Месячник по обеспечению безопасных условий труда проводится в сельхозорганизациях Ушачского района

Сельское хозяйство

Падчас вясенніх палявых работ заўсёды павялічваецца рызыка ўзнікнення аварыйных сітуацый, атрымання траўм і нават гібелі людзей на вытворчасці. З мэтай прадухілення такіх здарэнняў у сельгасарганізацыях раёна з 29 сакавіка праводзіцца месячнік забеспячэння бяспечных умоў працы.

На мехдвары «Дземенца».

У яго рамках гаспадаркі Ушаччыны наведвае мабільная група па аказанні дапамогі ў захаванні заканадаўства па ахове працы. У яе складзе – прадстаўнікі зацікаўленых службаў, інспекцый, аб’яднання прафсаюзаў, а ўзначальвае яе намеснік старшыні райвыканкама і старшыня раённай камісіі па ахове працы В.Л.Хамёнак. У адзін з такіх аб’ездаў накіраваліся і мы.

Трэба сказаць, што ва ўсіх трох гаспадарках, дзе давялося пабываць, да прыезду групы пэўным чынам рыхтаваліся: інжынеры па ахове працы і спецыялісты, на якіх ускладзены гэтыя абавязкі, прыводзілі ў парадак дакументацыю, работнікі ўхілялі відавочныя недахопы на мехдварах і ў майстэрнях, наводзілі парадак на тэрыторыі. “Варта падкрэсліць, што мэта нашага візіту – не вынесці пакаранні, а падказаць, якія хібы неабходна ўхіліць, каб пасяўная прайшла без эксцэсаў”, – тлумачыць галоўны дзяржінспектар Віцебскага абласнога ўпраўлення дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Фёдар Іосіфавіч Васіленка.

У дыспетчарскай «Агра-Селішча».

Абследаванні ж паказалі, што недахопы ёсць, і іх нямала. Так, на мехдварах “Дземенца”, “Агра-Селішча” і “Вялікадолецкага”, дзе работнікі займаліся рамонтам тэхнікі, Фёдар Іосіфавіч, а таксама галоўныя спецыялісты райсельгасхарча А.А.Баранаў і ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Д.М.Дрозд неаднойчы прыпыняліся, каб выказаць заўвагі. Напрыклад, у Селішчы ў апырсквальніка была зламана лесвіца абслугоўваючай пляцоўкі, што можа прывесці да траўмы механізатара. Трагічнымі наступствамі пагражае няправільнае зазямленне электразварачнага апарата, пэўныя няспраўнасці наждака, стан інструмента. Пры рамонце дземянецкага МТЗ-1221 не ўстанавілі супрацьадкатныя ўпоры, а трактар быў вывешаны на драўляных калодках. У аварыйным стане знаходзілася аглядальная яма, а ў слясарнай майстэрні адсутнічала медыцынская аптэчка – залішне казаць, што праца на, дарэчы, зусім няновых станках звязана з павышанай рызыкай траўматызму і заўвага работнікаў, што пры неабходнасці можна “збегаць за лекамі ў машыну” падтрымкі ў правяраючых, канечне, не знайшла. Нагадалі члены групы і пра некаторыя акалічнасці: напрыклад, што да работ па пратручванні зерня не дазваляецца прыцягваць жанчын.

Ва ўсіх арганізацыях не быў праведзены пазапланавы інструктаж з работнікамі, занятымі на сяўбе. Калі перадрэйсавы медагляд праводзіцца паўсюдна, то наконт арганізацыі перадзменнага і паслярэйсавага (выбарачна) узніклі пытанні. Былі яны і па забеспячэнні работнікаў сродкамі індывідуальнай аховы. Зацверджаныя маршруты руху тэхнікі на палеткі меліся толькі ў “Вялікадолецкім”. Не было ў гаспадарках актаў агляду палёў з ЛЭП на прадмет магчымага правісання правадоў. Прынамсі, неабходнасць апошняга аграрыі добра ўсведамляюць – па словах інжынера па ахове працы “Агра-Селішча” У.Р.Сіцько, летась такі факт выявілі на адным з палёў і для яго ўхілення, як і належыць, былі выкліканы работнікі РЭС. Далёка не ўсё ў парадку аказалася і з вядзеннем дакументацыі па ахове працы – спецыялісты атрымалі на гэты конт падрабязныя кансультацыі.

Выехала мабільная група і ў іншыя гаспадаркі раёна, дзе таксама былі выяўлены пэўныя парушэнні, якія аграрыям трэба ўхіліць да 6 мая і праінфармаваць аб гэтым раённую камісію па ахове працы.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

  • “Усе мы разумеем, што вясной думкі аграрыяў у першую чаргу сканцэнтраваны на паспяховым старце земляробчага цыкла, бо, як кажуць, вясновы дзень год корміць, – разважае В.Л.Хамёнак. – Аднак ні ў якім разе нельга забывацца і пра захаванне вытворчай бяспекі – у любой справе здароўе і жыццё людзей заўсёды з’яўляецца галоўным прыярытэтам”.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *