Ушачане принимали участие в легкоатлетическом забеге «Чтобы помнили…»

Cпорт

Зрабіць святочныя дні актыўнымі ставіў на мэце лёгкаатлетычны забег “Каб памяталі…”, які прайшоў па ўсёй краіне 8 мая. Нягледзячы на халаднаватае, з дажджом надвор’е, каля 26 тысяч беларусаў выйшлі на старты. Актыўны ўдзел у мерапрыемстве прынялі і ўшачане.

У гарпасёлку маршрут быў пракладзены ад фізкультурна-аздараўленчага комплексу “Юнацтва-Ушачы” да сквера па вуліцы Савецкай. У калоне – спартсмены-прафесіяналы, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, школьнікі і проста аматары бегу, прычым, большасць не з імкненнем перамагчы сапернікаў, а хутчэй, проста зрабіць нешта значнае.

– Разам з усёй краінай хочацца не толькі ўшанаваць памяць тых, хто цаной жыцця выратаваў свет ад фашысцкага прыгнёту, выказаць павагу афіцыйным сімвалам дзяржавы, але і актыўна адзначыць яшчэ адну асаблівую дату, – падзялілася з намі ўшачанка Ірына Ціханава. – Сёння 100-гадовы юбілей – у Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Як старшыня яго раённай арганізацыі, проста не магла застацца дома. Заваяваны ж дыплом, хоць і не за “залаты” вынік, стане выдатным напамінам пра гэты дзень.

– А мы сёння поўным саставам, – далучыліся да размовы Ігар і Аляксандра Коршун, якія выйшлі на старт разам з дачкой Ірынай і сынам Цімафеем. – Удзел у забегу – магчымасць зарадзіцца энергіяй, узняць настрой, правесці час разам, сустрэцца з сябрамі. У іх ліку – сям’я Уладзіміра і Іны Ларчанкаў, якія беглі з дачушкамі Варварай і Анастасіяй.

Традыцыйныя пастраенне, інструктаж – і ўшачане рушылі па маршруце. ­Самыя ж маленькія далучыліся да калоны ля цэнтральнай плошчы. Некалькі хвілін – і ўсе 35 удзельнікаў забегу фінішавалі. Пераможцаў узнагародзілі дыпломамі, малышоў – медалямі, а ўсіх удзельнікаў – адмысловымі сертыфікатамі сектара спорту і турызму райвыканкама.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *