Владельцы магазина ритуальных товаров и услуг «Вечность» Вадим и Дарья Кулага не боятся конкуренции

Экономика и малый бизнес

Маладыя ўшачане Вадзім і Дар’я Кулага даўно задумваліся пра ўласную справу і паўгода таму рашыліся на такі сурё’зны крок, адкрыўшы ў гарпасёлку магазін рытуальных тавараў і паслуг “Вечнасць”. Занятак, прызнаюцца, не самы лёгкі ў маральным плане, але ўсё ж патрэбны ў любы час.

– Калі муж вагаўся і схіляўся да мужчынскай справы кшталту магазіна аўтазапчастак, то я – больш да рытуальных паслуг, каб дапамагаць людзям у цяжкую для іх хвіліну. Тым больш ведаю, што гэта такое – сама рана пахавала бацьку, – расказвае Дар’я, – Жывём і працуем у Наваполацку, а адкрыць уласную справу захацелі менавіта на сваёй радзіме, я вырасла ў Вялікіх Дольцах, а Вадзім з Глыбачкі.

Хоць і аформлена прадпрымальніцтва на галаву сям’і, усімі справамі займаюцца разам. Вельмі дарэчы тут аказалася і бухгалтарская адукацыя Дар’і. Са школьных гадоў яна заўсёды была актыўнай і ініцыятыўнай, вось і зараз маладая мама ў дэкрэтным адпачынку паспявае ўдзяляць час двум маленькім дзеткам і спраўляцца ў магазіне. Не менш працаздольны і Вадзім, які паралельна заняты на Наваполацкай ТЭЦ.

Для старту справы сям’я скарысталася крэдытам, месцам жа дыслакацыі абралі будынак КБА з асобным уваходам з дваровай тэрыторыі. Ці не баяліся ўкладвацца ў справу, калі ва Ушачах ужо ёсць аб’екты такога профілю, а адзін з іх нават па суседстве ў гэтым жа будынку? Маладыя людзі адзначаюць, што цяжкасці іх не пужаюць, а ў людзей павінен быць выбар. Ды і за прайшоўшыя паўгода зразумелі, што рытуальная ніша занята не поўнасцю. Чым заваёўваюць прыхільнасць кліентаў? У першую чаргу невысокімі цэнамі. Закупляючы якасны тавар у адной з віцебскіх фірм, робяць мінімальную нацэнку. Напрыклад, кошт вянкоў тут ад 9 рублёў. Ёсць у магазіне і ўсе неабходныя для пахавальнай цырымоніі тавары. Той, каму давялося звяртацца ў “Вечнасць”, адзначаюць ветлівасць і ўважлівасць яе гаспадароў. “Такая спецыфіка: людзі прыходзяць да нас, калі ў іх здарылася бяда. Таму стараемся дапамагчы і справай, і парадай, падбіраем усё неабходнае. Разумеем, што не заўсёды ў цяжкую хвіліну ёсць патрэбная сума на руках, таму адпускаем тавар з адтэрміноўкай і растэрміноўкай. І працуем кругласутачна – як мае быць у рытуальных паслугах”, – расказваюць Вадзім і Дар’я.

А яшчэ ў “Вечнасці” вам дапамогуць з катафалкам, копкай магіл. Можна заказаць тут і помнікі з граніту (кошт іх ад 460 рублёў) як па каталозе, так і па індывідуальным эскізе, а таксама агароджы, сталы, лаўкі. На будучае сямейная пара задумваецца пра пашырэнне паслуг. І з такім адказным падыходам, упэўнена, усё ў іх атрымаецца.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *