Витебская область начинает туристический проект «Васильковый край»

Калейдоскоп

Віцебская вобласць пачала рэалізацыю пілотнага праекта “Васільковы край”. Яго мэта – рэкламаванне турыстычных магчымасцей паўночнага рэгіёну краіны праз інтэрнэт, развіццё зручнай інфраструктуры для падарожжаў. Падрабязней пра гэта мы папрасілі расказаць намесніка дырэктара фізкультурна-спартыўнага клуба Таццяну Мікалаеўну Клімашэўскую.

– У праекце задзейнічаны Віцебск, Браслаўскі, Верхнядзвінскі, Глыбоцкі, Докшыцкі, Лепельскі, Міёрскі, Аршанскі, Полацкі, Пастаўскі, Расонскі і Ушацкі раёны. Арганізатары запускаюць спецыяльны мабільны дадатак “Васільковы край-Life” з нанясеннем ключавых тураб’ектаў праекта, на анлайн-карту. Распрацоўка культурна-пазнавальных, краязнаўчых, экалагічных і іншых турыстычных маршрутаў праводзіцца з улікам спецыфікі рэгіёну. Кожны раён прэзентуе свае асаблівасці і найбольш знакавыя месцы. Напрыклад, усе ведаюць, што у Міёрскім раёне ёсць прыгожы заказнік “Ельня”, Полацк багаты музеямі, ну а наша Ушаччына – радзіма сусветнавядомых літаратараў, а яшчэ тут грымеў легендарны прарыў. Зрэшты, распрацоўваючы сваю карту, рабілі стаўку менавіта на літаратурную і ваенна-гістарычную накіраванасць. Ключавымі аб’ектамі сталі мемарыяльны комплекс «Прарыў», музей народнай славы імя У.Е.Лабанка, сядзіба-музей Васіля Быкава ў Бычках, сядзібны дом Грабніцкіх у Арэхаўне, касцёл святой Веранікі ў Селішчы.

Для таго каб госці раёна маглі даведацца пра турыстычныя аб’екты, на ўстановах культуры, гандлю і іншых будуць у хуткім часе размешчаны QR-коды – “Васільковы гід”. Навёўшы на іх тэлефон, дадатак выдасць інфармацыю, што варта наведаць у раёне. Адметна, што інфармацыя з’явіцца, нават калі ў гэты момант смартфон не падключаны да інтэрнэту. Цікава, што ў некаторых новых мадэлях гаджэтаў ужо ёсць такі дадатак, калі ж няма, то яго лёгка ўстанавіць.

Дадатак аб’яднае ў сабе навігацыю па гарадах і райцэнтрах вобласці, уключаючы аўдыягіда, маршруты па славутасцях.

У рамках рэалізацыі праекта на ўездах у раён, а таксама цэнтры гарпасёлка будуць размешчаны карты з пазначанымі на ёй турыстычнымі аб’ектамі. Таксама плануецца ўстаноўка слупоў навігацыі з напрамкамі руху да славутасцяў з нанесенымі QR-кодамі.

На Ушаччыне ўжо прайшло першае пасяджэнне рабочай групы па распрацоўцы і рэалізацыі праекта, вызначэнні канкрэтных мерапрыемстваў на 2021-2023 гады.

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *