Семья Лаевских из Лутово Сельцо знает толк в подсобном хозяйстве

Сельское хозяйство

Лутава Сяльцо – вёска дагледжаная, нават узорная, нездарма менавіта ёй прысуджалася званне лепшага населенага пункта па добраўпарадкаванні. Але нават у ёй сядзіба Лаеўскіх вылучаецца. Суцэльная металічная агароджа з цаглянымі слупамі, абкладзены прыгожым дарагім сайдынгам дом, новыя шклопакеты, ружы на шпалерах, кветкі ў вазонах. У доме яшчэ працягваецца капітальны рамонт з заменай перагародак, з’явілася прасторная душавая, праведзена паравое ацяпленне, якое будзе працаваць ад электрычнасці. Нават калі работы выконваць самастойна – усё роўна вельмі кругленькая сума. А з’явілася яна толькі дзякуючы вялікай падсобнай гаспадарцы, у якой Лаеўскія ведаюць толк.

Не паспела Алена Васільеўна адчыніць вароты двара, як насустрач ужо нёсся аблавухі атрад. Ды які, з 17 ружовых парасят: амаль аднолькавых, аднак праглядаўся сярод іх і павадыр – крыху большы па памерах кабанчык.

– Гэты застаўся з апошняга прыплоду. Баяліся, што свінаматка не прыме, бо былі да гэтага вельмі злыя. Нюх у свіней мацней, чым у сабак, таму нават бутэлька вылітага адэкалону не дапамагае – усё роўна адчуваюць, што чужы. А гэтая міралюбівая.

Алена абводзіць свае ўладанні, шчыльна закрытыя ад вуліцы: “Вось тут “кабінет” малых, з яго яны, аднак, свабодна праходзяць да мамкі, дзве з якіх зараз аднаўляюць сілы: выкармілі адна 16, другая 17 парасят, таму на павышаным рацыёне. Ну а гэтая прыгажуня хутка парасіцца.”

Перадаць памеры будучай мамкі складана: займае практычна ўвесь адсек. “Кілаграм пад 300”, – тлумачыць Сяргей Сяргеевіч Лаеўскі і расказвае, што выхад чыстага мяса будзе пад 180 кілаграмаў.

За дзесяцігоддзі ўтрымання вялікай падсобнай гаспадаркі яны перабралі шмат відаў жывёлы і парод. Самай прыбытковай лічаць карміцельку-карову, а потым свіней. Сярод іх – мяснога дзюрка, а таксама беларускіх белых. Каб набыць чыстапародных, такіх, якіх трымалі нашы бацькі – вялікіх, з выхадам сала з далонь, а не толькі мяса, ездзілі на далёкі хутар на мяжы Міёрскага і Шаркаўшчынскага раёнаў. “Параілі людзі з Празарокаў. З цяжкасцю адшукалі дзеда, які трымае свінаматак, а ў суседа маецца чыстапародны беларускі белы кныр. Прывезлі зусім маленькіх, з рукавічку, яны нават праз сетку ў нас пралезлі, аднак хутка набралі вагу і вось ужо самі прыносяць патомства. Пакрываем пародай ландрас, якая больш мясная, а па выглядзе вельмі падобная – даўгія і белыя. І атрымліваюцца выдатныя парасяты, якія абавязкова будуць вялікімі. Вымушаны былі так далёка ехаць за імі для разводу, паколькі неаднойчы сутыкаліся з сумніўнымі пакупкамі. Кормім-кормім, памятаю, а ён спыніўся ў памерах і ўсё. Аказваецца, зараз па дварах вельмі шмат паўкровак, скрыжоўваюць карэйцаў, в’етнамцаў, йоркшыраў, ландрасаў, дзюркоў, і гэтыя сумясі, калі бяруць гены малых бацькоў, растуць толькі да пэўных памераў. Беларускую белую лёгка адрозніць па вушах – у чыстакровак яны большыя і вісяць – даўгіх нагах і тулаве”, – расказвае гаспадыня.

На падвоку Лаеўскіх зараз пяць свінаматак (акрамя беларускіх белых адна карычневая – дзюрок), карова, куры розных парод, цацаркі. Апошнія вельмі дарэчы на вясковым двары, бо моцна крычаць, калі з’яўляецца каршун, такім чынам папярэджваюць увесь статак і гаспадароў. У сезон закладалі чатыры інкубатары курыных яек, на продаж і сабе. А ад адной свінаматкі за год атрымліваюць два прыплоды, такім чынам з пяці пры нараджэнні нават дзесяці малых – маюць больш 10 тысяч рублёў.

Меркавала, што і трынаццатае парася ўжо лішняе – не хопіць саскоў, а тут больш 16, і выкормліваюць? Алена патлумачыла, што пры пакупцы малых абавязкова адбіраюць, каб саскоў было 16, хоць, бывае, нараджаюць і ўсяго шэсць парасят. Аднак і пры такой колькасці малых ні адзін з іх не выглядаў “лішнім” – усе вельмі жвавенькія, а пры з’яўленні ў карыце разведзенага сухога малака паказваюць проста акрабатычныя нумары, спрабуючы са спіны брата дабрацца да пітва. А каб яны былі такімі, Лаеўскія абавязкова вакцынуюць парасят, даюць вітаміны, вырываюць іклы, каб не траўмавалі свінаматку, і кастрыруюць. Усё, акрамя апошняга, навучыліся рабіць самі. А паколькі малога ад мамкі не адымеш – парвець – змайстравалі спецыяльны “сачок” – кошык з даўгой палкай, якім вылоўліваюць па адным з гнязда. Пастаянна кансультуюцца з ветурачамі, бо здараецца рознае. А ў дзень Сяргей гатуе 100 літраў ежы. Зразумела, што не з камбікорму – выляцеў бы ў трубу і не меў ніякага прыбытку. На сарака сотках садзяць толькі бульбу – у гэтым сезоне пайшло 7 тон дробнай, на 20 – ячмень. Даюць малако і сыроватку. Траву ці яблыкі не сякуць – парасяты проста бегаюць па двары і вітамінізуюцца. Хаця, чым карміць, кожны выбірае сам – ва ўзросце двух-трох тыдняў малыя пачынаюць есці ўсё і хутка падстрояцца пад любы рацыён.

Застаецца дадаць, што асноўны клопат па ўтрыманні гаспадаркі ляжыць на Сяргеі Сяргеевічы, бо Алена Васільеўна працуе прадаўцом у блізкай Глыбачцы. Хаця, зразумела, што пры такой колькасці гадаванцаў работы хапае ўсім. І нават памочнікам, сярод якіх самая актыўная – унучатая пляменніца Сафія. “Кліч мяне фермерам”, – просіць пяцігадовая дзяўчынка, якая ведае ўсе звычкі гадаванцаў і расказвае ў садку ў Полацку пра хатні заапарк. Мабыць яна і стане ім. Бо як кажа С.С.Лаеўскі – падсобная гаспадарка дае магчымасць для развіцця, ты сам ацэньваеш уласныя сілы і абіраеш больш выгадны напрамак. І хатні гаспадар можа хутка стаць фермерам ці нават кіраўніком аграрнага міні-прадпрыемства. Ну а для гэтага Лаеўскія ўсім раяць пачынаць з парсючкоў – не так клопатна, як з каровай, а хіба што параўнаеш са смачнай уласнай свежанінай.

В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *