Фельдшер Селищанского ФАПа Дина Карбовская знает всё о здоровье каждого жителя Селища и ещё 11 окрестных деревень

Экономика и малый бизнес

Фельчар Селішчанскага ФАПа Дзіна Леанідаўна Карбоўская пра здароўе кожнага з жыхароў гэтай і яшчэ 11 навакольных вёсак, якія абслугоўвае, ведае літаральна ўсё. І невыпадкова, бо займае такую адказную пасаду без малога 30 гадоў. Ды і людзі прывыклі да свайго “доктара”, давяраюць ёй не толькі здароўе, але і думкі, праблемы.

На фельчарска­акушэрскім пункце ў Селішчы дагэтуль бываць не даводзілася. Таму, адшукаўшы ў канторы мясцовай гаспадаркі адпаведны надпіс на дзвярах і ўвайшоўшы ўнутр, шчыра кажучы, падумала пра нейкі падвох. Прасторнае памяшканне з мяккай канапай, акуратнымі паліцамі для кветак, на якіх буялі самыя розныя расліны, нагадвала хутчэй прыёмную вялікага начальніка.

– Вы да нашай Дзіны Леанідаўны? – прыветна пацікавілася на ўваходзе санітарка ФАПа Таццяна Міхайлаўна Колбік (дарэчы, менавіта яна займаецца вырошчваннем пакаёвых кветак і з’яўляецца стваральнікам тутэйшых “аазісаў”). – Праходзьце, калі ласка, пакуль што на прыёме нікога няма. А такое ў першай палове дня здараецца нячаста.

Дарэчы, магчымасць упэўніцца ў праўдзівасці гэтых слоў хутка з’явілася. Крыху больш чым за паўгадзіны нашай гутаркі з Д.Л.Карбоўскай да яе на прыём прыйшлі двое пацыентаў.

– У фельчара бываю часта, – падзялілася з намі дыспетчар мясцовай гаспадаркі Вольга Мікалаеўна Банкарова. – Дзіна Леанідаўна не горш за любога, нават самага кваліфікаванага ўрача паставіць дыягназ, параіць неабходныя лекі. Ды і чалавек яна асаблівы. Памятаю, як некалькі гадоў таму, не шкадуючы ўласных сіл і часу, яна штодзень прыходзіла праведаць маю дачушку, якая нарадзілася неданошанай і слабай. Як пазней раіла нам адправіць яе ў санаторый, дапамагала аформіць неабходныя дакументы.

Пакуль жанчына расказвала пра сваё жыццё, “падаспеў” яшчэ адзін пацыент.

– Прыходжу сюды не для таго, каб здароўе паправіць, – расказаў нам Віктар Пятровіч Мялешка з вёскі Рыбакі. – Быў непадалёк – вось і вырашыў забегчы на хвілінку, ціск змерыць, лейкапластыр на ўсялякі выпадак купіць. Увогуле ж лічу, што зносіны з добрым чалавекам, якім з’яўляецца Дзіна Леанідаўна, – ужо вялікая справа. А яна яшчэ і спецыяліст выдатны!

Дарэчы, стаць медыкам жыхарка вёскі Анікеўшчына Д.Л.Карбоўская марыла, як кажуць, з дзяцінства. У старэйшых класах – пасля заканчэння Селішчанскай базавай вучылася ў Кубліцкай сярэдняй школе – канчаткова вызначылася з будучай прафесіяй і падала дакументы ў Полацкі медыцынскі каледж. Яшчэ студэнткай выйшла замуж за селішчанскага хлопца, таму, маючы высокі бал і магчымасць уладкавацца ў горадзе, падчас размеркавання ўсё ж папрасілася на малую радзіму.

Працоўны стаж на ФАПе ў Селішчы Дзіна Леанідаўна пачала ў 1988 годзе. На першых парах спраўляцца з ускладзенымі на яе абавязкамі было няпроста. Тады ў зоне абслугоўвання маладога фельчара было амаль 900 чалавек, зараз іх засталося 387. У асноўным гэта пенсіянеры, а дзяцей да 14 гадоў толькі 14.

– Такая статыстыка мяне як фельчара не можа не засмучаць, – кажа Д.Л.Карбоўская. – Памятаю: толькі ў мясцовай школе было больш за 125 вучняў. Да нядаўняга часу быў на нашым ФАПе стаматалагічны кабінет – да доктара прыязджалі пацыенты з усяго раёна.

Нягледзячы на паступовае змяншэнне колькасці насельніцтва работы ў фельчара менш не становіцца. За дзень Дзіна Леанідаўна паспявае прыняць каля дзясятка пацыентаў на ФАПе і на доме наведаць практычна столькі ж. У бліжэйшыя Загуззе, Рыбакі, Баяршчыну, бывае, дабіраецца пешшу. У самыя ж аддаленыя вёскі ўчастка – Лажане, Анікеўшчыну – на ўласным аўтамабілі. На базе Селішчанскага ФАПа працуе аптэчны пункт, таму ў абавязкі фельчара ўваходзіць яшчэ і продаж лекавых прэпаратаў.

Вольнага часу ў гераіні нашага аповеду нямнога. Тым не менш, паспявае падсобную гаспадарку весці, шыць пасцельную бялізну для сябе і блізкіх. Дарэчы, Дзіна Леанідаўна – яшчэ і мнагадзетная мама. Выхавала дзвюх ужо дарослых дачок, зараз ставіць на ногі малодшага сына­школьніка. Сапраўдным шчасцем для жанчыны стала з’яўленне на свет і дваіх унукаў.

– Нядаўна свае медыцынскія навыкі давялося прымяняць для лячэння маленькай унучкі Паліны, – расказвае Д.Л.Карбоўская. – Прызнаюся: няпростая гэта задача! Даводзілася і на ўгаворы ісці, і хітрасць прымяняць, каб, напрыклад, укол зрабіць.

Да кожнага пацыента патрэбны асаблівы падыход: менавіта так заўсёды імкнулася працаваць Дзіна Леанідаўна. Доказам жа таму, што гэта ў яе атрымліваецца ўдала, з’яўляюцца шматлікія станоўчыя водгукі яе пацыентаў і тая павага, якую жанчына заслужыла ў мясцовых жыхароў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *