Предприятия Ушач праздничным оформлением создают хорошее настроение

Калейдоскоп

Па традыцыі прадпрыемствы і арганізацыі Ушач у пераднавагоднія дні ствараюць святочны настрой, упрыгожваючы свае адміністрацыйныя будынкі, вытворчыя і прылеглыя тэрыторыі. Сёлетні год не стаў выключэннем, у гэтым мы ўпэўніліся, праехаўшы ўвечары па вуліцах гарпасёлка.

Работнікі УП ЖКГ паклапаціліся пра галоўную ёлку і ілюмінацыю на плошчы і цэнтральных вуліцах. Але “зарадзіцца” добрым настроем можна не толькі ў цэнтры. “Вы бачылі, якая казка ва Ушацкім лясгасе? Такога там яшчэ не было!” Такія рэплікі апошнімі днямі даводзілася чуць не адзін раз ад тых, хто пабачыў навагодняе ўбранне адміністрацыйнага будынка і тэрыторыі прадпрыемства. Па перыметры фасад будынка ўпрыгожылі гірлянды срэбранага колеру, а на ўваходзе – залацістага. Апранула ўбранне і вялікая елка, і туі, што растуць побач. Прагульваецца па тэрыторыі цяпер і казачны алень.

Не менш цудоўна выглядае і тэрыторыя Ушацкага раёна газазабеспячэння. Увечары на Калінінскай машыны спецыяльна прытармажваюць, а пешаходы замаруджваюць ход, каб лепш разгледзець створаную газавікамі прыгажосць. Падсвет на елцы, туях, мастках, агеньчыкі ў клумбах… Перадаць гэтымі радкамі навагодні малюнак проста немагчыма, лепш пабачыць на свае вочы! Трэба адзначыць, што тэрыторыя прадпрыемства ў любую пару года выглядае эталонна. Над афармленнем калектыў чараваў не толькі для стварэння настрою, а і для ўдзелу ў адпаведным конкурсе, які праводзіцца паміж структурнымі падраздзяленнямі “Віцебскаблгаза”.

Святочны выгляд набыў будынак пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 г.п.Ушачы, а на прылеглай тэрыторыі зазіхацеў агеньчыкамі адзін з любімых арт-аб’ектаў жыхароў гарпасёлка – каваная карэта, ля якой зроблена ўжо не адна сотня фотаздымкаў.

Не так маштабна, але пра святочны настрой паклапаціліся і многія іншыя арганізацыі раёна. Прыемныя эмоцыі выклікае навагодняе ўбранне “Белаграпрамбанка”, звяртае на сябе ўвагу “агеньчыкавы заапарк” у скверы ля Ушацкай школы.  Як звычайна, вялікую лепту ў святочнае афармленне гарпасёлка ўнёс Ушацкі філіял аблспажыўтаварыства. Практычна ўсе гандлёвыя кропкі звонку зіхацяць гірляндамі, а ўнутры ўжо даўно навагодні інтэр’ер.

Падтрымалі эстафету і жыхары Ушаччыны, упрыгожыўшы гірляндамі і падсветам свае вокны, балконы, падворкі.

Вольга КАМАРКОВА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *