Медицинские работники Ушаччины принимали тёплые поздравления с профессиональным праздником

Общество

Словы падзякі не перастаюць гучаць у адрас тых, хто штодня ратуе чалавечыя жыцці. У нядзелю Беларусь адзначыла Дзень медыцынскіх работнікаў. Апошнія два гады свята стала асаблівым: менавіта прадстаўнікі сістэмы аховы здароўя прынялі на сябе галоўны ўдар пандэміі каранавіруса. Да знакавай даты па ўсёй краіне наладжаны адмысловыя ўрачыстасці – вельмі яркай, насычанай атрымалася яна ў мінулую пятніцу і на Ушаччыне.

З падарункамі ад грамадскіх арганізацый.

Прымаць віншаванні медыкі пачалі з самага ранку. З прыемнай місіяй у госці да іх завіталі старшыні раённых арганізацый Беларускага саюза жанчын і Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Алена Васільеўна Пашковіч і Ірына Анатольеўна Ціханава. Падчас урачыстага сходу пярвічкі БСЖ, нядаўна створанай у райбальніцы, у адрас усіх яе членаў прагучала нямала цёплых слоў удзячнасці і пажаданняў, галоўнае з якіх, канечне, – заставацца здаровымі. Парадавалі прадстаўніц прыгожай паловы і памятныя падарункі ў стылі “хэнд-мэйд” з сімволікай Беларускага саюза жанчын.

Нямала прыемных сюрпрызаў чакала работнікаў ЦРБ і на дзённай імпрэзе ў цэнтры культуры і народнай творчасці. З віншавальным словам выступіў старшыня раённага выканаўчага камітэта У.Г.Аўдошка. Ён падзякаваў дактарам, медыцынскім сёстрам, санітаркам, іншым прадстаўнікам галіны за тую бясцэнную работу, якую тыя выконваюць, дорачы нам здароўе, сілы, жыццёвую энергію. Выканаў Уладзімір Генадзьевіч і пачэсную місію: шэрагу спецыялістаў уручыў узнагароды раённага і абласнога ўзроўню. Так, Ганаровымі граматамі Галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама адзначаны медыцынская сястра дзіцячай кансультацыі Анастасія Мікалаеўна Мамонава, памочнік урача па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе Глыбачэнскай бальніцы сястрынскага догляду Галіна Фёдараўна Касатая, медыцынская сястра Дубраўскай БСД Зоя Васільеўна Карпёнак.

Пра поспехі сучаснай медыцыны, годную працу калег казала ў сваім выступленні галоўны ўрач Ушацкай райбальніцы А.А.Міранкова.

– Мяне як кіраўніка не можа не радаваць, што работа нашых спецыялістаў не застаецца незаўважанай, неацэненай, – падкрэсліла Анжаліка Анатольеўна. – Так, за апошнія некалькі гадоў прозвішчы ажно 12 заносіліся на раённую Дошку гонару, аднаму аб’яўлена Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, чатыром – Падзяка старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Была ў нас таксама адна Падзяка Міністра аховы здароўя і адзін медаль “За працоўныя заслугі”. З гонарам зазначу, што ўпершыню ў гісторыі Ушацкай райбальніцы сёлета нагрудным знакам “Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь” адзначана ўрач-фізіятэрапеўт В.А.Шэўчанка – гэтая ўзнагарода будзе ўручана Вользе Аляксееўне пазней.

У.Аўдошка віншуе В.Бурак.

Сярод станоўчага назвала А.А.Міранкова наяўнасць у калектыве ЦРБ дынастый, а гэта сем’і Любові Фёдараўны Аўдошка, Веры Васільеўны Башун, Таццяны Васільеўны Лукашэвіч.

Нямала робіцца і на шляху мадэрнізацыі. Так, напрыклад, нядаўна набыты два спецыяльныя аўтамабілі хуткай дапамогі класа В, апарат ультрагукавой дыягностыкі прэміяльнага класа, стаматалагічная ўстаноўка. Своеасаблівым падарункам да прафесійнага свята стаў і закуплены днямі ўніверсальны апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх. У планах на бліжэйшую перспектыву – мадэрнізацыя будынка райбальніцы з капітальным рамонтам кабінетаў, добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі.

Карыстаючыся выпадкам, Анжаліка Анатольеўна падзякавала нашаму дэпутату Уладзіміру Паўлавічу Андрэйчанку, кіраўніцтву раёна за ўвагу да галіны, фінансавую падтрымку; многім службам Ушаччыны – за плённае супрацоўніцтва. Цёплыя словы адрасавала і ўсім калегам, уручыла ўзнагароды. Так, Ганаровымі граматамі райбальніцы адзначаны лабарант клініка-дыягнастычнай лабараторыі Зінаіда Казіміраўна Жаваранак, урач-дэрматавенеролаг Яна Уладзіміраўна Пышкіна, урач-псіхіятр-нарколаг Паліна Генадзьеўна Пугач, фельчар выязной брыгады аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Віталь Ягоравіч Булаўка, медыцынская сястра па масажы фізіятэрапеўтычнага аддзялення Ірына Васільеўна Маковіч; Падзяка ЦРБ аб’яўлена ўрачу-атарыналарынголагу Міхаілу Аляксандравічу Бураку, малодшай медсястры па доглядзе за хворымі інфекцыйнага аддзялення Кацярыне Васільеўне Раманоўскай, санітаркам педыятрычнага і прыёмнага аддзяленняў, хірургічнага кабінета, райбальніцы Ірыне Казіміраўне Смаргун, Ірыне Васільеўне Лёля, Алене Аляксандраўне Чобат і Таццяне Іванаўне Радыгінай, медыцынскаму дэзінфектару Ірыне Васільеўне Біруковай.

Ж.Рыбчынская, К.Цімафееў, Д.Праннік.

Не змог утрымацца на месцы і не павіншаваць са сцэны калег урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг з 45-гадовым стажам К.М.Цімафееў. Самае дарагое ў рабоце медыка, лічыць ён, – магчымасць бачыць, як твае веды, уменні дораць чалавеку жыццё.

На сённяшні дзень у сістэме аховы здароўя раёна працуе 367 чалавек, з іх 36 – урачы, 1 – правізар,141 – прадстаўнікі сярэдняга медперсаналу, 111 – малодшага, 78 – іншага, пры гэтым катэгарыйнасць медработнікаў складае ажно 85 працэнтаў.

– Разам з многімі з вас давялося працаваць не ў самы просты перыяд: пры пераходзе адной дзяржавы ў другую, – адзначыў Канстанцін Мікалаевіч. – Аднак любыя выпрабаванні з такім цудоўным дружным калектывам (дарэчы, многія яго прадстаўнікі дагэтуль у страі), у якім панавалі дабрыня, узаемаразуменне, выручка, былі пад сілу.

Цёплыя віншаванні ў адрас тых, хто многія гады жыцця прысвяціў сістэме аховы здароўя і выйшаў на заслужаны адпачынак, адрасавала таксама старшыня ветэранскай арганізацыі райбальніцы Людміла Міхайлаўна Шарыпенка. Кветкі, памятныя падарункі для іх падрыхтавала і сённяшняя змена ўшацкіх медыкаў.

П.Пугач, Я.Пышкіна, А.Міранкова, З.Жаваранак, В.Булаўка, І.Маковіч.

Усіх тых, хто прайшоў такую гуманную “школу жыцця” і робіць гэта зараз, віталі дырэктар санаторыя “Лясныя азёры” Віктар Мікалаевіч Грынкевіч і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Марыя Аляксееўна Шаўчэнка. Дарэчы, на ўрачыстасць яны прыйшлі не з пустымі рукамі – падарункі ўручаны бальніцы і яе прафсаюзнаму лідару Марыне Генадзьеўне Харэвіч. Яшчэ больш віншаванняў гучала ў гэты дзень з экрана – свае відэа для медыкаў запісалі прадстаўнікі многіх службаў і арганізацый раёна. Парадавалі галоўных віноўнікаў урачыстасці і самыя маленькія ўшачане, сыны і дачушкі медыкаў – праз гумарыстычныя вершы яны з веданнем справы расказалі пра работу самых блізкіх ім людзей.

Нямала ў гэты дзень было і вакальных віншаванняў – ад культработнікаў Ушаччыны, сястры-гаспадыні паліклінікі Людмілы Генадзьеўны Якубёнак, а таксама саліста легендарных “Песняроў” Валерыя Скаражонка. Шкада толькі, што пачуць іх змаглі не ўсе медыкі – многія ў гэты перадсвяточны дзень знаходзіліся на службе, аказваючы дапамогу тым, каму яна патрэбна.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *