Посвящённые Дню женщин мероприятия надолго оставили прекрасной половине Ушаччины хорошее настроение!

Культура

Нашы цудоўныя жанчыны заслугоўваюць толькі самага найлепшага – вось і ўрачыстасці да іх свята заўсёды ладзяцца ўзроўневыя, праграма насычана яркімі нумарамі, а таму яшчэ задоўга да пачатку гледачы спяшаюцца ў раённы цэнтр культуры і народнай творчасці, каб заняць зручнае месца ў зале.

Прынамсі, ёсць і іншая нагода прыйсці загадзя – у фае традыцыйна разгортваюцца адмысловыя выставы: у гэты раз, напрыклад, раённая бібліятэка прапанавала падборку выданняў, прысвечаных знакамітым жанчынам, ТЦСАН і Дом рамёстваў – вырабы майстроў і рукадзельніц, а музей Народнай славы – цудоўную калекцыю кветак з бісеру супрацоўніцы ўстановы Наталлі Генадзьеўны Гардзіёнак. А яшчэ ўсім жанчынам былі ўручаны святочныя паштоўкі ад Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі.

Традыцыйна віншавальныя словы ўшачанкам адрасаваў кіраўнік раёна У.Г.Аўдошка, які падкрэсліў, што жанчыны зараз не толькі спраўляюцца са сваімі спрадвечнымі абавязкамі маці і захавальніц дамашняга ачага, а і рэалізуюць сябе нават у тых сферах, якія раней лічыліся выключна мужчынскімі.

Галоўнымі дзеючымі асобамі на сцэне сталі выхаванцы і педагогі дзіцячай школы мастацтваў. “Яшчэ зусім маленькія, а якія артысткі! Я проста ў захапленні!” – не хавала эмоцый Зінаіда Антонаўна Клубаева ад выступлення самых юных удзельніц праграмы – вакальнага трыа ў складзе Вары Ларчанкі, Алісы Бандарэнкі і Леры Акулёнак. “Песня на французскай мове ў выкананні Надзі Раманоўскай – проста неверагодны ўзровень! – дзялілася ўражаннямі Таццяна Міхайлаўна Малак. – І ўвогуле, як чалавек, што прысвяціў жыццё культурнай сферы, хачу адзначыць працу педагога Алены Анатольеўны Сазонавай: бачна, колькі сіл і часу ўкладзена ў кожны нумар яе выхаванцаў, як дасканала падабраны рэпертуар, касцюмы. А яшчэ ў выступленнях ёсць “дэталькі”, якія іх аздабляюць: заўважылі, як у песні пра вясну Ягор Обух самавіта трымае рукі ў кішэнях – і гэта рысачка падкрэслівае яго жартоўны вобраз”.

Шмат добрых водгукаў давялося пачуць і ад іншых гледачоў, якія вылучалі яркі джазавы нумар дзіцячага хору, кранальныя выступленні выхаванцаў харэаграфічнага аддзялення, віртуознасць выканання інструментальных п’ес. Парадаваў сваіх прыхільнікаў квартэт “Натхненне”, удала дапоўнілі праграму і песні ў выкананні культработнікаў. Гарачыя апладысменты і крыкі “брава” суправаджалі літаральна кожны нумар, а вось як выказала, напэўна, агульнае ўражанне ад імпрэзы Валянціна Карчэўская: “Гэта было феерычна! Вялікі дзякуй усім артыстам за падоранае нам свята!”

Наталля БАГДАНОВІЧ.

* * *

Хор народнага клуба “Ветэран” 7 сакавіка пабываў са святочным канцэртам у Селішчанскім сельскім клубе. Выязджае ён зараз абмежаваным, аднак не менш ударным складам з пяцярых мужчын, у тым ліку акампаніятара-баяніста Віктара Голіка, а таксама васьмі жынчын. Вершы традыцыйна пранікнёна чытала Тамара Паўлаўна Залатухіна, а саліравалі ў гэты раз Тамара Мікалаеўна Кроцік, Лілія Міхайлаўна Мураўская, Валянціна Мікалаеўна Лукашонак. Апошняя, дарэчы, з хваляваннем прыгадала, як часта ў юнацтве наведвала менавіта гэты клуб, дзе праходзілі танцавальныя вечары, як многа збіралася моладзі. Зараз жа на канцэрт прыйшло каля трыццаці чалавек пераважна сярэдняга ўзросту. Для іх, зразумела, гучалі творы выключна пра жанчын, каханне і вясну. Прыехала разам з хорам павіншаваць селішчанак і старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ніна Аляксандраўна Васілеўская. А паколькі перадсвяточным гэты дзень быў не толькі ў гледачоў, а і ў выканаўцаў, гаспадыня культустановы Ганна Канстанцінаўна Мялешка павіншавала ўсіх са святам, падрыхтавала салодкі стол і кожнай удзельніцы хору ўручыла букет кветак. Мэта візіту была дасягнута. Настрой спевакі ўзнялі, і не толькі вяскоўцам. Бачыла, якой узнёслай вярнулася дамоў Вольга Уладзіміраўна Пальвінская – некалькіх гадзін падобных мерапрыемстваў хапае, каб запал бадзёрасці захоўваўся працяглы час.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *