Увеличился объём лесозаготовок, экспорт, «подросла» зарплата. Коллектив Ушачского лесхоза встречает профессиональный праздник с высокими показателями

Экономика и малый бизнес

Ушацкі лясгас з’яўляецца адным з флагманаў эканомікі раёна, уносіць важкі ўклад у напаўненне бюджэту. Да сёлетняга свята прадпрыемства падышло з неблагімі паказчыкамі. Работы па лесааднаўленні і лесаразвядзенні за 8 месяцаў года выкананы на плошчы 131,1 гектара пры плане на гэты перыяд 105 гектараў, а на год у 142. Да слова сказаць, пітомнік лясгаса поўнасцю забяспечыў ўласную патрэбу ў саджанцах, да таго ж на экспарт рэалізавана 100 тысяч сеянцаў. Актыўна рэалізуюцца і дэкаратыўныя расліны насельніцтву.

Нарыхтавана 84 тысячы кубаметраў драўніны, што да ўзроўню мінулага года склала 117,9 працэнта. Выраблена 6,7 тысячы кубаметраў піламатэрыялаў, што ледзь не ў два разы болей, чым летась. Даходы ад паляўніча-гаспадарчай дзейнасці склалі 15,6 тысячы рублёў.

Аб’ём экспарту лесапрадукцыі і паслуг дасягнуў 708,7 тысячы долараў (177 працэнтаў да ўзроўню мінулага года) пры плане ў 440. Большай, чым у адпаведны леташні перыяд, аказалася і выручка ад рэалізацыі прадукцыі, якая склала 4989 тысяч рублёў. За 8 месяцаў бягучага года інвестыцыі ў асноўны капітал склалі 1336 тысяч рублёў. “Падрасла” і сярэдняя заработная плата работнікаў прадпрыемства – 923 супраць 811 у мінулым годзе, а ў ліпені і жніўні яна склала 1017 і 1021 адпаведна. Апошнім часам лясгас актыўна ўкараняе сучасныя тэхналогіі, развівае дрэваапрацоўчую вытворчасць, створана 10 новых рабочых месцаў, абнаўляецца тэхнічны парк.

Непасрэдна сярод лясніцтваў сёлета складаўся рэйтынг работы, на агульны вынік якога ўплывалі многія накірункі дзейнасці. Пальма першынства прысуджана Ушацкаму лясніцтву (ляснічы – А.С.Падвойскі), менавіта на гэты калектыў прыйшоўся найбольшы аб’ём нарыхтоўкі драўніны – 14569 кубаметраў, на тэрыторыі лясніцтва ў гэтым годзе пасаджаны новыя лясныя культуры пасевам і пасадкай на 22,4 гектара. Лідзіруе яно і па паступленнях уласных сродкаў ад лесагаспадарчай дзейнасці, а таксама актыўна і плённа займаецца добраўпарадкаваннем. Другі радок рэйтынгу заняло Вялікадолецкае лясніцтва (ляснічы – А.І.Савін), на трэцім месцы – Касарское (М.А.Рахманенка).

У цэлым у станоўчых выніках дзейнасці Ушацкага лясгаса заслуга як кіраўніка прадпрыемства Сяргея Аляксандравіча Даніловіча, так і спецыялістаў, усіх работнікаў дружнага калектыву, а іх на сённяшні дзень 315. Добрасумленная і плённая праца многіх з іх, уклад у выкананне паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця лясной галіны штогод не застаюцца непрыкмечанымі. Так, сёлета Ганаровай граматай Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь узнагароджаны трактарыст па падрыхтоўцы лесасек, тралёўцы і вывазцы лесу Плінскага лясніцтва Сяргей Віктаравіч Дунец, Граматай Міністэрства – памочнік ляснічага Касарскога лясніцтва Вольга Паўлаўна Рахманенка. Падзяка міністра лясной гаспадаркі аб’яўлена вадзіцелю аўтамабіля на вывазцы лесу Алегу Мікалаевічу Харэвічу. Ганаровай граматы Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання ўдастоены машыніст тралёвачнай машыны Васіль Міхайлавіч Мамонаў і вальшчык лесу Вялікадолецкага лясніцтва Уладзімір Іванавіч Кастаненка, Граматы – вальшчыкі лесу Плінскага і Касарскога лясніцтваў Юрый Аляксандравіч Владзіёнак і Сяргей Уладзіміравіч Мішын. Падзяка генеральнага дырэктара Віцебскага ДВЛГА аб’яўлена інжынеру прамысловага аддзела Марыі Сямёнаўне Маршалкінай і бухгалтару Касарскога лясніцтва Аляўціне Вікенцьеўне Ляшкевіч. Яшчэ больш 20 работнікаў адзначаны на раённым узроўні і граматамі прадпрыемства.

Трымаць марку і сумленна працаваць – дэвіз гэтага калектыву. І з такім настроем ім па плячы новыя дасягненні.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *