В агрогородке Великие Дольцы прошёл районный праздник молока

Культура

А вы ведаеце, што малако на 90 працэнтаў складаецца з вады, пры гэтым у ім утрымліваецца не менш 80-ці карысных мікраэлементаў і вітамінаў? Упэўнены, што кожны з вас назаве не менш двух дзясяткаў страў, у прыгатаванні якіх не абысціся без малака. Менавіта ў гонар гэтага незаменнага прадукту ў аграгарадку Вялікія Дольцы ў суботу ладзілася адпаведнае раённае свята.

Месцам яго правядзення стаў парк у цэнтры населенага пункта, дзе на зялёнай зоне культработнікі наладзілі сцэну і глядацкую залу, у якой ахвотна займалі месцы і дзеці, і дарослыя.

“Сусветны дзень малака адзначаецца ў чэрвені, а ў нас ужо стала добрай традыцыяй ладзіць яго ў канцы лета – пачатку восені, – адзначыў, вітаючы аднавяскоўцаў старшыня Вялікадолецкага сельвыканкама А.Л.Сыс. – Без малака нельга ўявіць наш рацыён, і хацелася б выказаць словы ўдзячнасці ўсім працаўнікам аграрнай галіны, якія заняты на вытворчасці малака”.

Добрыя словы ў адрас мясцовых даярак выказаў і дырэктар КУСГП “Вялікадолецкае” Д.М.Уліновіч, які зазначыў, што далёка не кожны справіцца з такой нялёгкай справай, і ўручыў граматы лепшым працаўніцам гаспадаркі – Алене Бажанавай, Валянціне і Алене Хамічонак.

Уздымалі ж настрой усім прысутным не толькі вакальныя і харэаграфічныя нумары ў выкананні культработнікаў і ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці, а і розныя вясёлыя конкурсы, якія адпавядалі тэматыцы свята. Напрыклад, спаборнічалі вяскоўцы ў веданні малочных страў і прадуктаў, а таксама выпівалі на хуткасць кефір. Некалькі смельчакоў паказвалі майстар-клас у даенні кароў. Буронак у парк не прыводзілі, замест вымя былі гумавыя пальчаткі з вадой, на якіх і практыкаваліся ў асноўным школьнікі. Пераможцы конкурсаў атрымлівалі і адпаведныя падарункі – малочныя прадукты, праўда, магазінныя.

Тым часам, усе жадаючыя мелімагчымасць паспытаць на выставе-дэгустацыі разнастайныя стравы, прыгатаваныя ўмелымі рукамі вялікадолецкіх гаспадынь. Да прыкладу, Людміла Лапацкая прапанавала малочны кісель па традыцыйным сямейным рэцэпце, Валянціна Хіла – піражкі са смятанным крэмам, Валянціна Жаваранак – бліны з тварагом, Ала Крыштопенка – торт-пірожнае, а Ларыса Цвяцінская, Валянціна Сінько, Наталля Сямяхіна – смачныя духмяныя пірагі.

Не раз гучала інфармацыя пра карысць малака, і не толькі ад культработнікаў, а і ў вершаванай форме ад дзяцей, якія таксама старанна рыхтаваліся да свята.

Раіла аднавяскоўцам ужываць малочныя прадукты і ўрач Ала Мікалаеўна Крыштопенка, якой, дарэчы, мерапрыемства вельмі спадабалася сваёй простай, шчырай атмасферай, лёгкім чаргаваннем выдатных музычных нумароў з конкурсамі. Аб гэтым яна казала напрыканцы, дзякуючы арганізатарам. На свяце ніхто не застаўся раўнадушным ад пастановак пра гарадскую і вясковую жанчыну, якія разам ехалі ў цягніку, і бабулю, якая эмацыянальна расказвала, як уцякала ад маньяка. Найбольшую ж колькасць авацый пад занавес “сарвала” мужчынскае трыа ў складзе Анатоля Букі, Руслана Крыштопенкі і Мікіты Белякова, якія, пераўвасобіўшыся ў жанчын, з запалам выканалі вядомую песню “Ой, мамачка, на саначках”. Аб тым, што свята ўдалося, сведчылі шматлікія станоўчыя водгукі жыхароў аграгарадка, якія разыходзіліся ў выдатным настроі.

Вольга КАМАРКОВА.

          Факт:

  • Малако вядома і сваімі ачышчальнымі ўласцівасцямі. З яго дапамогай можна пазбавіцца ад алейных плям на вопратцы, а таксама ад пацямнення прадметаў з золата.
  • Малако дапаможа справіцца з бяссонніцай – выпіце шклянку цёплага напою з мёдам за гадзіну да сну.
  • 1 кілаграм натуральнага сметанковага масла атрымліваецца з 21 літра малака. А для таго каб атрымаць 1 кілаграм сыру, у сярэднім трэба 10 літраў.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *