В электронных торгах и художественной самодеятельности. Юрисконсульт Ушачского филиала облпотребобщества Анна Савченко преуспевает во всём

Образование и молодежь

Прафесія юрыста па душы прыйдзецца не кожнаму. Трэба быць уседлівым, уважлівым, валодаць аналітычнымі навыкамі, ведаць мноства заканадаўчых дакументаў і нюансаў, пастаянна ўдасканальваць свае веды. З гэтым паспяхова спраўляецца юрысконсульт Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства
Ганна Аляксееўна Саўчанка, пры гэтым работу сваю яна зусім не лічыць аднастайнай і сумнай.

Яшчэ ў школьныя гады ўшачанка марыла аб паступленні ў Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў, пагоны і форму. І ўпарта рухалася да ажыццяўлення сваёй мары: падцягвала прадметы, прайшла ўсе неабходныя камісіі, але так атрымалася, што пры паступленні на “Правазнаўства” набрала аднолькавую колькасць балаў з сельскімі выпускнікамі, а ў такіх выпадках перавага аддаецца менавіта ім.

Але Ганна не апусціла рукі і падала дакументы на юрыдычны факультэт Полацкага дзяржуніверсітэта. “На трэцім курсе ў нас было размеркаванне па тэматычных кафедрах і я не вагаючыся абрала крымінальнай справы і крыміналістыкі – не губляла надзеі ажыццявіць задуманае, – расказвае Г.Саўчанка. – Праходзіла вытворчую практыку ў пракуратуры Ушацкага раёна, а пераддыпломную на працягу двух месяцаў – у Следчым камітэце. Унікала ў розныя правазнаўчыя нюансы, выступала ў якасці панятой падчас здарэнняў і нават выязджала разам з супрацоўнікамі на засведчанне смерці. Па заканчэнні ўніверсітэта вельмі хацела працаваць на Ушаччыне, аднак месцаў у праваахоўных органах не было. Не ўдалося знайсці яго і ў суседнім Полацкім раёне. Складанасці з працаўладкаваннем узніклі з-за вялікай колькасці спецыялістаў гэтага профілю, толькі ў наш выпуск 2015 года юрфак заканчвалі 150 чалавек. Праз некаторы час убачыла ў “Патрыёце” аб’яву, што райспажыўтаварыству патрэбны юрысконсульт, прычым, гэтае месца доўгі час было вакантным, напэўна, лёсам наканавана было мне сюды трапіць”.

У калектыве цёпла сустрэлі маладога спецыяліста, дапамагалі, падказвалі, ды і сама Ганна вельмі старалася, імкнулася хутчэй унікнуць у справу, навучыцца новаму. Не саромелася з пытаннямі звяртацца і ў аблспажыўтаварыства, і да вопытных калег з іншых раёнаў. Сярод іх, зрэшты, да нядаўняга часу была самым маладым работнікам.

Абавязкаў жа ў юрысконсульта Ушацкага філіяла нямала. Заключэнне дагавораў, адчужэнне маёмасці, тэхнічная інвентарызацыя, зямельныя акты, вядзенне кадравых дакументамі, адстойванне пры неабходнасці інтарэсаў арганізацыі ў судзе – далёка не ўвесь пералік. Адно ж з самых любімых юрыдычных дзеянняў Ганны – правядзенне таргоў на спецыяльнай электроннай пляцоўцы, а таксама заключэнне дагавораў на пастаўку ўласнай прадукцыі філіяла. Дзіву даешся, як хутка і лёгка яна арыентуецца ў мностве пухлых папак з дакументаў і ўпэўнена адказвае на ўсе пытанні, з якімі да яе ў кабінет заглядваюць члены калектыву. Як вядома, пасля рэарганізацыі райспажыўтаварыства пашырылася не толькі геаграфія абслугоўвання Ушацкага філіяла, а і калектыў, адпаведна прыбавілася і дакументаў. Але, напрыклад, істотнай падмогай Ганне Аляксееўне стала тое, што на Расонскім участку таксама ёсць юрыст, хоць і на няпоўнай занятасці.

Без справы Г.Саўчанка ніколі сядзець не прыходзіцца, а калі трэба штосьці тэрмінова зрабіць, не лічыцца з асабістым часам, працуе і ў вячэрні, і ў выхадны дзень.

– Ведаеце, так “прырасла” да гэтага калектыву, што і не ўяўляю сябе ў іншым месцы. Калі б зараз прапанавалі работу ў горадзе ці ў праваахоўных органах, як калісьці мне хацелася, адмовілася б, – прызнаецца Ганна.

Як ад кіраўніцтва філіяла, так і многіх яго работнікаў давялося пачуць, што Г.Саўчанка граматны спецыяліст і добразычлівы чалавек. А яшчэ яна творчая натура: займалася эстрадным вакалам і фартэпіяна ў дзіцячай школе мастацтваў, вельмі любіць спяваць. А таму зразумела, што ў апошнія гады каманда Ушацкага філіяла не адпраўлялася без яе на галіновыя конкурсы мастацкай самадзейнасці. Не адмаўляецца Ганна дапамагчы калегам і з афармленнем рэкламных і акцыйных плакатаў, і да гэтага таксама падыходзіць творча і з душой. Кожны дзень на работу спяшаецца з задавальненнем, а гэта галоўны паказчык таго, што чалавек на правільным прафесійным шляху.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *