Мошенники в сфере банковских услуг. Знают все, но статистика показывает обратное

Профилактика и безопасность

Банкаўскія карткі ўсё часцей становяцца жаданым аб’ектам для аматараў пажывіцца за чужы кошт. Па ўсіх каналах даносяць да нас інфармацыю, як засцерагчы сябе і свае зберажэнні. Здавалася б, ведаем пра гэта ўсё. Але часам ілжэспецыялісты вельмі пераканаўчыя.

Увайшоўшы нядаўна ў кабінет да знаёмых, стала сведкай наступнай сітуацыі: адна гутарыла з кімсьці па тэлефоне, другая напружана ўслухоўвалася. Я вырашыла пачакаць, пакуль тыя вызваляцца. І тут старэйшая ўсклікнула: “Не ўздумай называць нумар карты! У цябе грошы здымуць!”. Малодшая папрасіла ў суразмоўцы прабачэння і паклала трубку. Аказалася, тэлефанавалі на Viber нібыта з банка. Патрабавалі тэрмінова пацвердзіць рэквізіты карткі. Дзяўчына ўжо была гатова здацца – перашкодзіла (а хутчэй – дапамагла) калега. Затым звярнулася ў банк і ўдакладніла, ці адтуль ёй тэлефанавалі. Спецыяліст патлумачыла: такія пытанні не вырашаюцца па тэлефоне. Што характэрна – нумар пачынаўся не з кода Беларусі – (+375).

Яшчэ ў адным выпадку, што адбыўся летась на Ушаччыне, жанчыне тэлефанаваў кантакт, які вызначыўся як “Маніторынг даных … банк”. Ужо пазней – пасля “раскрыцця” інфармацыі па картцы і спісання грошай з рахунку – даверлівая грамадзянка заўважыла, што ў назве банкаўскай установы была прапушчана літара, а нумар пачынаўся з (+371).

Паверыла суразмоўцу (“аватарка” банка гэтаму пасадзейнічала) яшчэ адна ўшачанка, якой гэтак жа патэлефанавалі на Viber і паведамілі, што яе картку ўзламалі. Пакуль жа грошы не спісаны, жанчыне прапанавалі тэрмінова перавесці іх на прапанаваны рахунак, маўляў, для часовага захоўвання. А для гэтага скідвалі на тэлефон адмысловыя праграмы, разабрацца з якімі грамадзянка не змагла. Тады злодзеі прапанавалі бегчы ў бліжэйшы банкамат і праводзіць аперацыю праз яго. Тая так і зрабіла, у выніку пазбавілася каля 600 рублёў. Было б не так балюча, калі гэта не была дапамога па доглядзе за дзіцем.

Раней пра атакі зламыснікаў расказала сваячка. Ёй таксама патэлефанавалі нібыта з банка і папярэдзілі, што з яе рахунку хочуць спісаць грашовыя сродкі. На тым провадзе гутарылі доўга, ветліва і цярпліва. Жанчына ўважліва слухала і нават паверыла! Але праз некалькі хвілін успомніла, што карты ў яе няма – пенсію з мужам атрымліваюць на пошце. Зразумеўшы, што кліент сарваўся з кручка, спецыяліст вымавіла: “Тады ты кракадзіл!”.

Вось толькі кракадзіл – не той, у каго няма банкаўскай карткі, а той, хто ўсімі праўдамі і няпраўдамі спрабуе вывудзіць кроўна заробленае з нашых кашалькоў. І хай лепш у вачах ашуканцаў мы будзем кракадзіламі ці дыназаўрамі, не знаёмымі з новымі тэхналогіямі, затое пры сваіх грошах.

– На што разлічваюць несвядомыя грамадзяне, спрабуючы даведацца даныя вашай карты? Па-першае, на вашу даверлівасць, – кажа старшы аперупаўнаважаны групы крымінальнага вышуку Ушацкага райаддзела міліцыі М.Храпавіцкі. – А таму тэлефануюць у большасці выпадкаў маладыя дзяўчаты з прыемнымі галасамі. Па-другое, ашуканцы робяць упор на тое, што аперацыю трэба спыніць ТЭРМІНОВА, а ў такой сітуацыі не адразу зарыентуешся, тут бы грошы не страціць. Па-трэцяе, як не паверыць, калі тэлефануюць з банка?! Памятайце: там ведаюць вышы даныя і ўдакладняць не будуць.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

Дарэчы

  • На Ушаччыне значна павялічылася колькасць злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій. Толькі за 2020 год іх зарэгістравана 14, усе дагэтуль застаюцца нераскрытымі, паколькі злодзеі знаходзяцца за межамі нашай краіны.
  • Як нагадаў следчы Ушацкага раённага аддзела Следчага камітэта П.Ціханёнак, калі вы знайшлі страчаную кімсьці банкаўскую плацежную картку, ні ў якім разе для пошуку ўладальніка не выкладвайце яе фатаграфію ў інтэрнэт. Інфармацыі, што ўтрымліваецца на картцы, дастаткова для ажыццяўлення аперацый – зламыснікі могуць гэтым скарыстацца.
  • Распаўсюджаны спосаб крадзяжу – фішынг. Тыповы механізм дзеянняў зламыснікаў такі. Спачатку ствараецца падробны сайт, які цалкам капіруе дызайн афіцыйнага. Для праўдападобнасці рэгіструецца даменнае імя, якое адрозніваецца ад арыгінала адным-двума сімваламі (у канцы мінулага года і ў пачатку гэтага зафіксаваны факты стварэння фішынгавых клонаў сайта РУП “Белпошта” – замест belpost.by ўказваўся адрас bellpost.be, belpost.bj, belposta.bz, bellpochta.be). Затым зламыснік, прадставіўшыся пакупніком ці прадаўцом, звязваецца з патэнцыяльнай ахвярай праз мэсэнджэры. Для пералічэння аплаты за тавар ён прапануе скарыстацца паслугамі сайта па скінутай спасылцы. Чалавек пераходзіць па ёй, уводзіць даныя сваёй банкаўскай карты, тым самым адпраўляючы іх злачынцу.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *