На гэтым выбарчым участку з самай вялікай колькасцю выбаршчыкаў з усіх дванаццаці, створаных на Ушачычыне, тых, хто пажадаў прагаласаваць на доме, было нямнога. Яно і не дзіўна, бо сюды тэрытарыяльна адносіліся самыя “маладыя” мікрараёны гарпасёлка, у тым ліку і вуліца Віцебская. Бачна гэта было і візуальна – добрае надвор’е спрыяла таму, што мамы і таты прыходзілі з малымі дзеткам, якія з задавальненнем выконвалі галоўную місію – апускалі бюлетэні ў урну. Былі і тыя, для каго сёлетнія выбары сталі першымі ў дарослым жыцці, ім старшыня камісіі Віталь Іосіфавіч Клімашэўскі прэзентаваў памятныя сувеніры. Сярод такіх – выпускніца медкаледжа Маргарыта Рыбчынская. “На выбары ішла асэнсавана, свайго кандыдата абрала даўно, – зазначыла дзяўчына. – Лічу, што прагаласаваць павінен кожны грамадзянін, які неабыякавы да лёсу краіны”.

Як зазначыў дырэктар філіяла “Маяк-Ушацкі” Антон Юльянавіч Анецька, многія члены калектыв з ліку занятых на жніве прагаласавалі датэрмінова, таму дзень выбараў уборачную ў гаспадарцы не спыніў – людзі, якія працуюць ў полі, самі разумелі, што ў пагодлівы дзень лепш папрацаваць і зарабіць, на ўчастак загадзя нікога ісці не прымушалі.

Традыцыйна ж ёсць і катэгорыя грамадзян, асабліва старэйшага пакалення, якія ідуць на выбары як на свята. І для таго, каб стварыць такую атмасферу, у нядзелю было зроблена шмат. Напрыклад, у райвыканкаме людзі затрымліваліся ў фае ля шыкоўнай выставы вырабаў з саломкі, падрыхтаванай раённым цэнтрам дзяцей і моладзі і Домам рамёстваў. Тэматыку, прысвечаную народным майстрам і іх заняткам, мела і экспазіцыя друкаваных матэрыялаў, прадстаўленая супрацоўнікамі цэнтральнай бібліятэкі. А ў 12 гадзін памяшканне напоўнілася гукамі жывой музыкі – выкладчыкі дзіцячай школы мастацтваў прапанавалі выбаршчыкам канцэрт, працаваў і буфет Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства, цэны ў якім прыемна ўражвалі наведвальнікаў – падчас важнейшай электаральнай кампаніі кіраўніцтва прадпрыемства ўстанавіла на смачную разнастайную прадукцыю мінімальную надбаўку.

Карысталася попытам гандлёвая кропка і ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці, дзе размяшчаўся таксама адзін з буйнейшых па колькасці выбаршчыкаў участак для галасавання. Канцэрт жа тут адбыўся пазней, калі брыгада культработнікаў вярнулася з выязнога “турнэ” – у дзень выбараў магчымасць узняць настрой ад выступленняў лепшых самадзейных артыстаў атрымалі таксама жыхары вёсак – па графіку канцэрты былі наладжаны і на ўсіх сельскіх участках.

Патокі людзей цяклі на ўчасткі для галасавання ў гарпасёлку да самага закрыцця – хтосьці вяртаўся з дач, а хтосьці і спецыяльна выбіраў час наведвання бліжэй да вечара. “Кажуць, дрэнна жывём, а машыну сваю з-за іншамарак не магу прыстроіць!” – усміхаўся, заходзячы на ўчастак, мужчына. – Таму я свой выбар раблю, зыходзячы з рэчаіснасці, а не абяцанак, раю гэта і іншым з усёй ступенню адказнасці”.

Выбары адбыліся. Прайшлі яны ў нашым раёне спакойна, ціха было ля памяшканняў участкаў і пасля іх закрыцця. Папярэднія вынікі галасавання ў панядзелак агучыў Цэнтрвыбаркам – у дзеючага Прэзідэнта краіны А.Р.Лукашэнкі 80,08 працэнтаў галасоў выбаршчыкаў, якія прыйшлі на ўчасткі для галасавання. Заключнае пасяджэнне ЦВК пройдзе 14 жніўня, пасля чаго будуць аб’яўлены канчатковыя вынікі.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *