Сразу трое выпускников Ушачской школы поступили в группу пулевой стрельбы Белгосуниверситета физической культуры

Cпорт

Сёлета набор на бюджэтную форму ў групу кулявой стральбы ў Белдзяржуніверсітэце фізічнай культуры складаў усяго 9 чалавек, прычым два з іх, як члены зборнай, ішлі па-за конкурсам. Дык вось, па выніках уступных іспытаў з наяўных сямі “вакансій” тры занялі выпускнікі Ушацкай школы і выхаванцы нашай ДЮСШ Уладзімір Бутоўскі, Віктар Лёля і Таццяна Падгола.

І вось мінуў ужо месяц студэнцкага жыцця, і мы распытваем Валодзю і Віцю пра першыя ўражанні ад вучобы ў галоўнай спартыўнай ВНУ краіны. Усяго на адны суткі прыехалі аднагрупнікі ва Ушачы, аднак вылучылі час, каб зазірнуць у рэдакцыю – вядома ж, у суправаджэнні свайго любімага трэнера Уладзіміра Міхайлавіча Верлава, які працягвае апекаваць іх і пасля заканчэння спартыўнай школы. “Што ж такая кароткая пабыўка?” – цікаўлюся ў хлопцаў. “Нармальна! Усё, што трэба, паспелі. Нават родным дапамагчы! Мы з татам за вечар амаль увесь аўтамабіль перабралі, Вова – па гаспадарчых справах завіхаўся. Так што паедзем на вучобу з чыстым сумленнем!” – усміхаецца Віктар.

Гэтыя хлопцы, ужо з маленства звыклыя да працы, не спешчаныя “цяплічнымі” ўмовамі выхавання, і да трэніровак у спартшколе падыходзілі з упартасцю і адказнасцю. А таму яшчэ ў вучнёўскія гады назбіралі немалую калекцыю прызавых месцаў абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. Да паступлення ж у БДУФК мэтанакіравана рыхтаваліся ў апошні школьны год: “падцягвалі” біялогію і мову – Уладзімір для здачы ЦТ абраў беларускую, Віктар – рускую. Ну а з іспытамі па агульнафізічнай падрыхтоўцы ў хлопцаў увогуле праблем не ўзнікла. “Сказалі, што на “дзясятку” трэба толькі 16 разоў падцягнуцца – мы нават і стаміцца не паспелі!” – жартуюць сябры. Не стушаваліся і падчас двух стралковых практыкаванняў. А ў выніку – запаветны студэнцкі статус стаў рэальнасцю!

Узнёслыя эмоцыі не ўлягліся і праз месяц: ушачане ўжо асвоіліся ў сталіцы, ацанілі выгоды сучаснага інтэрнату, што знаходзіцца зусім побач з вучэбным корпусам. А яшчэ абодва аказаліся залічанымі ў рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі, дзе правялі першыя заняткі з адным з лепшых трэнераў краіны па кулявой стральбе Джамілёй Авезавай. “Нам выдалі добрую зброю. Шчыра кажучы, я да свайго нямецкага Вальтара LP-300 нават яшчэ цалкам не прыстасаваўся, бо з такога крутога пісталета раней ніколі не страляў”, – расказвае У.Бутоўскі. Зрэшты, здольнасці ўшацкіх сяброў ужо паспелі вылучыць: толькі іх двух з ліку першакурснікаў пасля прагляду на трох першых трэніроўках уключылі ў склад зборнай каманды, якая накіравалася ў верасні на рэспубліканскія спаборніцтвы ў Гродна. Зараз жа хлопцы старанна рыхтуюцца да Алімпійскіх дзён моладзі, якія пройдуць напрыканцы кастрычніка ў Брэсце.

Паспяхова адаптуецца да студэнцкага жыцця і былая выхаванка Пятра Юльянавіча Варатынскага Таня Падгола, якая будзе развіваць сваё майстэрства ў стральбе з вінтоўкі. Паступіў сёлета ў БДУФК і яшчэ адзін іх аднакласнік – Арцём Правада: хлопец атрымаў мэтавае накіраванне ад сектара спорту і турызму райвыканкама і стаў студэнтам са спецыялізацыяй у плаванні. Але і на гэтым не вычарпаўся патэнцыял іх спартыўнага класа: спецыяльнасць трэнера па валейболе набывае зараз у ВДУ імя Машэрава Андрэй Бутоўскі.

Канечне, вельмі прыемна, калі нашы выпускнікі робяць такія ўпэўненыя крокі да будучай прафесіі. І тут трэба падкрэсліць, што калі паставіць перад сабой цвёрдую мэту, заручыцца падтрымкай трэнераў, настаўнікаў, бацькоў, не шкадаваць часу і сіл, то юнакі і дзяўчаты з сельскай мясцовасці абсалютна на роўных могуць канкурыраваць з гараджанамі за месцы ў самых прэстыжных ВНУ. Такім чынам, для будучых ушацкіх выпускнікоў прыклад герояў гэтага аповеду можа стаць добрым арыенцірам. Ну а апошнім мы, вядома ж, жадаем трапляць “у дзясятку” ва ўсіх пачынаннях.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *