Ушачскому музею народной славы имени Героя Советского Союза В.Е.Лобанка — 50 лет!

Культура

Кожны беларускі рэгіён ганарыцца сваімі героямі і ўкладам у агульную Перамогу. Легендарная ж Ушаччына мае для гэтага асаблівыя падставы, бо з’яўляецца сімвалам мужнасці і непакорнасці. Пра подзвіг воінаў і партызан у гады фашысцкай навалы ў нашым раёне нагадваюць дзясяткі помнікаў і абеліскаў, славуты мемарыяльны комплекс “Прарыў” і ўнікальны музей народнай славы, які ўжо паўстагоддзя ўражвае наведвальнікаў, ажыўляючы трагічныя і гераічныя старонкі нашага мінулага.

Ідэя адкрыцця музея нарадзілася ў 1967-м, калі ва Ушачах на сустрэчу сабраліся баявыя сябры-партызаны. Былі сярод іх і такія легендарныя асобы, як былы камандзір злучэння брыгад Ушацкай партызанскай зоны, а на той момант першы намеснік старшыні Саўміна БССР Уладзімір Елісеевіч Лабанок, былыя камандзіры брыгады імя Панамарэнкі Мікалай Васільевіч Уткін і першага арганізаванага на Ушаччыне атрада “Смерць фашызму” Цімафей Дзмітрыевіч Плахатнюк. Далучыўшы сабе ў паплечнікі першага сакратара Ушацкага райкама партыі Мікалая Іванавіча Дземянцея, партызанскія важакі задаліся мэтай стварыць у нашым гарпасёлку музей Народнай славы – і ўжо праз год выйшла адпаведная пастанова бюро ЦК КПБ.

Першае адмысловае музейнае памяшканне пабудавалі па вуліцы Савецкай – гэта быў драўляны дом плошчай усяго ў 50 квадратных метраў. Дырэктарам установы прызначылі Васіля Іванавіча Кірпіча, які дагэтуль кіраваў агароднінасушыльным заводам, а на пасаду навуковага супрацоўніка перайшла карэктар газеты Людміла Абрамаўна Мядзведзева. Адным жа з першых музейных прадметаў стаў бюст Леніна, захаваны ў гады вайны Юліяй Захараўнай Лаўрыновіч і перададзены яе сынам Анатолем Фамічом. Адкрыццё экспазіцыі адбылося 7 лістапада 1970 года – менавіта з гэтага дня наш музей і адлічвае сваю афіцыйную гісторыю.

Першы пераезд

За наступны год работы было сабрана пад 1000 музейных прадметаў, экспазіцыю наведала больш 16 тысяч чалавек – і хутка стала зразумела, што памяшканне не адпавядае маштабам праекта. У 1972-м пад музей быў перададзены ў чатыры разы большы па плошчы будынак упраўлення сельскай гаспадаркі па вуліцы Ленінскай (цяперашні магазін “Дабраном”). Змяніўся і кіраўнік – ім стаў былы партызан Іосіф Платонавіч Голік. Прыйшла ў калектыў таксама Галіна Васільеўна Карбоўская і знайшла тут не толькі любімую справу, а і спадарожніка жыцця – у хуткім часе ў складзе студэнцка-выкладчыцкай групы мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педінстытута для афармлення экспазіцыі прыбыў будучы выпускнік Міхаіл Аляксандравіч Багдановіч, і неўзабаве ўтварылася прыгожая маладая сям’я.

Другая экспазіцыя рыхтавалася да 1974 года і была адкрыта 30 чэрвеня адначасова з мемарыяльным комплексам “Прарыў” (ён стаў філіялам музея) да 30-годдзя вызвалення раёна. У ліку ганаровых гасцей урачыстасці былі Героі Савецкага Саюза У.Е.Лабанок, Аляксей Пятровіч Марэсьеў, іншыя легендарныя асобы. Экспазіцыя размясцілася ў трох залах і адлюстроўвала адпаведна даваенны перыяд, падзеі Вялікай Айчыннай і пасляваенны час.

Маштабныя планы, нястомная праца

Наступны ж год быў адметны прыходам на кіруючую пасаду Мікалая Мікалаевіча Кірпіча – граматнага і апантанага спецыяліста, які прысвяціў установе 35 год і вельмі шмат зрабіў для яе развіцця. Застаўся ў гісторыі і навуковы супрацоўнік Васіль Васільевіч Іваненка, які аформіў экспазіцыю ў доме на льнозаводзе, дзе ў гады вайны размяшчаўся штаб аператыўнай групы. Рабочыя ж прадпрыемства дапамаглі музейшчыкам аднавіць партызанскую зямлянку. У наступныя гады фонды музея актыўна прырасталі адметнымі рэчамі, было шмат зроблена па ўдасканаленні афармлення, а ў 1978 годзе быў зафіксаваны рэкорд наведвальнасці – экспазіцыю паглядзелі амаль 55 тысяч чалавек. Ну а пастанова ЦК КПБ аб стварэнні пры музеі партызанскай карціннай галерэі прымусіла распачаць будаўніцтва новага памяшкання ўстановы.

Пачатак 80-х стаў напружаным перыядам, калі будаўнічыя клопаты трэба было сумяшчаць з падрыхтоўкай трэцяй, куды больш маштабнай і відовішчнай экспазіцыі. Узвядзенне новага музея прыцягнула ва Ушачы лепшых беларускіх мастакоў і дойлідаў. Над стварэннем манументальнага роспісу ў вестыбюлі чараваў Уладзімір Крываблоцкі, афармленнем фасаду займаўся Юрый Любімаў. Актыўна паскаралі момант наваселля і работнікі музея – у гэты час калектыў папоўнілі Галіна Карабань, Ларыса Дук і іншыя супрацоўнікі.

Такога яшчэ не бачылі

Адкрыццё новага памяшкання музея адбылося 9 Мая 1985 года. Гонар перарэзаць сімвалічную стужку выпаў ушацкім франтавікам Яўгену Пятровічу Васілеўскаму і поўнаму кавалеру ордэна Славы Анісу Андрэевічу Клопаву. На ўрачыстасць сабралася вельмі шмат былых воінаў і партызан. Новая экспазіцыя аказалася сапраўды ўражваючай і наведвальнікі зазначалі, што ніколі не бачылі нічога падобнага – тым больш у такім невялікім пасёлку. Яна мела два аддзелы – ваенна-гістарычны і мастацкі, і ў апошнім пачалі экспаніравацца разнастайныя выставы.

Адметным момантам гісторыі ўстановы сталі сяброўскія стасункі з калегамі з ГДР. Пачаліся яны ў 1989-м, калі ва Ушачы прыехала дэлегацыя музейных работнікаў з горада Зяелаў. За тыдзень нямецкія калегі паспелі не толькі з захапленнем ацаніць наш музей і гасціннасць ушачан, а і паглядзець славутасці беларускіх гарадоў. Цікава, што ў якасці перакладчыка падчас іх зносін выступаў настаўнік нямецкай мовы Васіль Пятровіч Мычко, ён жа дапамагаў перакладаць лісты, якімі на працягу некалькіх год абменьваліся сябры-музейшчыкі.

У няпростыя дзевяностыя

Прыгаданы перыяд стаў няпростым выпрабаваннем для музейнай справы. Узніклі складанасці з фінансаваннем, зменшылася колькасць наведвальнікаў і выстаў. Тым не менш, у 1993 музей прыняў свайго юбілейнага паўмільённага наведвальніка. Маштабным атрымалася святкаванне 50-годдзя вызвалення раёна, на якое сабраліся прадстаўнікі ўсіх партызанскіх брыгад. У 1998 годзе супрацоўнікі пачалі пісаць хроніку “Памяць”, якая ўбачыла свет у 2003-м. У 90-я гады калектыў установы папоўнілі Ганна Харытонаўна Талапілава, Наталля Генадзьеўна Гардзіёнак, а ў 2003 – навуковы супрацоўнік Наталля Пятроўна Бугай.

У 1999-м музею было прысвоена імя Героя Савецкага Саюза У.Е.Лабанка, а праз восем год, у дзень стагоддзя Уладзіміра Елісеевіча, ва Ушачы прыехала яго сям’я – дочкі Нэля і Алена, унукі. У 2004-м прынята рашэнне аб стварэнні філіяла “Сядзіба-музей Васіля Быкава”, які быў адкрыты да 80-годдзя пісьменніка.

Знаёмства з прыгожым

Выставачная зала музея стала сапраўдным культурным цэнтрам нашага раёна. Ужо адна з першых экспазіцый “Рускае мастацтва ХІХ стагоддзя” мела ў наведвальнікаў надзвычайны поспех: упершыню жыхары глыбінкі на свае вочы змаглі ўбачыць унікальныя карціны. Ладзіліся тут выставы як знакамітых аўтараў, так і нашых таленавітых землякоў. Абсалютным лідарам па колькасці вернісажаў стаў Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня. Поспехам у гледачоў карысталіся экспазіцыі твораў трох нашых Міхасёў – Казіцкага, Кляшторнага і Багдановіча. А вось юбілейнай, 100-й стала дэбютная выстава вырабаў Вольгі і Вячаслава Мурашовых, што ладзілася ў 2004-м годзе.

Што датычыцца камерцыйнага поспеху, то тут лідарства трымае праведзеная ў 2007-м выстава акварыумных рыб, збор ад якой дазволіў установе пакрыць гадавы план па платных паслугах. Таксама вялікую цікаўнасць выклікалі калекцыі мятлікаў і лунаючых кветак, экспазіцыі “Культура і быт Японіі”, “Даспехі і зброя ВКЛ”.

Развіццё не спыняецца

З 2010 года і па цяперашні час калектывам, які складаецца з 11 чалавек, паспяхова кіруе Наталля Пятроўна Бугай. На сённяшні дзень у асноўных фондах установы больш 15 тысяч музейных прадметаў, у навукова-дапаможных – больш 8 тысяч. У верасні 2019 года ў памяшканні былога дома рамёстваў, перададзеным музею, адкрылася пастаянная этнаграфічная экспазіцыя “Сялянская хата. Ушацкі рэгіён”, якая адлюстроўвае бытавы ўклад жыхароў Ушаччыны канца ХІХ – першай трэці ХХ стагоддзя. У ліпені 2020 года ў аграгарадку Кублічы з’явілася музейная экспазіцыя “Кублічы – яўрэйскае мястэчка. Халакост і шлях да Перамогі”, дапрацоўка якой вядзецца і ў гэты час. Зараз у паўвекавой гісторыі ўстановы таксама няпросты, але важны перыяд – праводзіцца рамонт будынка, удасканальваецца і пашыраецца экспазіцыя – і мы не сумняваемся, што калі музей зноў адчыніць дзверы для наведвальнікаў, яго залы стануць яшчэ больш прывабнымі, уражваючымі і хвалюючымі.

Як цягне галіны да сонца таполя ля музея, так імкнуцца людзі да святла ведаў і думак, а звесткі аб нашай гісторыі і памяць пра гераізм продкаў дапамагаюць нам выбіраць правільны шлях.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *