Высокие скорости и адреналин: в Ушачах состоялся 1-й этап Кубка Республики Беларусь по ралли-спринту

Cпорт

У мінулую суботу пасля паўтарагадовай паўзы ў Беларусі аднавіўся ралійны сезон – ва Ушачах стартаваў Кубак краіны па ралі-спрынце, а паралельна прайшлі аматарскія гонкі трэцяй катэгорыі. Па хуткасцях і адрэналіне сумавалі ўсе: стартавы ліст радаваў зорнымі прозвішчамі, а гледачы загадзя займалі зручныя месцы.

Спецучасткі “Бычкі” і “Замошша”, дзе тэхнічныя адрэзкі чаргуюцца з хуткаснымі, выдатна падыходзяць для такіх спаборніцтваў, і вопытныя ралійшчыкі добра ведаюць і любяць ушацкія трасы. Неўпершыню тут і самы знакаміты айчынны пілот, віцэ-чэмпіён “Дакара” Сяргей Вязовіч. “Перад стартам быў мандраж: даўно не ганяў на легкавых… Але вельмі хутка ўсё ўспомнілася – і гонка склалася лёгка!” – казаў ён нам пасля фінішу. Не хаваў станоўчых эмоцый і яшчэ адзін удзельнік сусветных аўтамарафонаў Андрэй Галабародзька: “Цудоўна, што правялі спаборніцтвы! У класічным ралі ёсць свой асаблівы кайф”.

Менавіта экіпажы гэтых пілотаў, якім дапамагалі штурманы Дзмітрый Ахрэмчык і Таццяна Мілова, прадказальна ўзялі адпаведна “золата” і “срэбра” як у магутным класе Б12, так і ў агульным заліку. Вельмі стараліся скласці ім канкурэнцыю Кірыл і Вольга Ермаковічы.

Для гэтага давялося рызыкаваць: ад праезду імі крутога віражу ля Кубліч у гледачоў проста заняла дух: у адно імгненне правы бок машыны завіс над кюветам і вопытнаму пілоту нейкім дзівам удалося застацца на трасе. “Сёння шмат касячылі”, – з іроніяй каментавала Вольга, ацэньваючы “бронзу” ў класе Б12 і агульнае чацвёртае месца. Зрэшты, як сказаў нам арганізатар спаборніцтваў неаднаразовы чэмпіён Беларусі па ралі Сяргей Алегавіч Аўчыннікаў, у гоншчыкаў прынята віншаваць адзін аднаго не з медалямі, а з фінішам – даязджаюць да яго далёка не ўсе.

Кублічане назіраюць за гонкай.

У заліку Б11 першынствавалі Андрэй Цыганкоў і Андрэй Рудніцкі, добра правялі гонку Іван Рускіх і Яўген Кандраценя – да “золата” класа Б10 яны дадалі “бронзу” агульнага заліку. Асобна ў гонцы “Рэйд” спаборнічалі пазадарожнікі – тут лепшы час паказалі Алег Нікалаеў і Аляксандр Гусар. Шмат экіпажаў выйшлі на старт аматарскага ралі, у якім выкарыстоўваюцца стандартныя аўтамабілі без каркасаў бяспекі, а едуць яны не на хуткасць, а на дакладнасць: найбольш удала ў заданыя нормы часу ўклаўся сямейны экіпаж Мікіты і Юліі Дзягілевічаў.

Пераможцы ў класе Б12.

Як звычайна, добрыя словы арганізатары адрасавалі мясцовым уладам, службам і валанцёрам, якія адказвалі за бяспеку на трасах. “На ралі ўпершыню – вельмі цікава. Хоць хуткую язду, а тым больш з сірэнамі, у сілу сваёй прафесіі не вельмі люблю, бо яна сведчыць пра цяжкі стан пацыента”, – з гумарам адзначаў дзяжурыўшы на трасе вадзіцель «хуткай дапамогі» Ігар Елісееў. На шчасце, работы ў медыкаў і выратавальнікаў у гэты раз не было. Хоць без тэхнічных сходаў з трасы не абышлося: рэдакцыйнай “Ніве Шэўрале” нават давялося дапамагчы аднаму з экіпажаў – адбуксіраваць іх аўто з Рагуцкіх у райцэнтр.

Ну а ўзнагароджанне пераможцаў, якое праходзіла ля спарткомплексу “Юнацтва-Ушачы”, ператварылася ў сапраўднае шоу. Гоншчыкі ахвотна раздавалі аўтографы і фатаграфаваліся з усімі жадаючымі на фоне МАЗа, колы якога нядаўна штурмавалі дакараўскія пяскі. Шмат было прызоў і падарункаў – так, напрыклад, самаму хуткаму экіпажу С.Вязовіча пра гэты этап будзе нагадваць прыгожая карціна з пейзажам ушацкага фотамастака Сяргея Бязрукава, якую ўручыў начальнік сектара спорту і турызму райвыканкама Сяргей Іванавіч Ціханёнак. Няспынна сыпаў жартамі і забаўляў прысутных вядучы – беларускі акцёр Андрэй Перапечка.

Ю.Жарнасек.

Гледачоў жа ля комплексу сабралася шмат: цэлымі сем’ямі прыйшлі на свята не толькі ўшачане. Многія гоншчыкі прывезлі з сабой дзяцей, якія, дарэчы, паспяхова адстойвалі сямейны гонар у кібер-спаборніцтвах на сімулятары і таксама атрымалі прызы: на п’едэстал узняліся сыны ўдзельнікаў ралі Кірыл Вязовіч і Леў Новікаў, а кампанію ім склаў 11-класнік Ільюшынскай СШ Юрый Жарнасек. “Гэты дзень насычаны адметнымі падзеямі: на спаборніцтвы прыехаў адразу пасля апошняга школьнага званка”, – дзяліўся ўражаннямі юнак. Віртуальнымі аўтагонкамі ён цікавіцца з дзяцінства і, канечне, марыць калі-небудзь вывесці на трасу сапраўдны аўтамабіль. Прынамсі, ажыццявіць гэта цалкам рэальна: вось і мінчане Наталля і Аляксей, якія спецыяльна прыехалі са сталіцы і разам з намі аблюбавалі “назіральны пост” на апошнім фінішным адрэзку трасы, прызналіся, што ў наступны раз хочуць паспрабаваць сябе ў аматарскай гонцы.

Ну а ў чым увогуле няма ніякіх сумненняў – дык гэта ў паспяховасці стартавага этапу сезона, які абавязкова падорыць аматарам аўтамабільнага экстрыму масу эмоцый.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *